Развіваем звязнае маўленне дашкольнікаў з дапамогай ТРВЗ-тэхналогіі

У сучасным грамадстве праблема маўленчага развіцця дзяцей стала надзвычай актуальнай, бо ў час інфармацыйных тэхналогій жывыя чалавечыя зносіны замяняюцца камп’ютарам і тэлевізарам. Недахоп зносін бацькоў з уласнымі дзецьмі, ігнараванне дарослымі іх маўленчых цяжкасцей павялічваюць колькасць дашкольнікаў з недахопамі маўлення. Даволі часта выхаванцы дзіцячага садка не могуць пабудаваць маналог. У дзяцей назіраецца недастатковы слоўнікавы запас, адсутнічае вопыт апісання аб’ектаў і падзей, не сфарміраваны навыкі творчага аповеду. Існаванне праблем у маўленчым развіцці дзяцей пацвярджае вопыт маёй педагагічнай дзейнасці ў якасці выхавальніка спецыяльнай групы для дзяцей з агульнымі парушэннямі маўлення.

Асноўным напрамкам маёй работы ў групе з’яўляецца развіццё звязнага маўлення, маўленчых зносін і творчага мыслення выхаванцаў. Працуючы з дзецьмі масавых груп, гэтыя задачы паспяхова вырашала з дапамогай элементаў ТРВЗ-тэхналогіі, па выкарыстанні метадаў і прыёмаў якой існуе шмат распрацовак і рэкамендацый. На гэтай тэхналогіі спыніла свой выбар і цяпер. Але сутыкнулася з тым, што ў дашкольнай педагагічнай практыцы недастаткова раскрыты спосабы ўкаранення ТРВЗ-тэхналогіі ў работу з дзецьмі з агульнымі парушэннямі маўлення. Таму вырашыла стварыць уласную мадэль развіцця звязнага маўлення ў дзяцей з АПМ, узяўшы за аснову распрацоўкі беларускіх аўтараў Г.В.Корзун і Т.А.Сідарчук.
Выхаванцы адчуваюць найбольшыя цяжкасці ў складанні апісальных аповедаў і тэкстаў казачнага зместу. А гэтыя навыкі надзвычай важныя для маўленчай і пісьмовай дзейнасці ў школе. Каб дзеці паспяхова спраўляліся з творчымі заданнямі і сачыненнямі, правільна будавалі выказванні на ўроках, неабходна яшчэ ў дашкольным узросце навучыць іх рабіць апісанні аб’ектаў і падзей, складаць казкі, лагічна мысліць і фантазіраваць.
Кожны дзень пачынаецца з маўленчай зарадкі, падчас якой у дзяцей фарміруецца здольнасць разумець значэнне апісальнага слова і ўзбагачаецца іх слоўнікавы запас. Пры выкарыстанні метаду эмпатыі ў практыкаванні “Хітранькія заданні” ўдаецца паспяхова (праз пераўвасабленне ў каго-небудзь ці ў што-небудзь) развіваць уменне дзяцей расказваць пра свае адчуванні. Напрыклад: “Уяві, што на нейкі час ты стаў дзікай жывёлай. Якія часткі цела ў цябе ёсць? Якога колеру поўсць? Які ты па памеры? Што цябе хвалюе?” і г.д.
З вялікай ахвотай дзеці складаюць апісальныя аповеды з дапамогай дапаможніка “Колы Лулія”. Тры “чароўныя колы” дазваляюць падабраць да пэўнага аб’екта самыя цікавыя, дакладныя і прыгожыя словы-прыкметы. Напрыклад: “— Якія яблыкі вы сёння елі? — Смачныя, салодкія, спелыя, сакавітыя, хрусткія…”
Калі ў дзяцей спытаць, дзе ўзяць карцінкі для вызначэння слоў “сакавіты”, “салодкі” і “хрусткі”, яны адкажуць, што гэта вельмі проста: трэба намаляваць карткі-мадэлі. Сакавіты — гэта шклянка з сокам, салодкі — цукерка, хрусткі — кукурузная палачка. Вось і гатова адно “чароўнае кола”. На другім коле дзеці выкладваюць карцінкі-асацыяцыі (што яшчэ можа быць сакавітым, хрусткім і г.д.).
Калі мае выхаванцы перайшлі ў старшую групу, я падышла да вельмі важнага этапу работы — фарміравання ўмення складаць тэксты казачнага зместу. Фантастычны і загадкавы свет заўсёды з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі дзяцей. Казка дае бязмежныя магчымасці для работы па развіцці звязнага маўлення любога дзіцяці.
У нашай групе ёсць куток казкі. Ён прываблівае дзяцей адметным афармленнем, наяўнасцю мастацкай літаратуры, дыдактычным матэрыялам і абсталяваннем для гульняў і заданняў па
ТРВЗ-тэхналогіі. Тут частымі гасцямі бываюць уяўныя Чараўнікі Павелічэння, Памяншэння і Аб’яднання, якія добра папрацавалі ў казках “Рукавічка” (Павелічэнне), “Дзюймовачка” (Памяншэнне) і “Рэпка” (Аб’яднанне). З іх дапамогай маленькія фантазёры могуць пераўтвараць розныя аб’екты.
“Марфалагічная дарожка” дапамагае вызначыць паслядоўнасць падзей, якія адбываюцца ў казках, а гульня “Біном фантазіі” — выбраць назву казкі. Спачатку дзеці ствараюць тэкст казачнага зместу калектыўна, затым у падгрупах, а потым індывідуальна.
Каб стварыць сітуацыю поспеху пры самастойным складанні казкі, прапаную дзецям запісваць прыдуманы тэкст схемамі. Запісваць лепш ручкай злева направа, а дзеянне да дзеяння дадаваць стрэлачкай. Такі прыём садзейнічае таксама развіццю дробнай маторыкі і падрыхтоўцы рукі да пісьма. Вынікі дзіцячай творчасці афармляюцца з дапамогай бацькоў у выглядзе кніжак-малышак, “чароўных дарожак” і піктаграм.
Выхаванцы старшай групы паказваюць добрыя вынікі. Адказы на занятках і творчыя аповеды з цягам часу становяцца больш поўнымі і звязнымі. Галоўнае — разгаварыць дзяцей, развіць у іх пастаянную цікавасць да маўленчай дзейнасці. Для дзяцей з агульным парушэннем маўлення гэта з’яўляецца вялікім крокам наперад. ТРВЗ-тэхналогія добра дапамагае ў вырашэнні задач па развіцці звязнага маўлення ў дашкольнікаў з АПМ.

Святлана ФАРТАВАЯ,
выхавальніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
ясляў-сада № 7 Ганцавіч.