Праектна–даследчая дзейнасць для малодшых школьнікаў

У Ельскім раёне Гомельскай вобласці ў сценах Добрынскай сярэдняй школы і Млыноцкага дзіцячага сада — пачатковай школы праведзена пасяджэнне абласнога метадычнага савета на тэму “Развіццё творчых здольнасцей малодшых школьнікаў праз праектна-даследчую дзейнасць”.

Пляцоўкай для правядзення пасяджэння раён выбраны невыпадкова. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама трэці год запар прызнаецца лідарам у абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ў падведамасных установах.
Пасяджэнні абласнога метадычнага савета накіраваны на павышэнне прафесійнага ўзроўню загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў, удасканаленне зместу і арганізацыйных форм работы з педагагічнымі кадрамі ў раёнах. У рабоце метадычнага савета прынялі ўдзел загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых і Гомельскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, супрацоўнікі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Ельскага раёна.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама Віктар Амяльчук пазнаёміў прысутных з тым, як ствараюцца ўмовы ва ўстановах адукацыі рэгіёна для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу навучэнцаў.У ходзе пасяджэння адбылася прэзентацыя аўтарскага дапаможніка “Ельшчына ад А да Я — гэта Радзіма мая”, створанага творчай групай настаўнікаў пачатковых класаў. Гэты дапаможнік — вынік удзелу малодшых школьнікаў у раённым конкурсе творчых праектаў “Свет, у якім я жыву” і фестывалі дзіцячай творчасці “Браму скарбаў сваіх адчыняю…”. У рамках мерапрыемства адбылася таксама экскурсія-прэзентацыя, у ходзе якой удзельнікі абласнога метадычнага савета наведалі выставы, на якіх былі прадстаўлены работы навучэнцаў і педагогаў; пазнаёміліся з экспанатамі этнаграфічнага музея Добрынскай сярэдняй школы і музейнага пакоя Млыноцкага дзіцячага сада — пачатковай школы; паўдзельнічалі ў майстар-класе і паглядзелі работы творчай майстэрні “Фрагмент фальклорнага свята “Кола года”.
Падводзячы вынікі, удзельнікі далі высокую ацэнку работы ўстаноў адукацыі Ельскага раёна па развіцці творчых здольнасцей малодшых школьнікаў праз праектна-даследчую дзейнасць. А завяршылася работа на Ельшчыне наведваннем Свята-Троіцкай царквы — помніка драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя.

Мікалай ШЭВЕЛЕЎ,
метадыст вучэбна-метадычнага аддзела кіруючых кадраў
і інавацыйнай дзейнасці Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.