Сакрэты школьнага жыцця

Выхаванка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Званочак” Гомеля Маша Воінава хаця яшчэ і дашкольніца, але да свайго шасцігадовага ўзросту ставіцца сур’ёзна, бо разумее, што вельмі хутка стане першакласніцай, а гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Маша не стала чакаць, калі надыдзе час рыхтавацца да школы, і пачала асабістыя даследаванні. Чаму навучальны год пачынаецца з 1 верасня, адкуль з’явілася школьная форма і як правільна выбраць школьны ранец, што такое школьны маршрут, ці ёсць правілы паводзін у школе, як вучацца дзеці ў іншых краінах, наогул, чаму школу называюць школай — вось такія пытанні цікавілі нашу дапытлівую дзяўчынку.
Калі Маша падзялілася думкамі са сваёй выхавальніцай Жаннай Мікалаеўнай Занкевіч, тая адразу падхапіла ідэю пачынаючага даследчыка. Так нарадзілася выдатная думка прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ “Я — даследчык”.Няхітрая задума захапіла і была вельмі карыснай як для самой юнай удзельніцы, так і для вопытнага педагога. Марыя Воінава стала пераможцай гарадскога этапу конкурсу ў намінацыі “Бюро знаходак”. Тэма даследчай работы нашай выхаванкі гучыць як “Сакрэты школьнага жыцця”, а мэтай даследавання ставіцца атрымаць як мага больш даведак аб школе і школьным жыцці, аб якасцях, неабходных школьніку. Разам са сваім педагогам Маша склала план даследавання, вызначыла мэты, вылучыла гіпотэзы, абмеркавала метады даследавання. Гэта работа з дапамогай дарослага з рознымі крыніцамі інфармацыі: кнігі, энцыклапедыі, інтэрнэт, назіранні, эксперымент.
На працягу ўсёй даследчай работы актыўнымі памочнікамі былі, вядома, бацькі. Мама і тата расказалі аб сваім дзяцінстве, першай настаўніцы і школьных сябрах, паказвалі фатаграфіі, дзяліліся ўражаннямі. А яшчэ не засталіся ўбаку педагогі сярэдняй школы № 59 Гомеля. Сустрэча з будучай настаўніцай, педагогам-псіхолагам, пазнавальныя экскурсіі, шмат інфармацыі — цудоўная нагода для новых адкрыццяў.
Усе цікавыя звесткі і вынікі даследавання Маша збірала ў папку: гэта дапамагло нічога не выпусціць, дзейнічаць па плане, быць арганізаванай, што вельмі спатрэбіцца ў школе. Даследчая дзейнасць у гэтым кірунку аказалася цікавай і шматграннай. Наша канкурсантка пабывала ў ролі карэспандэнта і брала інтэрв’ю ў дзяцей старшай групы на тэму “Якім павінен быць школьны ранец?”. Яна зрабіла адпаведныя высновы, уключаючы аспекты здароўезберажэння, выгады і эстэтыкі. З дапамогай пазнавальна-практычнай дзейнасці, доследаў і эксперыментаў высветлілі, які самы лепшы маршрут ад дома да школы, не забываючы аб правілах дарожнага руху, культуры паводзін і эканоміі асабістага часу. А яшчэ было шмат доследаў і эксперыментаў, звязаных з выбарам школьнай формы, асноўнымі крытэрыямі ацэнкі якой сталі абавязковая адпаведнасць дрэс-коду, гігіенічныя патрабаванні да матэрыялу, прыгажосць і практычнасць.
Тэма даследчай работы мае актуальнасць у рамках рэалізацыі пытанняў пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасных умовах развіцця. А магчымасць прадставіць работу ад асобы дзіцяці — гэта крок наперад для раскрыцця патэнцыялу таленавітага прадстаўніка падрастаючага пакалення, якое здольна думаць нестандартна і крэатыўна.

Таццяна КОНДЫЛЕВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Званочак” Гомеля.