Сакавіты смак новых ідэй

2—4 лістапада, падчас восеньскіх канікул, у гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лідар”, што пад Мінскам, прайшоў V Адкрыты мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў.

І хаця заснавальнікамі мерапрыемства з’яўляюцца сталічныя арганізацыі — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі пры садзейнічанні прафесійных педагагічных суполак, а арганізатарам фестывалю выступае Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, форум адкрыты для ўсіх маладых педагогаў нашай краіны і блізкага замежжа. Напрыклад, сёлета ў “Лідар” з’ехаліся 115 аднадумцаў — гэта не толькі мінскія педагогі, але і настаўнікі з Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, а таксама каманда маладых спецыялістаў з Волагды (Расія).Патрабаванняў да мінімальнага прафесійнага стажу ўдзельнікаў мерапрыемства не было: пры жаданні на фестывальную пляцоўку маглі трапіць і зусім юныя педагогі, якія толькі-толькі пачалі працаваць. Аднак верхняя планка прафесійнай дзейнасці павінна складаць тры гады работы.

Адметна, што пяты, юбілейны, фестываль прайшоў у новым фармаце. Калі ў мінулыя гады ўдзельнікі дзяліліся на каманды па тэрытарыяльнай прымеце, то сёлета, у сувязі з тым, што 2016 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам культуры, фестывальная моладзь разбілася на шэсць культурных “кварталаў”. Кожны з іх прадстаўляў свой жанр: танец, кіно, скульптуру, песню, тэатральную пастаноўку, малюнак. Падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства ўдзельнікі прапанавалі гасцям свае імправізаваныя паказы. Улічваючы тое, што ў кожным “квартале” падабраліся прадстаўнікі розных гарадоў і нават краін, папярэдне з моладдзю працавалі педагогі-псіхолагі, якія дапамаглі ўдзельнікам фестывалю лягчэй пазнаёміцца, сабрацца ў прафесійныя суполкі, пераадолець бар’ер сціпласці і няўпэўненасці.Зносіны паміж маладымі педагогамі, магчымасць пераключыцца з узроўню “педагог — вучань” на ўзровень “педагог — педагог” — гэта выдатны спосаб абмену вопытам і ідэямі, хвалюючымі пытаннямі і іх рашэннямі, сумненнямі і праблемамі. Абмену вопытам паспрыялі і майстар-класы найлепшых беларускіх і расійскіх педагогаў, дзе можна было абмеркаваць актуальныя пытанні адукацыі. Трохдзённая праграма сёлетняга фестывалю была больш чым насычанай. За тры дні прайшло 28 майстар-класаў для маладых настаўнікаў, трэнінгі, прэзентацыі, дыскусіі, квесты, а таксама творчыя пляцоўкі педагогаў дадатковай адукацыі, метадычныя мерапрыемствы “Рэклама метадычнага прыёму” і “Зваротны адлік”. Самым запамінальным і для ўдзельнікаў, і для арганізатараў стаў майстар-клас педагогаў дадатковай адукацыі па рабоце з глінай. Каманды зрабілі скарбонкі-яблыкі, якія назвалі скарбонкамі свайго прафесійнага майстэрства. А самым вясёлым мерапрыемствам аказаўся вячэрні квест на свежым паветры, які падрыхтавалі для маладых настаўнікаў іх куратары — педагогі-арганізатары.

Кожнай камандзе былі ўручаны сертыфікаты, а таксама сімвал фестывалю — яблык на кнізе. Яркія фестывальныя падзеі дапамаглі маладым удзельнікам не толькі наладзіць кантакты і сяброўства, але і ў ненадакучлівай форме пераняць вопыт старэйшых калег. Пяты раз таленавітыя маладыя педагогі даказалі, што молада — гэта не заўсёды зелена, але сакавіта і яскрава.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.