Праект “Рэгіён у навучанні: адукацыя для ўсіх пакаленняў”— ад ідэі да рэалізацыі

У сучасных умовах у многіх краінах свету шырокае распаўсюджанне атрымала канцэпцыя “рэгіёнаў, якія навучаюцца”. Яны вызначаюцца як “супольнасці, што фарміруюць стратэгію росквіту і сацыяльнага адзінства праз развіццё чалавечага патэнцыялу сваіх грамадзян”. У рэгіёнах, якія навучаюцца, вялікая ўвага ўдзяляецца адукацыі яго насельніцтва як асноўнаму фактару канкурэнтаздольнасці рэгіёна. Гэтыя ідэі сталі перадумовамі распрацоўкі і рэалізацыі праекта “Рэгіён у навучанні: адукацыя для ўсіх пакаленняў”, які стартаваў у нашай краіне ў 2012 годзе. Праект быў накіраваны на развіццё дадатковай адукацыі насельніцтва Віцебскай і Мінскай абласцей для забеспячэння іх устойлівага развіцця.

Партнёрамі праекта сталі: Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі, Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканская Асацыяцыя Клубаў “ЮНЕСКА”, Грамадскае аб’яднанне “Маладзёжны адукацыйны цэнтр “Фіяльта”. Ад Віцебскай вобласці партнёрамі па гэтым праекце выступілі Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Віцебска.
Значны ўклад ў рэалізацыю праекта па Віцебскай вобласці ўнёс Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
З мэтай павышэння сваёй кампетэнтнасці ў сферы дадатковай адукацыі дарослых супрацоўнікі інстытута прынялі ўдзел у семінары “Сучасныя мадэлі адукацыі дарослых: арганізацыя, формы, змест і тэхналогіі навучання”, які быў арганізаваны ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і арыентаваны на падрыхтоўку спецыялістаў сферы дадатковай адукацыі дарослых да распрацоўкі і рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі для розных груп насельніцтва. Для ўдзельнікаў семінара цікавым з’явіўся прадстаўлены нямецкі вопыт у сферы адукацыі дарослых.
Стымуляванню міжсектарнага ўзаемадзеяння спрыяў праведзены ў абласным інстытуце круглы стол “Рэгіён у навучанні і запыты ў нефармальнай адукацыі дарослых”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады Віцебскага рэгіёна, якія курыруюць сацыяльную сферу, прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый, грамадскіх арганізацый, правайдары адукацыйных паслуг. Прысутным была прадстаўлена канцэпцыя “рэгіёна, які навучаецца”, растлумачана сутнасць праекта і канцэпцыі даследавання патрабаванняў насельніцтва рэгіёна.
Значным мерапрыемствам стаў арганізаваны пры ўдзеле супрацоўнікаў абласнога інстытута конкурс міні-праектаў, накіраваны на падтрымку інфармацыйных кампаній па папулярызацыі сферы дадатковай адукацыі ў Віцебскім рэгіёне. Пераможцамі конкурсу міні-праектаў па Віцебскай вобласці, якія атрымалі фінансавую падтрымку праекта, сталі розныя ўстановы, у тым ліку і ўстановы адукацыі: сярэдняя школа № 12 Віцебска (праект “Энергазберажэнне ў залатым узросце”), сярэдняя школа № 1 Гарадка (праект “ІНТАРэс +”), сярэдняя школа № 16 Оршы (праект “Універсітэт 50+”) і іншыя.
У рамках праекта была распрацавана канцэпцыя даследавання “Адукацыйныя патрэбы жыхароў рэгіёна”. Асноўнай мэтай даследавання стала вывучэнне стану і тэндэнцый развіцця адукацыйных запытаў жыхароў рэгіёна на аснове аналізу і ацэнкі асаблівасцей рынку працы і занятасці насельніцтва, насычанасці рынку адукацыйных паслуг, структуры і зместу існуючых і перспектыўных адукацыйных запытаў жыхароў рэгіёна.
Вынікі даследавання дазволяць у перспектыве ўсім зацікаўленым у развіцці дадатковай адукацыі сфарміраваць пакет найбольш запатрабаваных адукацыйных праграм для жыхароў рэгіёна.
На наш погляд, значнымі мерапрыемствамі сталі рэалізаваныя для жыхароў рэгіёна пілотныя адукацыйныя праграмы: навучальныя семінары для супрацоўнікаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Імідж і поспех”, для моладзі “Воблачныя тэхналогіі — сучасны інфармацыйны рэсурс у дзейнасці грамадскай арганізацыі “БРСМ”, для людзей пажылога ўзросту “Узаемадзеянне: самаразвіццё і адкрыццё новых магчымасцей”. Інавацыйны змест мерапрыемстваў, іх накіраванасць на асабовае развіццё навучэнцаў, а таксама прафесіяналізм выкладчыкаў інстытута, выкарыстанне імі актыўных форм работы дазволілі правесці адукацыйныя мерапрыемствы на дастаткова высокім узроўні.
Заключным мерапрыемствам стаў форум “Рэгіён у навучанні”, які адбыўся ў Віцебску. Форум стаў адкрытай пляцоўкай для абмеркавання пытанняў дадатковай адукацыі дарослых, стымулявання міжсектарнага ўзаемадзеяння ў сферы дадатковай адукацыі дарослых, прадстаўлення адукацыйных праграм і праектаў, абмену вопытам. На сваіх пляцоўках форум сабраў больш за 100 прадстаўнікоў мясцовых органаў кіравання, кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў адукацыі, культуры, сацыяльнай абароны, прадстаўнікоў недзяржаўных, некамерцыйных арганізацый, якія рэалізуюць праграмы дадатковай адукацыі дарослых. У рабоце форуму прынялі ўдзел эксперты з Германіі і Літвы.
Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі быў прадстаўлены вопыт работы “Дзейнасць інстытута па далучэнні насельніцтва да ідэй і каштоўнасцей навучання на працягу ўсяго жыцця” па наступных напрамках: праграмна-метадычнае забеспячэнне дадатковай адукацыі дарослых, рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі, удзел у міжнародных праектах. Рэктарам інстытута Л.Ю.Сляпцовай на пленарным пасяджэнні форуму быў зроблены даклад “Дадатковая адукацыя дарослых у Віцебскім рэгіёне: рэсурс для развіцця асобы і грамадства”, у якім была адзначана роля адукацыі ў жыцці дарослага чалавека, зроблены аналіз стану, праблем і перспектыў дадатковай адукацыі дарослых у Віцебску.
Праект рэалізаваны, падведзены яго вынікі. Падчас рэалізацыі праекта набыты значны вопыт, які з’яўляецца важным для Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі як рэгіянальнай установы адукацыі, якая і ў перспектыве будзе канцэнтраваць сваю дзейнасць на распаўсюджванні ведаў сярод насельніцтва, ведах, якія змогуць стаць адной з умоў развіцця Віцебскага рэгіёна.

Святлана ТАРАРЫШКА,
начальнік Цэнтра прафесійна-асобаснага развіцця
Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.