Сакрэт спартыўных перамог

Стан фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны, а таксама вынікі арганізацыі летняга аздараўлення і працоўнай занятасці дзяцей і падлеткаў былі абмеркаваны на выязной калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў Оршы.

Удзельнікі калегіі наведалі гімназію № 2 і сярэднюю школу № 17, Цэнтральны гарадскі стадыён, Аршанскі дзяржаўны прафесійны ліцэй лёгкай прамысловасці і будучую жамчужыну беларускай Поўначы — адзін з лепшых у рэспубліцы лядовых палацаў, які хутка расчыніць дзверы для аматараў спорту і здаровага ладу жыцця.
— Месца правядзення пасяджэння выбрана невыпадкова: у раёне вельмі многае робіцца па развіцці фізічнай культуры і спорту ва ўстановах адукацыі, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Трэба адзначыць, што па ўсёй вобласці з кожным годам удасканальваецца іх вучэбна-матэрыяльная база. У тым ліку не толькі за кошт дзяржаўнай падтрымкі: яе роля, безумоўна, застаецца прыярытэтнай, але навучальныя ўстановы самі зарабляюць значныя сродкі, многа аказваецца і спонсарскай дапамогі. Узорам тут можа паслужыць прыклад Оршы.

Да здароўя — на старт!

На сёння заняткі спартыўнай накіраванасці рэгулярна наведвае больш за трэць юных аршанцаў. Для іх арганізавана 86 спартыўных секцый і 94 гурткі, 59 груп агульнай фізічнай падрыхтоўкі, прычым на працягу навучальнага тыдня, шостага школьнага дня, канікул ва ўстановах адукацыі працуюць спартыўныя аб’яднанні, наладжваюцца спаборніцтвы і конкурсы, якімі ахоплена да 80% школьнікаў. Спартзалы шэрагу школ дзейнічаюць і ў нядзелю.
У вырашэнні праблемы захавання і ўмацавання здароўя навучэнцаў сродкамі фізкультуры і спорту, прафілактыкі шкодных звычак, злачынстваў і правапарушэнняў, безнагляднасці, іншых асацыяльных праяўленняў у дзіцячым і падлеткавым асяроддзі асаблівае значэнне маюць умовы, створаныя для фізічнага выхавання, інакш кажучы, якасць рэсурсаў — чалавечых і матэрыяльных. Як паведаміў начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, у раёне працуе 95 настаўнікаў фізвыхавання, і ўсе яны маюць профільную адукацыю, прычым пераважная большасць — вышэйшую. Можна канстатаваць адносную стабільнасць кадравага складу — 76% настаўнікаў працуюць па спецыяльнасці ад пяці гадоў і больш. Вялікая ўвага надаецца мерапрыемствам, накіраваным на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. У цэлым яна адпавядае дзяржаўным сацыяльным стандартам, але няма мяжы для ўдасканалення: так, да 1 верасня толькі на падрыхтоўку фізкультурна-спартыўных збудаванняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выдзелена і асвоена 1 мільярд 412 мільёнаў рублёў. У прыватнасці, да пачатку навучальнага года ў раёне былі ўведзены ў эксплуатацыю сем плоскасных спартыўных збудаванняў, дзве спартыўныя залы, працягваецца рамонт яшчэ адной у сярэдняй школе № 23 Оршы.

Ініцыятыва вітаецца

— Выкананы работы па 100-працэнтным рамонце спартыўных зал Бабініцкай сярэдняй школы і Пішчалаўскай дзіцячага сада — сярэдняй школы. Абедзве ўстановы адрамантавалі практычна аднолькавыя памяшканні, але Бабінічы за кошт бю-джэту, а Пішчалава — за спонсарскія сродкі, — расказаў Андрэй Загурскі. — Як бачна, вельмі многае залежыць ад ініцыятывы дырэктара, кіраўніка. З мэтай актывізацыі работы ў гэтым напрамку мы правялі конкурс на лепшую спартыўную залу і плоскаснае збудаванне, гэтае спаборніцтва ў значнай ступені стымулявала пошук магчымасцей для рамонту і аднаўлення спартыўных аб’ектаў ва ўстановах адукацыі. Нельга не адзначыць станоўчы прыклад сярэдніх школ №№ 2, 4, 7, 8, 13, 14, 17 па падрыхтоўцы плоскасных збудаванняў сіламі педагагічных і вучнёўскіх калектываў.
Цікавыя напрацоўкі мае Орша па арганізацыі ўліку і кантролю забяспечанасці фізкультурна-спартыўным абсталяваннем. Спецыяльна створаная ў ECXEL камп’ютарная праграма аўтаматычна фарміруе адпаведныя паказчыкі: працэнт забяспечанасці і што неабходна набыць у разрэзе кожнай школы і ў цэлым па раёне. Што да апошняга, то яна складае 69% ад неабходнага, але ёсць установы адукацыі, дзе забяспечанасць дасягае 80%. Дарэчы, спартыўнага абсталявання на бюджэтныя асігнаванні аршанцы набылі на суму 153 мільёны рублёў, а за кошт пазабюджэту і на спонсарскія сродкі — на 36 мільёнаў.

Трэба яшчэ лепш

Гонар школ і гімназій Аршаншчыны — Алімпійскія клубы — іх восем, што болей, чым у астатніх раёнах Віцебшчыны. Прадстаўніцтвам НАК у Віцебскай вобласці сярод лепшых адзначаны нядаўна створаны клуб гімназіі № 2 Оршы. Школы актыўна ўдзельнічаюць у абласных конкурсах НАК. Летам ва ўсіх аздараўленчых лагерах на тэрыторыі раёна праходзіць Алімпійскі тыдзень, ва ўсіх установах праводзяцца спаборніцтвы круглагадовай спартакіяды. Як вынік, у ХХV Абласной спартакіядзе зборныя Оршы і Аршанскага раёна занялі 2 месца. Годны вынік — і, разам з тым, нагода рухацца да першай ступені п’едэстала. Патэнцыял ёсць.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.