Прага новай вышыні

Дзяцінства — самы бесклапотны і, без сумнення, самы інфармацыйна насычаны час жыцця чалавека. Кожны дзень, кожную гадзіну маленькія людзі здзяйсняюць новыя адкрыцці: як уладкаваны навакольны свет, як арганізавана жыццё іншых людзей, чаму ў прыродзе ўсё так, а не інакш… І ад таго, наколькі часта мы, дарослыя, будзем удзяляць увагу дзецям і бавіць з імі час, наколькі падрабязна і кампетэнтна адказваць на бясконцыя “чаму”, “як” і “навошта”, наколькі цэласным і штодзённым будзе працэс абмену інфармацыяй, залежыць не толькі агульны адукацыйны ўзровень ведаў і развіцця маладога пакалення, але і ступень адукаванасці грамадства ў цэлым.

У Крапівенскім яслях-садзе — сярэдняй школе Аршанскага раёна асаблівая ўвага ўдзяляецца ўсебаковаму развіццю школьнікаў, пашырэнню кругагляду дзяцей, фарміраванню ўстойлівай цікавасці да набыцця ведаў. Ужо пяць гадоў, як у школе створана і плённа працуе навуковае аб’яднанне “Сузор’е”, у межах работы якога дарослыя і дзеці займаюцца сумеснай навукова-даследчай дзейнасцю, правяраюць слушнасць разнастайных гіпотэз, робяць самыя неверагодныя адкрыцці не толькі па прадметах, якія вывучаюць у школе, але і ў любой галіне, якая выклікае цікавасць. З мэтай выяўлення інтэлектуальна адораных вучняў, дзяцей, якія здольны да нестандартнага мыслення, у школе штогод стартуе агульнашкольны інтэлектуальны марафон, якому ў кожным класе папярэднічаюць міні-марафоны. Традыцыйнымі сталі і прадметныя алімпіяды, якія праходзяць праз увесь навучальны год, не спыняючыся нават падчас канікул. Для павышэння якасці ведаў вучняў у школе арганізавана зладжаная сістэма факультатываў, наведваюць крапівенскія школьнікі і заняткі міжшкольных факультатываў, арганізаваных аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама на базе школ і гімназій Оршы. Самы актыўны ўдзел прымаюць вучні Крапівенскай школы і ў рэспубліканскіх прадметных гульнях-конкурсах “Буслік”, “Інфамышка”, “Лінгвісцяня”, “Жураўлік”, “Кенгуру” і інш.
Варта адзначыць, што адміністрацыя і педагагічны калектыў школы зацікаўлены ў павышэнні ўзроўню ведаў абсалютна кожнага навучэнца, імкнуцца разгледзець здольнасці кожнага дзіцяці незалежна ад стартавых магчымасцей, зрабіць працэс узбагачэння ведамі сістэматызаваным, захапляючым і бесперапынным.
Так, у час гэтых восеньскіх канікул у школе працаваў аздараўленчы лагер “Краіна чароўных ведаў”, у якім адпачывалі, весела і цікава бавілі час дзеткі, сем’і якіх маюць пэўныя цяжкасці сацыяльнага характару.
На першы погляд, усе ўжо прывыклі да такого віду адпачынку школьнікаў. Аздараўленчы лагер карыстаецца заслужанай папулярнасцю ў бацькоў і дзяцей з-за цікавых забаў, смачнай ежы і асаблівай увагі да выхаванцаў. Аднак гэтая лагерная змена, няхай і працягласцю ўсяго толькі -адзін тыдзень, была асаблівай. Школьнікі не толькі гулялі ў спартыўныя гульні, удзельнічалі ў самадзейных канцэртах і творчых конкурсах, але і штодзённа прымалі ўдзел у разнастайных адукацыйных занятках пад агульным дэвізам “У школе весела жывём, новага шмат пазнаём!”. Асабліва спадабаліся выхаванцам лагера гульня “Здагадайся, што гэта”, інтэлектуальны калейдаскоп “У свеце цікавага”, кніжная гадзіна “Адкрываем свет цудоўны”, экалагічны марафон “Падарожжа па мацерыках і краінах”. У “Краіне чароўных ведаў” дзеці аб’ядналіся ў два рознаўзроставыя атрады — “Чамучкі” і “Пазнавайкі”, таму многія з пазнавальных мерапрыемстваў праходзілі ў форме спаборніцтваў, як, напрыклад, пасяджэнні клуба любаведаў “Хто больш ведае”, што яшчэ больш матывавала выхаванцаў лагера да вывучэння новага.
Вучні Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна прыходзяць у школу сапраўды па новыя веды, па цікавыя адкрыцці, якія, несумненна, спатрэбяцца ім у дарослым жыцці, дапамогуць правільна абраць працоўны шлях, быць запатрабаванымі ў грамадстве, бо, як слушна адзначыў англійскі філосаф Ф.Бэкан, “трэба імкнуцца да ведаў не дзеля спрэчак, не дзеля ўзвышэння над іншымі, не дзеля выгады, славы, улады або іншых нізкіх мэт, а дзеля таго, каб быць карысным у жыцці”.

Наталля МАРОЗАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна, кіраўнік літаратурна-драматычнага гуртка “Арт.by”.