Размаўляць на мове Гётэ

З кожным годам становіцца відавочным павелічэнне ролі і значнасці валодання замежнай мовай. Для якаснага яе вывучэння важнымі з’яўляюцца не столькі веды па граматыцы і ўзбагачэнне слоўнікавага запасу, колькі рэальныя зносіны з носьбітамі мовы, якая вывучаецца.

Такія зносіны — гэта заўсёды каштоўны вопыт як для настаўнікаў, так і для вучняў. Атрымаць такі вопыт змаглі настаўнікі нямецкай мовы ўстаноў адукацыі Нясвіжскага раёна, а таксама найбольш матываваныя да вывучэння нямецкай мовы вучні падчас заняткаў, арганізаваных супрацоўнікамі Інстытута імя Гётэ на базе сярэдняй школы № 3 Нясвіжа.

Работа была арганізавана ў дзвюх секцыях: секцыі настаўнікаў і секцыі вучняў 8—9 класаў (з 11 устаноў адукацыі раёна).

Падчас майстар-класа Райко Ласончыка настаўнікі пазнаёміліся з формамі і метадамі навучання, якія можна выкарыстоўваць педагогу ў сваёй дзейнасці і якія будуць садзейнічаць росту творчых інтарэсаў дзяцей, стымуляваць іх самастойную прадукцыйную вучэбную дзейнасць. У ходзе семінара былі акрэслены метадалагічныя падыходы да навучання замежнай мове, дадзены практычныя рэкамендацыі па методыцы выкладання прадмета.

Каб пачаць размаўляць на замежнай мове, неабходна пастаянна падтрымліваць і развіваць свае маўленчыя навыкі. Менавіта развіццю навыку гаварэння была прысвечана работа ў секцыі вучняў, якая праходзіла пад кіраўніцтвам Марыны Міткінай. Хочацца адзначыць адпаведнасць выбраных педагогам метадаў і прыёмаў работы інтарэсам і ўзроўню ведаў навучэнцаў, што спрыяла праяўленню вучнямі высокай актыўнасці. Дзеці змаглі выказаць свае меркаванні па тэмах “Спорт”, “Хобі”, “Музыка”, “Кішэнныя грошы”, а таксама звярнуцца да некаторых фанетычных і граматычных з’яў.

Безумоўна, адна такая сустрэча не можа кардынальна змяніць узровень валодання навучэнцамі нямецкай мовай, але можа яскрава паказаць, на што трэба звярнуць увагу, над чым яшчэ папрацаваць.

Напрыканцы сустрэчы настаўнікам былі ўручаны друкаваныя і аўдыяматэрыялы, а таксама памяткі са спісам інтэрнэт-рэсурсаў, дзе педагогі знойдуць актуальны матэрыял, неабходны пры арганізацыі вучэбных заняткаў з улікам сучасных патрабаванняў.

Часам складана заахвоціць навучэнцаў да камунікацыі, тым больш на замежнай мове. Аднак сустрэчы і непасрэдныя зносіны з носьбітамі мовы дапамагаюць пераадольваць моўныя бар’еры як вучням, так і настаўнікам.

Анастасія ГУРКО,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама.