Пясочная гульнятэрапія

З кожным годам у дашкольных установах выяўляецца ўсё больш дзяцей са слабаразвітым маўленнем, цяжкасцямі ў навучанні, парушэннямі актыўнасці і ўвагі. Падача праграмнага матэрыялу для такіх дзяцей, іх выхаванне і развіццё патрабуюць ад педагога творчага падыходу, арыентацыі на індывідуальныя асаблівасці. Важную ролю ў карэкцыйнай рабоце адыгрывае ўзаемадзеянне педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага і выхавальнікаў.

Сёння вядома шмат методык псіхакарэкцыі і дыягностыкі: казка- і музыкатэрапія, работа з глінай і пластылінам, маляванне і інш. Апошнім часам усё большую папулярнасць набывае пясочная гульнятэрапія. Гэта адзін з эфектыўных метадаў арт-тэрапіі, які вылучаецца прастатой маніпуляцый, магчымасцю стварэння новых форм, кароткачасовасцю існавання створаных вобразаў.

Пясочная гульнятэрапія — найбольш выніковы метад у рабоце з дзецьмі з парушэннем маўлення. У такіх дзяцей вельмі часта выпрацоўваецца шмат комплексаў. Задача пясочнай гульнятэрапіі заключаецца ў навучанні дзіцяці спецыяльным навыкам паводзін і прапанаванні яму магчымасці быць такім, якім яно сябе бачыць.


Гульні на пяску — адна з форм натуральнай дзейнасці дзяцей. Менавіта таму выкарыстоўваю пясочніцу на развіццёвых і вучэбных занятках з дзецьмі з парушэннем маўлення.

Спачатку гульні з пяском з’яўляліся часткай заняткаў і выкарыстоўваліся ў якасці дадатковага метадычнага прыёму. Дзеці праяўляюць вялікі інтарэс да пясочных гульняў, бо любяць імі займацца і не баяцца іх.

Элементы пясочнай гульнятэрапіі прымяняліся ў індывідуальнай рабоце з дзецьмі і на падгрупавых занятках. У рабоце з дзецьмі з парушэннем маўлення ўдзяляю большую ўвагу навучальным і пазнавальным гульням. Гэтыя гульні развіваюць не толькі маторыку рук, але і ўвагу, памяць, мысленне, уяўленне. Дзеці расказваюць пра свае адчуванні, дзякуючы чаму развіваецца іх маўленне і папаўняецца слоўнікавы запас.

Улічваючы прынцып паступовасці (ад простага да складанага), пераходзіла ад гульняў-дотыкаў на паверхні пяску да гульняў з пагружэннем рук у пясок і практыкаванняў з мокрым пяском.

Перанос традыцыйных педагагічных заняткаў у пясочніцу аказаўся надзвычай эфектыўным у параўнанні са стандартнымі формамі навучання. Істотна ўзмацнілася жаданне дзяцей даведвацца штосьці новае, эксперыментаваць і працаваць самастойна. Акрамя таго, у дзяцей больш актыўна развівалася прадметна-гульнявая дзейнасць, звязаная з разнастайнасцю сюжэтна-ролевых гульняў і камунікацыйных навыкаў.

Тэхналогія пясочнай гульнятэрапіі шматфункцыянальная, бо дазваляе адначасова вырашаць задачы дыягностыкі, карэкцыі і развіцця маўлення. Дзеці атрымліваюць магчымасць самавыяўлення, вучацца працаваць у калектыве. Акрамя таго, у дзяцей развіваецца самаацэнка.

Нетрадыцыйныя метады ўздзеяння на дзяцей — перспектыўны сродак карэкцыйна-развіццёвай работы педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-дэфектолагаў і выхавальнікаў. Выкарыстанне пясочнай гульнятэрапіі садзейнічае не толькі ўсебаковаму развіццю дзіцяці, але і больш паспяховай яго адаптацыі да навучання на наступнай ступені адукацыі, стымулюе жаданне дашкольнікаў вучыцца і развівацца.

Вольга ЛАКІЗА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 3 Жабінкі.