Прычашчэнне родным словам

Шматгадовыя традыцыі захоўваюцца там, дзе, акрамя добрасумленнасці ў працы, пануе непадробная любоў да выбранай калісьці прафесіі. Менавіта гэтай рысай адметны калектыў Верасніцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам Валянціны Адамаўны Казак.

А новыя традыцыі нараджаюцца там, дзе людзі працуюць творча, як кажуць, з бляскам у вачах, з агеньчыкам у душы. І той, хто наведаў хоць раз сцены вясковай школы, не прамінае магчымасці вярнуцца сюды яшчэ, падзяліцца ўражаннямі, новымі дасягненнямі са сваімі блізкімі сябрамі і знаёмымі.Адна з такіх новых традыцый непрыкметна наладзілася ў школьнай сямейцы вёскі Верасніцы. Сюды з вялікім задавальненнем наведваецца сучасны беларускі празаік і мастак Юрый Кур’яновіч, які выступае перад школьнікамі на гісторыка-культурную тэматыку, знаёміць з новымі выданнямі, маладымі аўтарамі, папаўняе школьную бібліятэку сваімі кнігамі. Дарэчы, Юрый Кур’яновіч даўно захоплены як маляўнічай прыродай Тураўшчыны, так і гісторыяй даўно мінулых дзён. Гэтае захапленне пісьменніка выражаецца ў значных дзеяннях па аднаўленні духоўна-культурнага асяроддзя Тураўшчыны. Сёння шматлікае паломніцтва да тураўскіх крыжоў нікога не здзіўляе. Наш палескі куточак наведваюць не толькі беларусы, але і іншаземныя турысты. І наўрад ці хто прыпомніць, што гэта Юрый Кур’яновіч першым пачаў расказваць на старонках рэспубліканскіх выданняў пра загадкавасць крыжа на Барысаглебскіх могілках. Каб прыцягнуць увагу грамадкасці да праблемы заняпаду Турава, Юрый Кур’яновіч запрашаў у прыватным парадку сюды і знакамітых людзей, і радыёстанцыі, і тэлебачанне. У школах Тураўшчыны прайшла фотавыстава пісьменніка пад назвай “Краявіды беларускай Палесціны”, якая адлюстравала філасофскую непаўторнасць нашай Бацькаўшчыны. За ўклад у мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі Юрый Кур’яновіч узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Каб пацвердзіць такое прызнанне краіны, ён працягвае плённа працаваць у гэтым напрамку. Дзякуючы яго арганізацыйнай дзейнасці, у канцы мінулага года ў Верасніцкай школе адбылася новая духоўна-культурная сустрэча вучняў з пісьменнікамі Юрыем Кур’яновічам, Анатолем Зэкавым, Віктарам Патапенкам.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Мікалаевіч Зэкаў чытаў дзецям і забаўляльныя лічылкі, і прыклады правіл дапаможнікаў правапісання слоў, і гумарэскі. Перад уважлівымі слухачамі выступаў і празаік Віктар Уладзіміравіч Патапенка, аўтар публіцыстычнага зборніка “Арганізавана супраць арганізаванай”, зборніка апавяданняў “Я — оперупаўнаважаны…”, дэтэктыва “Сустрэчная паласа”, кніг “ Шлях бярозамі значаны”, “Загадкі пушчанскай патапечы”.

Чырвоным радком выступленняў пісьменнікаў праходзіла думка аб значнасці захавання роднай мовы, непасрэднага чытання жывой кнігі, развіцця нацыянальнай свядомасці, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў напрамку не толькі захавання народнай культуры, але і яе развіцця.

Сустрэча праходзіла ў настолькі цёплай і добразычлівай атмасферы, што вучні асмеліліся прачытаць свае першыя спробы ў лірыцы. Віктар Саўчук і Сяргей Гулюта выйшлі на аўдыторыю слухачоў са сваімі першымі летуценнымі радкамі, якія выклікалі ў зале прыцішанае захапленне і аднагодак, і славутых пісьменнікаў. У знак прызнання пісьменнікі адарылі хлопцаў кнігамі з аўтарскімі пажаданнямі поспехаў на творчай пуцявіне. Яшчэ доўгі час вучні, узрушаныя пачуццямі, задавалі пытанні пісьменнікам, фатаграфаваліся на доўгую добрую памяць і, не паспеўшы развітацца, запрашалі зноў наведаць Верасніцу, каб сустрэча адбылася і для іх бацькоў.

Назіраючы за бляскам вачэй падлеткаў, удзельнікаў літаратурных чытанняў, я ўсе спрабавала вобразна апісаць або параўнаць гэтую падзею з тымі святамі душы, якія звычайна чалавек перажывае ў сваім жыцці. І гэтыя словы прыйшлі раптоўна, як святло з нябес: “Прычашчэнне родным словам!” Кожны з нас да глыбіні душы быў крануты матчыным словам, якое ўзышло і ўскаласілася на Бацькаўшчыне пад пяшчотнымі промнямі непарыўнасці мінулага і сучаснага.

Спадзяёмся, што пісьменнікі ў хуткім часе зноў наведаюць нашу школу, тым больш што школа з 2016 года працуе над праграмай “Стварэнне адзінай беларускамоўнай прасторы ва ўстанове адукацыі”. І, як паказала справа, гэта не проста праграма. На сённяшні дзень для Верасніцкай школы гэта новая ступень творчай і плённай дзейнасці педагагічнага калектыву і вучняў.

Святлана БАЛБУЦКАЯ,
настаўніца Верасніцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.