Радасць творчасці — у нетрадыцыйных метадах

У сучасную педагогіку ўкараняецца вялікая колькасць інавацый. Гэта паказчык таго, што актывізаваць працэс выхавання можна пры выкарыстанні новых нетрадыцыйных форм.

Школьны ўзрост — гэта той перыяд, калі выяўленчая дзейнасць можа стаць і часцей за ўсё з’яўляецца ўстойлівым захапленнем не толькі асабліва адораных, але і ўсіх дзяцей. Усе дзеці любяць маляваць, калі гэта ў іх добра атрымліваецца. Маляванне алоўкамі, пэндзлем патрабуе высокага ўзроўню валодання тэхнікай малявання, сфарміраваных навыкаў і ведаў, прыёмаў работы.
Назіраючы за сваімі першакласнікамі, малюючы з імі нескладаныя па сюжэце малюнкі, я зрабіла выснову: асаблівага захаплення маляванне не выклікала. Дзеці малявалі з аглядкай на педагога, пастаянна ўдакладнялі правільнасць сваіх дзеянняў, самастойна не маглі выбраць колеры фарбаў і нанесці іх на паперу. Маляванне ў многіх дзяцей выклікала негатыў з-за неаднаразовых няўдач.
Я задумалася над тым, як можна разняволіць дзяцей, усяліць у іх упэўненасць у сваім уменні, прымусіць паверыць у тое, што яны могуць стаць маленькімі мастакамі і ствараць цуды на паперы. З гэтымі думкамі стала вывучаць разнастайную літаратуру па навучанні дзяцей выяўленчай дзейнасці. Маёй палачкай-выручалачкай сталі кнігі М.У.Быліна “Непаслухмяныя фарбы”, Г.М.Давыдавай “Нетрадыцыйная тэхніка малявання”, І.А.Лыкавай “Каляровыя далонькі”. Азнаёміўшыся з гэтымі матэрыяламі, паспрабавала сама намаляваць тымі спосабамі, якія апісваюцца ў іх. Мне, даросламу чалавеку, здалося гэта цікавым і займальным.
Я вырашыла паспрабаваць гэтую методыку на сваіх занятках. Мае “баязліўцы” былі здзіўлены: “А што мы будзем рабіць? На стале толькі фарбы?”
Якое ж было іх здзіўленне, калі я сказала: “Маляваць! Што здарылася? Зніклі ўсе пэндзлікі! Не бяда! У нас засталіся фарбы і рукі!”
Доўга думалі, як маляваць. А калі даведаліся, што пальчыкамі, здзівіліся яшчэ больш. Страх, які быў у дзяцей, знік пасля першых жа заняткаў. Дзеці з задавальненнем абмаквалі пальцы ў фарбы, змешвалі іх, а галоўнае — самастойна малявалі. У выніку ва ўсіх атрымаліся яркія малюнкі.
Пачыналі з простых малюнкаў. Напрыклад, на прагулцы назіралі за аблокамі, сонейкам, матылькамі, птушкамі. А на занятках успаміналі і адразу ж малявалі. Палёту фантазіі і ўяўлення не было мяжы.
Маляванне нетрадыцыйнымі спосабамі, цікавая, чароўная дзейнасць, якая здзіўляе і захапляе дзяцей. Незвычайныя матэрыялы і арыгінальныя тэхнікі малявання прывабліваюць дзяцей тым, што тут не прысутнічае слова “нельга”, можна маляваць чым хочаш і як хочаш, нават можна прыдумаць сваю незвычайную тэхніку. Напрыклад, малявала дзіця пальчыкамі і незнарок разліло б ваду на ліст паперы. Не бяда! Малюем па мокрым лісце. І мае першакласнікі з задавальненнем эксперыментуюць.
У гэтай методыцы няма шаблонаў, вось у чым яе галоўнае адрозненне ад традыцыйных методык. Яна не стварае стэрэатыпаў, чым радуе дзяцей і педагога. Разнастайнасць таксама прысутнічае і ў матэрыяле для малявання. Гэта не толькі алоўкі, фламастары, фарбы, а таксама пластылін, крупы, васковыя крэйды, туш, крэйды, вугаль, воск і яшчэ многае іншае. Дзеці вучацца выкарыстоўваць у маляванні навакольнага свету не толькі пэндзлік або аловак, а яшчэ і нітачку, завостраную простую палачку, ватную палачку, свечку. Дзеці таксама перастаюць баяцца выкарыстоўваць новыя матэрыялы ў маляванні, напрыклад, шышкі. Няма лепшага падарунка для маіх дзяцей, чым размалёўванне шышак. Які азарт, колькі захаплення ў гэтай рабоце! Шышкі размалёўваюцца, песенькі спяваюцца, самі дзеткі размалёўваюцца ў розныя колеры, а потым смяюцца і параўноўваюць, на каго хто больш падобны. Кіпіць такі творчы працэс, што ў мяне спявае душа за развіццё і эмацыянальны настрой маіх маленькіх мастакоў. З расфарбаваных шышак дзеці сканструявалі елку, а да асенняга свята — букет цыній.
Першакласнікі не баяцца ліста паперы і фарбаў: малююць так, як бачаць, адчуваюць, уяўляюць. Ад ліста паперы я паспрабавала перайсці да малявання на сцяне. Дала поле дзейнасці, фарбы, пэндзлі, сюжэт не абумовіла. Больш рашучыя пачалі першымі, а праз пяць мінут уключыліся ўсе без выключэння: і той, хто гаварыў, што не ведае, як маляваць, і той, хто не ўмее на сцяне маляваць. Кожны маляваў свой маленькі сюжэцік, а атрымаўся шэдэўр!
Дзеці адчуваюць незабыўныя станоўчыя эмоцыі, малююць эмоцыямі. Па эмоцыях можна меркаваць пра настрой дзіцяці, пра тое, што яго радуе, што засмучае, а галоўнае — пра яго развіццё. Дзеці ствараюць, фантазіруюць. Канечне, не кожны з іх стане мастаком, але маляванне прыносіць ім задавальненне, яны пазнаюць радасць творчасці, вучацца бачыць прыгожае ў звычайным, а значыць, растуць з душой мастака!

Лілія ЯЎНЕВІЧ,
выхавальніца Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.