Развіваем іншамоўную камунікацыйную культуру вучняў праз відэа

Сёння асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці падрыхтоўкі выпускнікоў школы да іншамоўнага маўлення. Фарміруючы полікультурную асобу падчас авалодання іншамоўнай камунікацыйнай кампетэнцыяй, настаўнік адчувае неабходнасць пошуку і адбору найбольш эфектыўных тэхналогій, метадаў і прыёмаў для ўрокаў і пазаўрочнай дзейнасці.

Якія сродкі і прыёмы самыя эфектыўныя ў групах, дзе пераважаюць вучні з вядучай візуальнай мадальнасцю? Як выкарыстоўваць і спалучаць прыёмы, арыентаваныя на дзяцей з розным узроўнем вучэбнай матывацыі? Як аптымізаваць работу вучняў для забеспячэння камунікацыйнага падыходу? Вывучэнне вопыту педагогаў, распрацовак навукоўцаў і сумесная работа з педагогам-псіхолагам пераканалі ў мэтазгоднасці выкарыстання відэатэхналогіі на ўроках англійскай мовы. Асаблівую актуальнасць гэта набыло пасля абсталявання ў гімназіі лінгафоннага кабінета, аснашчанага праграмным забеспячэннем Linco з доступам да інтэрнэту.
Выкарыстанне аўтэнтычных відэафрагментаў павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу па замежнай мове і з’яўляецца неад’емнай часткай комплекснай работы па фарміраванні камунікацыйных навыкаў вучняў. Відэатэхналогія мае дзейнасны характар, забяспечвае эфектыўную камунікацыйную практыку дзяцей і інтэрактыўнасць заняткаў. Акрамя таго, выкарыстанне відэа на ўроках замежнай мовы і ў пазаўрочнай дзейнасці адкрывае ўнікальныя магчымасці для настаўніка і вучняў для пераймання ўзорнага маўлення і паводзін у канкрэтнай сітуацыі, пошуку цікавага матэрыялу для дыскусій, авалодання іншамоўнай культурай і фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі.

Рэалізацыя відэатэхналогіі ў адукацыйным асяроддзі гімназіі мае шэраг асаблівасцей. Так, для найбольш эфектыўнай работы з відэа складаю вучэбныя мультымедыя скрэпбукі з актыўнымі спасылкамі на анлайн-рэсурсы, якія дазваляюць уносіць дапаўненні ў планаванне ўрокаў. Акрамя таго, іх можна трансліраваць вучням на занятках з дапамогай лінгафоннага абсталявання і выкарыстоўваць у самастойнай рабоце падчас пазаўрочнай дзейнасці.

Спынюся на найбольш прымянальных інтэрнэт-рэсурсах. Сярод іх варта вылучыць http://learnenglish.britishcouncil.org/en. Гэта бясплатны сайт, напоўнены гульнямі, апавяданнямі, інтэрактыўнымі практыкаваннямі і відэаматэрыяламі рознай тэматыкі. Кампаненты сайта дазваляюць арганізаваць работу з малодшымі школьнікамі і вучнямі 5—9 класаў з улікам ступені складанасці матэрыялу і ўзросту дзяцей.

Інтэрнэт-рэсурс http://www.real-english.com/ уяўляе сабой анлайн-бібліятэку відэакантэнту, які ўключае спантанныя дыялогі з людзьмі на вуліцах англамоўных краін. Відэафрагменты маюць субцітры і інтэрактыўныя практыкаванні.

Інтэрнэт-рэсурс https://www.youtube.com/ змяшчае вялікі выбар відэафрагментаў рознай тэматыкі. На ім прадстаўлены ўрокі, якія праводзяць носьбіты мовы. Многія з урокаў адпавядаюць тэмам вучэбнай праграмы.

Інтэрнэт-рэсурс http://fortee.ru/ уяўляе сабой блог настаўніка англійскай мовы. І хаця відэакантэнт займае не асноўную частку раздзелаў сайта, ён утрымлівае шмат інтэрактыўных практыкаванняў і тэстаў даволі высокага ўзроўню для самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў і самакантролю вучэбных дасягненняў.
У рабоце выкарыстоўваю элементы дыстанцыйнага навучання: электронную пошту, чаты сацыяльных сетак і інш. Складанае вучэбнае заданне, водгук аб прачытанай кнізе, рэцэнзія на фільм — усё гэта можа стаць нагодай пакантактаваць з настаўнікам ці аднакласнікамі праз інтэрнэт-рэсурсы.Рэалізоўваючы ў сваёй дзейнасці прынцыпы камунікацыйнага падыходу да навучання замежнай мове, настаўнік выступае ў ролі дарадчыка і памочніка, які не дае гатовых адказаў, а накіроўвае вучняў на іх пошук. Такі падыход фарміруе ў дзяцей сэнсавае ўспрыманне і разуменне маўлення, дапамагае авалодаць моўнымі сродкамі для пабудовы маўленчых выказванняў.

Вырашыць камунікацыйныя задачы можна пры выкарыстанні розных прыёмаў работы з відэа. Гэта пагружае вучняў у рэальнае моўнае асяроддзе, рэалізоўвае прынцып нагляднасці, робіць урокі жывымі і яркімі, істотна павышае іх эфектыўнасць. Інфармацыя з экрана ў суправаджэнні відэарада дапамагае бачыць і чуць удзельнікаў зносін (міміка і жэсты садзейнічаюць найбольш поўнаму ўспрыманню камунікацыйнай сітуацыі) і пашырае рамкі камунікацыі, бо вучні бачаць абстаноўку (месца, час дня і года).

Пры арганізацыі работы з выкарыстаннем відэа вельмі важна ствараць умовы для фарміравання ўсіх субкампетэнцый у комплексе. Так, для фарміравання моўнай субкампетэнцыі выкарыстоўваю прыёмы і формы работы ў спалучэнні з элементамі ІКТ. Падчас работы ў парах ці малых групах вучні разам выконваюць моўныя заданні, аналізуюць пытанні да відэафрагмента, выдзяляюць ключавыя словы, выкарыстоўваюць моўныя здагадкі для дапаўнення фраз.

Пры наяўнасці лексічных і граматычных цяжкасцей даю вучням практыкаванні на суадносіны новых слоў і іх дэфініцый, складанне пытанняў па ланцужку, а таксама актывізую граматычны матэрыял, прапануючы выкарыстоўваць яго ў новых сітуацыях зносін (складанне розных тыпаў пытанняў для інтэрв’ю з героямі, пабудова ланцужка меркаванняў аб далейшым ходзе падзей з дапамогай умоўных сказаў).

Для стварэння спрыяльнай атмасферы і крэатыўнага асяроддзя ў класе, стымуляцыі ўяўлення вучняў даволі часта паказваю музычныя кліпы, дзе інтарэс уяўляе не толькі тэкст песні, але і музыка. Спачатку прапаную вучням праслухаць песню без відэарада і выказаць ідэі аб тым, якім павінен быць кліп і якія пачуцці абуджае ў іх музыка, а затым параўнаць свае меркаванні пры візуалізацыі карцінкі. Такія заданні настолькі захапляюць дзяцей, што яны часам самі падбіраюць музычны матэрыял і распрацоўваюць заданні. Гэта дазваляе вучням падзяліцца сваімі інтарэсамі з аднакласнікамі, арганізаваць абмеркаванне і перажыць сітуацыю поспеху.

Карысныя і займальныя матэрыялы для ўрокаў прапаноўваюць шматлікія падкасты (серыі відэафайлаў, якія пастаянна абнаўляюцца), даступныя ў інтэрнэце. Вучням вельмі падабаецца відэаролік пра амерыканскі слэнг з Х’ю Лоры, які паказвае жывое англійскае маўленне акцёра і яго міміку (https://www.youtube.com/watch?v=wYmrg3owTRE). Цудоўна сыграны эпізод не толькі стымулюе далейшае абмеркаванне асаблівасцей ужывання слэнгу, але і задзейнічае сацыякультурны кампанент, робіць урок эмацыянальным.

Цікавая і захапляльная інфармацыя некаторых відэафрагментаў і падкастаў, незвычайная падача музычнага кантэнту пабуджаюць вучняў чытаць і самастойна публікаваць водгукі і каментарыі аб убачаным, складаць рэзюмэ і рэкламныя артыкулы для аднакласнікаў. Абмеркаванне каментарыяў — добрая аснова для праблемнай сітуацыі і натуральны стымул для развіцця дыскусіі.

Сацыякультурная субкампетэнцыя фарміруецца таксама шляхам розных практыкаванняў падчас паказу відэа. Акрамя практыкаванняў, дзе галоўную ролю адыгрывае гукавая дарожка, можна выкарыстоўваць відэа для вывучэння розных культурных і сацыякультурных з’яў. Прагляд аўтэнтычнага відэакантэнту блізкі па значнасці да чытання арыгінальнай мастацкай літаратуры і мае не меншае значэнне для вывучэння замежнай мовы, паколькі развівае навыкі аўдзіравання, гаварэння і пісьма на аўтэнтычным матэрыяле. Гэта ўдасканальвае камунікацыйную кампетэнцыю вучняў. Прыкладам такой работы з’яўляецца прагляд фрагментаў з вядомага англійскага серыяла “Шэрлак”.

Узровень сфарміраванасці вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі цесна звязаны з уменнем дзяцей вучыцца. Такая кампетэнцыя фарміруецца з дапамогай элементаў дыстанцыйнага навучання, шляхам арганізацыі зваротнай сувязі на ўроках і факультатыўных занятках. Вучні прызнаюцца, што выкарыстанне відэа на ўроках англійскай мовы павышае інтарэс да прадмета, паказвае эфектыўныя спосабы і прыёмы самастойнай работы па вывучэнні замежнай мовы, ажыўляе ўрок і робіць яго дынамічным.

Ірына КОТ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Іванава.