Развіццё ініцыятывы і творчасці вучняў на ўроках нямецкай мовы і ў пазакласнай дзейнасці

Сучаснае грамадства жыве ў век навукі і электроннай тэхнікі. Гэта цудоўны час для падарожжаў, вывучэння культуры і быту народаў розных краін свету. Важным сродкам для пропуску ў свет чалавечай мары з’яўляецца замежная мова.
І гэта абумоўлена самім жыццём. Без сумневу, кожны чалавек хацеў бы валодаць хаця б адной замежнай мовай.

Мы павінны падрыхтаваць сённяшніх вучняў да паўнавартаснага жыцця ў свеце, аб якім і самі да канца не маем яснага ўяўлення. Многія з тых, каго мы сёння пачынаем вучыць, будуць працаваць па спецыяльнасцях, якіх зараз яшчэ няма. Таму неабходна ўдзяляць вялікую ўвагу развіццю мыслення, а не толькі зместу навучання. Вельмі важна дабіцца такога становішча: колькі вучняў — столькі пунктаў гледжання на праблему і яе вырашэнне. Сённяшнія школьнікі павінны разумець, што вучыцца ім трэба будзе, як, дарэчы, і кожнаму даросламу, на працягу ўсяго жыцця.
Так яно і ёсць. Як вядома, каб урок атрымаўся змястоўным, цікавым, карысным, трэба да яго адпаведна падрыхтавацца. А гэта значыць, неабходна самаадукацыя. На самай справе, самаадукацыяй пастаянна займаюцца і вучні, выконваючы шэраг заданняў, якія ўключаюць у сябе пошук адказаў у навукова-папулярнай ці даведачнай літаратуры або ў інтэрнэце.

Урок замежнай мовы ў многім адрозніваецца ад іншых урокаў, асабліва на пачатковым этапе і ў сярэднім звяне навучання. Многія ўрокі можна назваць інтэграванымі. Мы вучым дзяцей чытаць, пісаць, лічыць, рашаць, спяваць, гуляць, размаўляць. Тут, безумоўна, выкарыстоўваецца частая змена відаў дзейнасці.
Гэта раскоўвае дзяцей, здымае напружанне, а часам — і страх. Этап праверкі дамашняга задання стараюся спецыяльна не вычляняць, калі ёсць такая магчымасць, каб дзеці маглі адпрацаваць той ці іншы навык. А вось у канцы вывучэння тэмы абавязкова прысутнічае кантроль, да якога вучні рыхтуюцца па-рознаму. Гэта можа быць праект, які завяршаюць на ўроку, або водгук, напрыклад, “Я і нямецкая мова”, дыялагічнае маўленне, маналагічнае, малюнак, верш, прэзентацыі і г.д.
Часта, агучыўшы задачы ўрока, я пытаю ў вучняў, з каго пачнём: з іх ці з мяне? Не сакрэт, дзеці прапануюць пачынаць з мяне, гэта значыць, не пытаць пра дамашняе заданне, не траціць дарэмна часу. На курсах параілі прымяняць “лісток адмовы на стале настаўніка” (ад Віталія Казіміравіча Царлюкевіча, дацэнта кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА), калі па якой-небудзь прычыне вучань не хоча сёння размаўляць з настаўнікам. Паспрабавала карыстацца — працуе! Заўважу, што ў працэсе ўрока вучань забываецца, што прасіў не турбаваць яго, а сам ужо незаўважна для сябе ўключаецца ў работу. Такім чынам, вучань удзячны настаўніку за павагу да яго і пазней выкладзецца на ўсе 100%. А, як вядома, удзячны вучань — гэта будучая ініцыятыўная асоба, а часта і творчая.

Існуе цэлая праблема развіцця ініцыятывы і творчасці вучняў. Аналіз літаратуры па гэтай праблеме дае зразумець, што да паняцця “творчасць” неабходна падыходзіць з пазіцый інтэлектуальнага развіцця дзіцяці. А пад інтэлектуальнымі здольнасцямі маюцца на ўвазе “высокаразвітыя разумовыя здольнасці агульнага характару, якія ўтвараюць аснову для дасягнення найлепшых вынікаў ва ўсіх галінах навукі і культуры”. Тут падразумяваюцца такія працэсы, як мысленне, памяць, увага, уяўленне, хуткасць рэакцыі і г.д.
Творчыя здольнасці забяспечваюць хуткае набыццё ведаў, уменняў і навыкаў, дапамагаюць іх замацоўваць і прымяняць на практыцы.
Увага, памяць, хуткасць рэакцыі, па меркаванні псіхолагаў, ёсць прадукцыйнае мысленне, якое ў сваю чаргу характарызуецца хуткасцю, гібкасцю, дакладнасцю і, што вельмі важна, арыгінальнасцю. Усё гэта дапамагае вучню быць паспяховым.

Калі працую з новым класам, вельмі добра бачна жаданне дзяцей навучыцца “чужой” мове, паўтараць за настаўнікам, дыктарам, вывучыць гукі, склады, словы, сказы, навучыцца чытаць, размаўляць, спяваць, рашаць, танцаваць і г.д. І вельмі важна так арганізаваць работу, каб не пагасіць гэтыя жаданні, мары. Дамашняе заданне агучваю, выкарыстоўваючы прыкладна наступныя выразы: калі гэта вас зацікавіла, то… (пачытайце або дапішыце радкі, сказ, верш і г.д.). Зразумела, што не ўсё атрымліваецца і пры пісьме, і пры чытанні. Я падштурхоўваю вучняў да таго, каб яны прасілі прапісаць літары, каб не баяліся таго, што адным прапісана больш, другім — менш (у залежнасці ад поспехаў вучняў). У выніку я дабіваюся таго, што дзеці просяць прапісаць ім яшчэ і яшчэ, каб маглі навучыцца. Калі ёсць такая патрэба, магу вызваць да дошкі адразу чатырох вучняў, астатнія пішуць у сшытку. Вельмі важна часта хваліць, як раіў В.К.Царлюкевіч, нават за тлустую кропку.
Пры навучанні чытанню сядаю да вучня за парту, каб ён не меў страху, і разам з ім “бэкаю”. Гэта таксама дае свой вынік. Дзеці разумеюць, што чым больш я з імі працую індывідуальна, тым лягчэй ім на наступных уроках. Кожны стараецца паклікаць мяне, каб паслухаць яго чытанне ў паўголаса.
Цікава рэагуюць трэцякласнікі на эмацыянальнае чытанне па ролях. Просяцца наперабой, напрыклад, праінсцэніраваць дыялог Чырвонай Шапачкі і Воўка. Я падахвоціла конкурсам на лепшых выканаўцаў гэтых роляў для выступлення на святкаванні Тыдня замежнай мовы. У выніку — дзеці цудоўна выбралі дастойную пару, і тыя выступілі на свяце.

Часта раюся з дзецьмі, кажу ім, што не ведаю, як тут лепш паступіць. Яны адчуваюць сябе важнымі, галоўнымі дарадчыкамі — у іх папрасілі парады! Несумненна, параяць, і нават так, што сам бы і не здагадаўся. Безумоўна, зноў трэба хваліць, казаць, што менавіта яны дапамаглі.
Многія дзяўчынкі вельмі любяць быць у ролі настаўніцы. І гэта таксама цудоўна! Я прадумваю шмат такіх моўных сітуацый. Часам атрымліваецца, што “нарываюся” на некалькі “лідараў” па сваім тэмпераменце. Зразумела, што так яшчэ цікавей. Адна з нечаканасцей, якую прапаную трэцякласнікам пры вывучэнні тэмы “Ежа. Прадукты харчавання”, — прынесці гатовыя бутэрброды, і ў пэўны момант на ўроку дазваляю іх з’есці. Спачатку дзеці пераглядваюцца, смяюцца (не можа быць!), але калі я тлумачу, што гэта для лепшага запамінання, — тады іншая справа! — Guten Appetit! Застаецца шмат уражанняў ад такой нечаканасці.
У наступных класах дзеці ўжо ведаюць, што я чакаю ад іх крэатыву, і прапануюць шмат цікавага. Так, у 7 класе адна з маўленчых тэм — “Тыдзень нямецкай мовы”. Уліч-ваючы, што традыцыйна ў нашай школе ён праводзіцца напярэдадні Каляд у Германіі, мы маем час для грунтоўнай падрыхтоўкі да свята.
Вось тут за справу бяруцца ўсе, а кіруюць самыя ініцыятыўныя, лідары. Прапаноў гучыць вельмі шмат і цікавых, і не вельмі, але ў выніку атрымліваецца зусім нядрэнна. Кожны вучань задзейнічаны. Хто — паштальён, хто — мастак, хто — рэжысёр, хто — афарміцель, хто — сувязны… Калі рыхтуюць інсцэніроўку казкі братоў Грым, патрэбна шмат дэкарацый. Напрыклад, казка Frau Holle (“Спадарыня Мяцеліца”) або Aschenputtel (“Папялушка”).

Тое, што мы спяваем на ўроках, у пэўны час становіцца неабходнасцю і перарастае ва ўдзел у раённым конкурсе песні на замежнай мове “Інтэрфэст”.
Колькі для гэтага неабходна ініцыятывы, творчасці, дэкарацый! І праца дзяцей не праходзіць незаўважанай. Ужо другі год запар нашы вучні прывозяць дыпломы ў намінацыі “За мастацкае афармленне нумара”.
Я ў сваю чаргу магу штосьці прапаноўваць, а падтрымаюць вучні ці не — залежыць ад іх. Дарэчы, часцей за ўсё дзеці падтрымліваюць і мае прапановы і прыдумваюць шмат свайго, новага.
Ужо другі год мы займаемся даследчай дзейнасцю. Гэта для мяне і для вучняў новае, але цікавае, непазнанае. Пошук — гэта нечаканасць, навізна. І мы шукаем усё, што, на нашу думку, падыходзіць для раскрыцця выбранай тэмы. Тут — непачаты край работы, і няхай працуюць!
Як ужо адзначана вышэй, напрыканцы другой чвэрці заўжды прыходзіць свята нямецкай мовы. Адбываецца Тыдзень мовы кожны год прыкладна ў адзін і той жа час, і, безумоўна, трэба добра папрацаваць, каб было цікава.
Усе класы рыхтуюць “падарунак-пропуск” на свята. Гэта можа быць верш, песня, танец, інсцэніроўка, віктарына, малюнак, цацкі для скарбонкі Дзеда Мароза, якімі пазней упрыгожваецца школьная ёлка, і г.д.
Самая “фішка”, якую любяць усе вучні без выключэння, — гэта “Калядны вечар са свечкамі”, падчас якога адбываецца свята чаю. Такое свята бывае толькі адзін раз у год. Усе з нецярпеннем яго чакаюць.
Падрыхтоўка тут таксама вялікая, патрабуецца шмат ініцыятывы і “творчых галоў”.
Такім чынам, развіццё ініцыятывы і творчасці вучняў — гэта не заўсёды прыкметная, але неабходная і неад’емная частка вучэбна-выхаваўчага працэсу, норма сённяшняга жыцця.

 

Таццяна ШПАКОВІЧ,
настаўніца нямецкай мовы Субацкай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.