Праект для валанцёраў

Сёння даволі многа намаганняў бацькоў, педагогаў, медыкаў і грамадскіх арганізацый накіравана на прапаганду здаровага ладу жыцця. Кожны школьнік ведае, што наркотыкі — гэта дрэнна, а любы старшакласнік можа назваць шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі. Але тады ўзнікае пытанне: чаму павялічваецца колькасць наркаманаў і ВІЧ-інфіцыраваных?

У сучасным грамадстве запатрабаваны здаровы, сацыяльна адаптаваны і актыўны чалавек. Сёння недастаткова проста разумець, што не варта губіць сябе. Значна важней вельмі моцна хацець жыць, развівацца, быць здаровым.
Часта прыходзіцца бачыць скептычны выраз твару падлеткаў, калі яны даведваюцца, што чарговае мерапрыемства будзе праведзена “пра шкоду…”. Практыка паказвае, што нудныя з пункту гледжання падлеткаў тэмы можна абмяркоўваць не толькі цікава, але і эфектыўна.
З пачатку мінулага навучальнага года на базе сярэдняй школы № 8 Магілёва рэалізоўваецца інавацыйны праект “Роўны вучыць роўнага”. Яго мэта — укараненне гэтага прынцыпу навучання ва ўстановах адукацыі для павышэння ўзроўню інфармаванасці, пашырэння ведаў падлеткаў пра здароўе, маральныя нормы, культуру паводзін, фарміраванне ў іх свядомага выбару дастойнай жыццёвай пазіцыі.Са стартам праекта ў нашай школе былі набраны групы будучых валанцёраў-інструктараў сярод навучэнцаў 8-х, 10-х класаў, якія сталі ключавымі фігурамі ў рэалізацыі прынцыпу “роўны роўнаму”. Падлеткі падчас спецыяльна арганізаванага трэнінгу атрымлівалі дакладную інфармацыю па праблеме: прафілактыка ВІЧ-інфекцыі і ўжывання ПАР, шкодныя звычкі і залежнасць, рэпрадуктыўнае здароўе, чалавек у свеце людзей і іншае.
У лютым гэтага года на базе нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” ў навучэнцаў нашай школы з’явілася магчымасць абмяняцца вопытам з іншымі валанцёрамі-інструктарамі роўнага навучання. Паліна Рыбакова, Ігар Клапоў, Ліза Бабер, Ягор Кірэйчанка праводзілі трэнінгі, мелі зносіны са сваімі равеснікамі. Знаходжанне ў цэнтры пакінула яркія ўражанні, станоўчыя эмоцыі і каштоўны вопыт валанцёрскага руху.
У адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў праекта міжнароднай дапамогі “Роўны вучыць роўнага” на 2015 год, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” ў рамках змены “Здаровая ініцыятыва” прайшоў фестываль-конкурс валанцёраў-інструктараў роўнага навучання. На конкурсе Магілёў прадстаўляла пара валанцёраў-інструктараў, навучэнцы 10 “Б” класа сярэдняй школы № 8 Магілёва Ганна Бжэзіньска і Ілья Манкевіч. Па выніках праведзеных заняткаў яны занялі заслужанае 2-е месца.
Пасля вяртання дзеці былі запрошаны на маладзёжную сустрэчу “Усе падлеткі могуць… быць здаровымі, прыгожымі і паспяховымі” з удзелам расійскай спявачкі Веры Брэжневай, якая ўпершыню прыехала ў Мінск у якасці пасла добрай волі ЮНЭЙДС (Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДзе). На сустрэчы маладыя людзі абмеркавалі сучасныя падыходы па прасоўванні тэм здароўя і здаровага ладу жыцця сярод шырокага кола сваіх равеснікаў. Сустрэча насіла нефармальны, інтэрактыўны характар. У нашай школе таксама адбылася сустрэча валанцёраў-інструктараў роўнага навучання з вучнямі 9—10-х класаў. Падчас сустрэчы Ілья і Ганна расказалі пра работу школьнага факультатыву, падзяліліся сваімі ўражаннямі пра ўдзел у фестывалі-конкурсе валанцёраў-інструктараў, расказалі пра свае поспехі. У канцы сустрэчы быў праведзены майстар-клас, на якім прызёры фестывалю-конкурсу правялі з навучэнцамі некалькі трэнінгавых практыкаванняў.
Свае веды і ўменні навучэнцы нашай школы паказалі не толькі на рэспубліканскім конкурсе, але і пры правядзенні трэнінгавых заняткаў з педагогамі. На базе сярэдняй школы № 8 Магілёва праходзіў семінар-практыкум для сацыяльных педагогаў Магілёўскай вобласці. У рамках гэтага мерапрыемства валанцёры-інструктары нашай школы Паліна Рыбакова, Ігар Клапоў, Ганна Бжэзіньска і Ілья Манкевіч правялі майстар-клас з педагогамі на тэму “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод моладзі”, “Групавы націск і ўменне гаварыць “не”. Педагогі былі ўражаны выступленнямі нашых вучняў. У выніку Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі адзначыў нашу школу падзячным пісьмом за актыўную і паспяховую прапаганду навучэнцамі бяспечных і адказных паводзін моладзі.

Лілія МАНКЕВІЧ,
педагог-кансультант роўнага навучання валанцёрскай групы,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 8 Магілёва.