Прырода падкажа

Усе работы выдатныя, але выбіраць прафесію варта па сваіх задатках. У гэтым пераканаліся вучні сярэдняй школы № 99 Мінска падчас эксперыментальнага тэсціравання.

Над рэспубліканскім эксперыментальным праектам “Апрабацыя методыкі ранняй прафарыентацыі навучэнцаў 6—9 класаў на аснове выяўлення іх прыроджаных задаткаў, паспяховага навучання прафесіям” калектыў установы працуе другі год. За мінулы навучальны год школьнікі з эксперыментальных класаў выканалі 12 тэстаў, падчас якіх вымяраліся іх сенсаматорныя і перцэпцыйныя прыродныя задаткі. А на аснове вынікаў вучням выдаваліся заключэнні: якую рабочую прафесію яны могуць абраць і стаць у ёй майстрам, бо іх псіхафізіялагічныя асаблівасці проста створаны пад іх.
— Тэсты выклікалі ў дзяцей, як і ў іх бацькоў, вялікую цікавасць, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце куратар эксперыментальнай дзейнасці ў школе Іна Леанідаўна Слабоднік. — Вучні з задавальненнем іх выконвалі, нават спаборніцтвы наладжвалі: у каго якая рука мацнейшая, хто лепш словы запамінае, а хто лічбы, фігуры, хто хутчэй і дакладней выканае заданне. Вынікамі першага эксперыментальнага года мы вельмі задаволены: палова вучняў двух 9-х класаў, якія ўдзельнічалі ў апрабацыі, паступілі ў прафесійныя каледжы і ліцэі. У размовах з намі, педагогамі, яны прызнаваліся, што свой выбар зрабілі асэнсавана, што нават калі абраная імі прафесія не стане для іх справай жыцця, атрыманыя веды і ўменні па ёй абавязкова спатрэбяцца ў будучым.
Для правядзення тэсціравання асаблівых прыбораў не трэба. Важна, каб у школе меліся камп’ютары, джойсцікі, навушнікі, якія паглынаюць гук, педалі, а для праверкі сілы рук патрэбныя яшчэ дынамометры. Эксперыментальнымі методыкамі калектыў школы забяспечыла навуковы кіраўнік праекта загадчыца лабараторыі псіхафізіялогіі, прафесіяграмы Рэспубліканскага цэнтра праблем чалавека БДУ Святлана Станіславаўна Сагайдак.
— З вынікамі эксперыментальнай дзейнасці мы абавязкова знаёмім нашых педагогаў, — тлумачыць Іна Леанідаўна. — Іх прафесійны абавязак не толькі навучыць прадмету, а разгледзець здольнасці дзіцяці, дапамагчы ім іх развіць.
З 1 верасня эксперымент у школе працягваецца. Дзеці за год змяніліся, падраслі, набраліся вопыту. Ім яшчэ раз будуць прапанаваны тыя ж самыя тэсты, каб адсачыць дынаміку.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.