Праца, творчасць, захапленне

Настаўнік інфарматыкі гімназіі № 2 Брэста Ігар Навумавіч Басін захапляецца камп’ютарнымі тэхналогіямі ўжо даўно. Веданне новых дасягненняў у педагогіцы і методыцы выкладання інфарматыкі, эфектыўнае выкарыстанне сучасных тэхналогій дазваляюць настаўніку дабівацца высокіх вынікаў навучання.

У метадычным арсенале педагога шмат розных метадаў і прыёмаў, якія дазваляюць падтрымліваць актыўнасць вучняў на працягу ўсяго ўрока, фарміруюць у іх вучэбна-інтэлектуальныя ўменні і навыкі. Выхаванцы Ігара Навумавіча адрозніваюцца цікаўнасцю, імкненнем да пазнання новага. Заняткі настаўніка праходзяць у выглядзе ўрокаў-прэзентацый, урокаў-даследаванняў, віртуальных эксперыментаў і тэматычных праектаў.
Гімназія — апорная пляцоўка па ўкараненні і распаўсюджанні інфармацыйных тэхналогій. І.Н.Басін — ініцыятар укаранення ў адукацыйны працэс дыстанцыйнага навучання ва ўстановах адукацыі Маскоўскага раёна Брэста. Гэтае навучанне дазваляе выкарыстоўваць розныя формы адукацыйнай дзейнасці, што з’яўляецца неабходнай умовай для развіцця пазнавальнай актыўнасці, творчага ўзаемадзеяння і самаразвіцця адораных дзяцей.
Педагог больш за 7 гадоў узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў інфарматыкі, ахвотна дзеліцца вопытам работы на курсах павышэння кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным ІРА. Педагог — пастаянны ўдзельнік навукова-практычных канферэнцый рознага ўзроўню. І.Н.Басін актыўна друкуецца на старонках рэспубліканскіх выданняў.
Настаўнік лічыць, што інфарматызацыя дазваляе перайсці да педагогікі супрацоўніцтва, калі вучань і педагог, маючы доступ да разнастайных інфармацыйных рэсурсаў, становяцца моцнымі партнёрамі ў адукацыйным працэсе. Выхаванцы І.Н.Басіна неаднаразова займалі прызавыя месцы на розных навукова-практычных канферэнцыях, перамагалі ў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. Акрамя таго, вучні настаўніка з’яўляюцца аўтарамі камп’ютарных праграм.
Захапленне бацькі перадалося сыну Уладзіславу і дачцэ Ганне, якія сёння асвойваюць праграміраванне ў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Жонка І.Н.Басіна Алена Ігнатаўна працуе настаўніцай матэматыкі ў той жа гімназіі, дзе і муж.
Работа Уладзіслава Басіна “Партфоліа настаўніка”, якая атрымала дыплом ІІІ ступені на ХIII Рэспубліканскай канферэнцыі вучняў па дакладных навуках, укаранёна ў дзейнасць метадычнай службы гімназіі № 2.
А “Комплекс праграм для стварэння і правядзення гульняў “Што? Дзе? Калі?” і “Свая гульня” адзначаны дыпломам на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Гэты праграмны прадукт выкарыстоўваецца пры правядзенні розных інтэлектуальных спаборніцтваў.
Вучні І.Н.Басіна паказалі добрыя вынікі на другім (7 дыпломаў), трэцім (3 дыпломы) і заключным (дыплом ІІІ ступені і пахвальны водзыў) этапах сёлетняй прадметнай алімпіяды па інфарматыцы.
У чым сакрэт высокай якасці ведаў выхаванцаў І.Н.Басіна? У настаўніка склалася сістэма работы па выяўленні і эфектыўным навучанні здольных дзяцей, важнай часткай якой з’яўляецца індывідуальна-асобасны падыход.
Ігар Навумавіч — цікавы суразмоўнік. Калегі адзначаюць у ім высокую працаздольнасць, адданасць любімаму прадмету і выбранай прафесіі. Гэта чалавек шчодрай душы, для якога няма чужых праблем. Эрудзіраванасць і кампетэнтнасць, сціпласць і прыстойнасць — гэтыя рысы вылучаюць тыя, хто яго ведае. Кіраўніцтва гімназіі цэніць у настаўніку прафесіяналізм і адказнасць. Нядзіўна, што педагог з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі.
Можна не сумнявацца, што праца, творчасць і захапленне сваім прадметам дазволяць узняцца І.Н.Басіну да новых вяршынь педагагічнага майстэрства.

Ніна ДРЫК.