Пра зброю Перамогі раскажа Уладзімір Буркевіч

У гэтыя дні ў музеі “Ільянскія далягляды” асаблівым попытам сярод наведвальнікаў карыстаецца выстава “Зброя Перамогі”. Тут прадстаўлена больш за 40 макетаў самалётаў і танкаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія сабраў вучань 5 “Б” класа Уладзімір Буркевіч.

У гэтым навучальным годзе Уладзімір ужо ў другі раз дэманструе ў музеі вынікі сваіх захапленняў. Першая выстава прыцягнула ўвагу збіральнікаў значкоў, узнагарод, знакаў. У тую калекцыю Уладзіміра ўваходзіла больш за 500 прадметаў. На кожным перапынку да яго ішлі вучні рознага ўзросту, каб задаць пытанні, штосьці ўдакладніць наконт таго ці іншага значка. І ўсе знаходзілі адказы, бо пра сваю калекцыю хлопец ведае ўсё. На гэты раз яшчэ больш цікава паслухаць Уладзіміра, бо тэма “Зброя Перамогі” цікавіць многіх. Я нават чула, як адна наша настаўніца тэлефанавала мужу, запрашаючы яго наведаць выставу. “А самае галоўнае, — гаварыла яна, — ты павінен яго паслухаць!”
Сапраўды, слухаць Вову — адно задавальненне. Ён паведамляе столькі фактаў пра свае макеты, што здзіўляешся, як можна ўсё гэта ведаць. А вучань лёгка расказвае нам то пра адзін танк, то пра іншы, то пра самалёт, дае тэхнічныя характарыстыкі, апісвае цяжкасці першых баёў Чырвонай Арміі, робіць параўнанні з варожай тэхнікай таго перыяду, паказвае перавагі савецкай ваеннай тэхнікі. Добра ведае ён і імёны канструктараў, выпрабавальнікаў, камандзіраў, лётчыкаў і танкістаў.
Уладзімір захапляецца ваеннай тэхнікай з чатырох гадоў. Спачатку пытанні пра машыны, зброю задаваў бацьку, брату. Сёння ён сам шмат чытае, глядзіць тэлепраграмы, прысвечаныя ваеннай тэхніцы, наведвае музеі і выставы. Акрамя таго, сям’я Буркевіч на чале з мамай Людмілай Леанідаўнай шмат падарожнічае па Беларусі, наведваючы гістарычныя мясціны.
Уладзімір любіць дзяліцца ведамі са сваімі сябрамі, аднакласнікамі. “Так я адчуваю сваю сувязь з папярэднімі пакаленнямі, — па-даросламу гаворыць хлопец. — Для мяне гэта вельмі важна”.

Людміла МАРКЕВІЧ,
кіраўнік музея “Ільянскія далягляды” Ільянскай
сярэдняй школы імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна.