Пясочніца для… бацькоў

Перад установамі дашкольнай адукацыі стаіць задача па актывізацыі выхаваўчай дзейнасці сем’яў і аказанні ім неабходнай сацыяльна-педагагічнай падтрымкі, каб зрабіць сямейнае выхаванне мэтанакіраваным і надаць яму грамадска значны напрамак.

На жаль, педагагічныя магчымасці бацькоў не заўсёды адпавядаюць патрабаванням дзіцяці. Таму вельмі важна павышаць псіхолага-педагагічную культуру бацькоў падчас актыўнага ўзаемадзеяння з дашкольнай установай. Неабходна забяспечыць партнёрскія адносіны педагогаў і бацькоў. Практыка паказвае, што іх трэба загадзя рыхтаваць да прыходу дзіцяці ў садок. І чым раней, тым лепш.
Педагагічны калектыў нашай установы арыентаваны на пошук эфектыўных форм і метадаў работы, якія ўлічваюць запыты сем’яў і фарміруюць актыўную жыццёвую пазіцыю бацькоў. На працягу некалькіх гадоў на базе ясляў-сада працуе адаптацыйная група, створаная для падрыхтоўкі дзетак ад двух да трох гадоў да паступлення ў садок. Аднак бацькі з часам прапанавалі наладзіць больш цеснае і “ранняе” супрацоўніцтва з установай.
Творчая група педагогаў, каб задаволіць запыты бацькоў, распрацавала план дапамогі ім па раннім развіцці дзяцей (ад нараджэння да двух гадоў). Былі акрэслены абавязкі кожнага спецыяліста і вопытных педагогаў. У выніку з’явілася пясочніца для… бацькоў. Такая форма работы стала магчымай дзякуючы ўдаламу размяшчэнню дашкольнай установы, якая знаходзіцца ў цэнтры горада непадалёку ад гарадскога парка, фантана і плошчы, дзе найчасцей гуляюць маладыя мамы з немаўлятамі. Гэтыя аб’екты (і не толькі) сталі маршрутамі дзейнасці нашых спецыялістаў.
Для работы з бацькамі педагогі адзін раз у месяц (па серадах) выходзяць у “народ”. Гэта доўжыцца ўжо паўтара года. Штомесяц педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг, кіраўнікі музычнага і фізічнага выхавання кансультуюць мам ва ўнівермагу райцэнтра, дзіцячай бібліятэцы, на рынку, у гарадскім парку, дзіцячай паліклініцы, дварах шматпавярховых дамоў, а таксама каля пясочніцы на плошчы імя Леніна.
Для прыцягнення ўвагі бацькоў наладжана рэкламная кампанія: змайстраваны шыльдачкі, развешваюцца аб’явы, рыхтуюцца буклеты і памяткі. Работа нашых спецыялістаў не застаецца без увагі маладых сем’яў. І гэта зразумела.
Даволі часта праблемы выяўляюцца тады, калі дзіця прыводзяць у садок і калі ўжо трэба прымаць тэрміновыя меры па псіхалагічным і педагагічным развіцці дашкольніка. А калі своечасова пракансультаваць маму ці тату (і нават бабулю), то яны самі ў большасці выпадкаў змогуць папрацаваць з дзіцем і дабіцца станоўчых вынікаў у яго выхаванні.
Да музычнага кіраўніка звяртаюцца па параду, як на раннім этапе развіваць музычны слых, да кіраўніка фізічнага выхавання — з пытаннем пра рухальную актыўнасць. У педагога-псіхолага найчасцей высвятляюць, як змагацца з плаксівасцю. З настаўнікам-дэфектолагам раяцца наконт развіцця маўлення.
Сёння, калі амаль у кожнай сям’і ёсць доступ да інтэрнэту і любой інфармацыі, маладыя бацькі адзначаюць, што ў супрацоўніцтве з педагогамі важна атрымліваць прафесійную кансультацыю ад неабыякавых людзей, бачыць спагаду ў вачах, адчуваць цеплыню чалавечых зносін.
Ёсць прыклады, калі такая форма работы наладзіла сяброўскія адносіны паміж сем’ямі. Так, у пясочніцу для бацькоў звярнуліся жонкі пагранічнікаў, якія маюць дзяцей. З-за дзейнасці мужоў яны вымушаны пераязджаць з аднаго месца на другое. У нашым горадзе знаёмых у іх не было. Праз пясочніцу жанчыны змаглі пазнаёміцца з іншымі бацькамі і пасябраваць. Гэтыя сем’і цяпер аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы, звязаныя з раннім развіццём дзяцей, наладжваннем сяброўскіх кантактаў і арганізацыяй сумеснага адпачынку.
Педагогі нашай установы (Антаніна Георгіеўна Пашкевіч, Святлана Яўгенаўна Дзеравенец, Наталля Барысаўна Ганчарук, Вольга Мікалаеўна Рудзінская, Людміла Паўлаўна Семянчук і Тамара Фёдараўна Міхайлава) назапасілі карысны матэрыял для работы з бацькамі ў форме “пясочніцы”. Распрацавалі памяткі і буклеты “Асаблівасці ўспрымання музыкі дзецьмі ад нараджэння да двух гадоў”, “Дзіцячая плаксівасць і яе псіхалагічны аспект”, “Фізічныя рухі: што можна і чаго нельга да двух гадоў”, “З пальчыкамі гуляем — маўленне развіваем” і г.д.
У бацькоўскую пясочніцу могуць завітаць усе, незалежна ад таго, дзе жыве сям’я, які дзіцячы садок плануе выбраць у будучыні. Сёлета да нас прыходзілі бацькі, з якімі мы толькі пачыналі працаваць. Іх аднадушная думка: “Пясочніцы для бацькоў быць!” Такая форма работы, па іх словах, дапамагае павысіць педагагічную кампетэнтнасць у пытаннях ранняга выхавання дзіцяці. Веданне ўзроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей, педагагічныя парады дазваляюць бацькам ісці ў правільным напрамку па іх развіцці і выхаванні, дапамагаюць у штодзённых зносінах з дзецьмі. Важна, што ўсё гэта выводзіць на ўзровень партнёрскіх адносін бацькоў і дзіцячы сад.

Людміла ТАРАСЕВІЧ,
загадчыца ясляў-сада № 3 Століна.