Развіваем маўленне дзяцей разам

Значнасць работы з бацькамі цяжка пераацаніць. Яна важная не толькі для нас, педагогаў, але перш за ўсё для саміх бацькоў, чые дзеці наведваюць дашкольную ўстанову. Мы ўпэўнены, што кожны педагог рана ці позна задае сабе пытанне: што цяжэй — работа з дзецьмі або з іх бацькамі? Знайсці агульную мову, накіраваць агульную справу на карысць дзіцяці — гэта палова поспеху. Знайсці кантакт неабходна з усімі.

Поспех выхавання і навучання дзяцей у дашкольнай установе ў многім залежыць ад таго, як арганізавана педагагічная асвета бацькоў, а ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення асабліва. У сувязі з гэтым кожнага з бацькоў нацэльваем на сістэматычную, працяглую работу з дзецьмі. Перш чым планаваць работу з сем’ямі ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, мы вывучаем дасведчанасць бацькоў у праблемах маўленчага развіцця дзяцей. У гэтым нам дапамагае анкетаванне “Давайце пазнаёмімся”, якое праводзіцца ў пачатку навучальнага года. Пры аналізе гэтай анкеты мы вызначаем, якіх вынікаў чакаюць бацькі для сваіх дзяцей пры наведванні нашай групы. Бесперапынная сувязь з бацькамі ажыццяўляецца ў групе з дапамогай калектыўнай, індывідуальнай і нагляднай форм работы.
Калектыўная работа — гэта бацькоўскія сходы (3—4 разы на год), трэнінгі, адкрытыя прагляды заняткаў, якія звычайна прымеркаваны да правядзення бацькоўскіх сходаў, тэматычныя кансультацыі “Гадзіна сям’і”, правядзенне сумесных свят і забаў “Бабуліны вячоркі”, “Умелыя рукі”, “Калядныя вечары” і іншыя.
Адной з форм дыферэнцыраванай работы з бацькамі ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення з’яўляецца правядзенне кансультацый, тэматыку якіх мы падбіраем у адпаведнасці з гадавымі задачамі дашкольнай установы і патрэбамі і інтарэсамі бацькоў групы, напрыклад, “Гульні і практыкаванні для развіцця маўлення дзяцей”, “Прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму”, “Правы дзіцяці”, “У паход усёй сям’ёй”. Практыкуем правядзенне трэнінгу-практыкуму для дзяцей і бацькоў “Трэніруем пальчыкі — развіваем маўленне”, які актывізуе бацькоў, вучыць канкрэтным прыёмам работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення. Выніковы бацькоўскі сход праводзім у форме гульні “Гатоўнасць дзіцяці да школы”.
Актыўна выкарыстоўваем у рабоце з бацькамі “Шкатулку пажаданняў”, у якую змяшчаем запіскі-рэкамендацыі. Укараняем у практыку такую форму работы, як “Маўленчы куток”, у якім адлюстроўваецца тэма заняткаў, рэкамендацыі аб тым, як займацца дома па пэўнай лексічнай тэме. Матэрыял у кутку абнаўляецца штотыдзень.
Зрабілі памяткі, буклеты па артыкуляцыйнай гімнастыцы, па пальчыкавых гульнях і развіцці дробнай маторыкі, па выкананні дамашняга задання настаўніка-дэфектолага.
Безумоўна, вялікая роля ва ўзаемадзеянні з бацькамі дзяцей спецыяльнай групы з цяжкімі парушэннямі мовы належыць настаўніку-дэфектолагу, які ў першую чаргу ўлічвае прыярытэты бацькоў у выхаванні дзіцяці, іх патрабаванні, што дазваляе размеркаваць намаганні бакоў для дасягнення жаданага эфекту ў сумеснай рабоце. Аналіз гэтай работы можна зрабіць у канцы года па выніках абследавання дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, якое вызначае дынаміку ў маўленчым развіцці дзяцей.
Цеснае ўзаемадзеянне выхавальнікаў, настаўніка-дэфектолага з бацькамі і выкарыстанне розных па змесце і метадах прыёмаў педагагічный работы аказваюць эфектыўнае ўздзеянне на выхаванне і навучанне дзяцей.

Алена СІДАРОВІЧ,
выхавальнік ясляў-сада № 5 Ваўкавыска.