Праз “Альтанку” — у краіну Паэзіі

“Мастацкае слова дапамагае акунуцца ў незвычайны і чароўны свет герояў. Разам з імі я вандрую: то птушкай лячу над бяскрайнімі палямі, то маленькай рыбкай ныраю ў рачныя глыбіні, то лёгкай пушынкай узнімаюся ў нябёсы. І так хораша, лёгка! Чаму так адбываецца? Адкуль у простых радках сіла, якая можа прымусіць плакаць, смяяцца, любіць, ненавідзець, абурацца, цярпець?” — піша васьмікласніца Настасся Варабей у замалёўцы “Чарадзейная сіла мастацтва”.

Такое сціплае, але шчырае прызнанне. І столькі ў гэтых словах захаплення, веры і святла, што ні на хвіліну не ўсумнішся: слова дадзена чалавеку, каб несці радасць, цеплыню і любоў. Але адчуць яго вялікую сілу зможа толькі той, хто дакранецца да яго душой. Менавіта такіх дзяцей, чулых да хараства, здольных бачыць незвычайнае ў звыклым, аб’яднаў паэтычны клуб “Альтанка”, які зусім нядаўна пачаў дзейнічаць у нашай гімназіі. У ім сабраліся тыя, хто з дапамогай мастацкага слова спрабуе расказаць пра хараство роднага краю, перадаць эмоцыі і пачуцці, раскрыць сваё бачанне свету, падзяліцца самым патаемным. Юныя гурткоўцы адкрываюць для сябе краіну Паэзіі, вучацца любіць і шанаваць роднае слова, старанна берагчы яго залатыя россыпы.
Галоўная задача клуба — падштурхоўваць дзяцей да літаратурнай дзейнасці, далучаць іх да мастацтва, развіваць творчыя здольнасці і ствараць умовы для фарміравання творчай актыўнасці школьнікаў.
Аснову заняткаў клуба, які наведваюць вучні 5—11 класаў, складаюць веды, атрыманыя дзецьмі на ўроках. На занятках пашыраецца і паглыбляецца школьная праграма па літаратуры. Клубаўцы авалодваюць навыкамі аналізу мастацкага тэксту, выконваюць заданні даследчага характару, ствараюць уласныя тэксты, далучаюцца да самастойнай работы і пошукавай дзейнасці, вучацца параўноўваць і аргументаваць.
Для таго каб адчуць сілу мастацкага слова, вучні далучаюцца да творчага прачытання твораў. На занятках дзеці вучацца выразна чытаць і слухаць мастацкае чытанне, пераказваюць казкі і легенды.
Не менш цікава праходзяць заняткі па вусным маляванні, калі даводзіцца пісаць пейзаж на фоне рэальнай карціны (напрыклад, паводле назіранняў за з’явамі прыроды ў час экскурсій і паходаў). Такое маляванне надзвычай эмацыянальнае. Яно развівае ўяўленне і назіральнасць, узбагачае слоўнік вобразнымі сродкамі, адкрывае эмацыянальны настрой чытача, садзейнічае разуменню аўтарскай думкі, развівае мову вучняў.
Творчая асоба — гэта асоба, здольная думаць неардынарна, знаходзіць выйсце там, дзе не чакаеш падказкі. Творчасць развівае інтэлект, асобасныя і камунікатыўныя якасці вучняў, садзейнічае самавыхаванню.
Мяне часам вельмі здзіўляе арыгінальнасць тэм і ідэй, якія прапануюць вучні: “Пра што думае знічка?”, “Песня асенняга ліста”, “А вы чулі, як спяваюць дрэвы?”, “І ўсміхнецца Дабрыня, Прыгажосць і Шчырасць”. Багатая фантазія акрыляе, адкрывае таямніцы, вучыць слухаць мову птушак і кветак, разумець прыроду і берагчы яе.
Дзецям падабаюцца такія ўрокі творчасці. Яны не баяцца, што за пісьменнасць ім паставяць нізкую адзнаку. Галоўнае, што вучні могуць выказацца, падзяліцца набалелым.
Развіццё літаратурных здольнасцей — вельмі складаны працэс. Творчая дзейнасць патрабуе пастаяннага стымулявання, таму выкарыстоўваю разнастайныя формы работы: займальныя гульні, тэатралізаваныя выступленні, дыспуты, праблемныя пытанні, гульні-асацыяцыі, пераўвасабленні, майстар-класы.
Сачыненні розных жанраў на ўроках беларускай мовы і літаратуры развіваюць інтарэс да літаратурнай творчасці, а на занятках клуба гэты інтарэс выліваецца ў нешта большае. Так, у 6 класе на ўроку літаратуры пры вывучэнні вершаванага ўрыўка П.Труса “Падаюць сняжынкі” вучні рабілі замалёўку з элементамі апісання зімовага пейзажу. У выніку ўзнікла ідэя расказаць пра такую з’яву, як снегапад. На занятках клуба нарадзілася цікавая тэма “Вальс сняжынак”. На ўроку “Паглыбленне паняцця пра публіцыстычны стыль” у 8 класе дзеці знаёміліся з жанрамі публіцыстычнага стылю (рэпартаж, інфармацыйная нататка). На практыцы — нататка пра сустрэчу з пісьменнікам Анатолем Крэйдзічам у гімназічную газету.
Дзецям падабаюцца сачыненні на аснове ўласных назіранняў, разважанні праблемнага характару. Вучні складаюць рэпартажы, вучацца пісаць нататкі, эсэ, мініяцюры, гумарыстычныя апавяданні.
Прыёмы, якія выкарыстоўваю, фарміруюць яркае ўяўленне, развіваюць імкненне да самарэалізацыі. Гэта пацвярджаюць работы вучняў, перамогі ў творчых конкурсах. Дзіцячыя творы друкаваліся ў абласной газеце “Народная трыбуна”, раёнцы “Чырвоная звязда” і часопісе “Маладосць”.
Стварэнне неабходных умоў для дзейнасці дзіцяча-дарослай суполкі — адзін з важных аспектаў работы клуба. Таму асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі творчых сустрэч з пісьменнікамі рэгіёна, удзелу ў творчых конкурсах, супрацоўніцтву з раённай газетай “Чырвоная звязда” і арганізацыі экскурсій і паходаў па родным краі.
Члены клуба правялі сустрэчу з галоўным рэдактарам “Чырвонай звязды” старшынёй Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатолем Крэйдзічам, падчас якой абмеркавалі яго кнігу “Роднае, шчымлівае”, у прыватнасці дакументальна-мастацкую аповесць “Богаў сон”, прысвечаную вядомаму мастаку-земляку Янку Рамановічу.
Вялікі эмацыянальны зарад атрымалі вучні ў час экскурсіі ў музей Яўгеніі Янішчыц, што ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна. Знаёмства з дзяцінствам паэтэсы, яе школьным жыццём, адносінамі з роднымі, аднакласнікамі і вяскоўцамі сфарміравала ў вучняў цікавасць да творчасці і асобы аўтара. Краязнаўчы аспект дзейнасці клуба выхоўвае цікавасць да малой радзімы, гонар і павагу за свой народ.
Клуб выпускае альманах “Альтанка”. Рыхтуецца ўжо другі яго нумар. У час падрыхтоўкі зборніка вучні сістэматызуюць творы па раздзелах, працуюць над мастацкім афармленнем.
Клубаўцы актыўна ўдзельнічаюць у міні-праекце “Гармонія фарбаў і мастацкага слова”. Яго мэта — мастацкае афармленне асабістых твораў. Вучні прапануюць шмат ідэй па ілюстраванні сваіх работ. Міні-праект — гэта частка вялікага праекта па выпуску зборніка. Наступны этап творчай дзейнасці членаў клуба — абмеркаванне варыянтаў вучнёўскіх праектаў і стварэнне ініцыятыўнай групы па афармленні альманаха. Сёння дзеці знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі прэзентацыі сваіх работ: складаюць сцэнарый, выбіраюць вядучых, падбіраюць слайды для мультымедыйнай дэманстрацыі, гукавое суправаджэнне, абмяркоўваюць з настаўніцай музыкі і кіраўніком танцавальнага гуртка мастацкія і танцавальныя нумары, думаюць над афармленнем сцэны.
Дзейнасць клуба развівае не толькі паэтычныя здольнасці вучняў, але і іх мастацкі густ. А самае галоўнае — прывівае любоў да Бацькаўшчыны і роднага слова, вучыць шанаваць і берагчы яго.

Алена ЯРМАШУК,
кіраўнік паэтычнага клуба “Альтанка”,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Іванава.