Пра Перамогу — на цымбалах, у малюнках і дакладах

У гэты аўторак напярэдадні Дня Перамогі гімназія № 174 Мінска гасцінна вітала ўдзельнікаў VII Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, арганізаванай Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, Прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, упраўленнем адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, калектывам гімназіі.

З моманту правядзення першага падобнага форуму юных даследчыкаў Вялікай Айчыннай вайны мінула сем гадоў. За гэты час значна пашырылася як кола ўдзельнікаў, так і тэматыка работ. Сёлета навучэнцы з Беларусі, Расіі, Казахстана прадстаўлялі на суд педагогаў, кандыдатаў гістарычных навук, дацэнтаў, прафесараў 219 грунтоўных актуальных даследаванняў. Калі гаварыць пра асноўныя кірункі праведзенай юнакамі і дзяўчатамі даследчай работы, то іх можна вызначыць па назвах 10 секцый канферэнцыі. Гэта “Свет напярэдадні Другой сусветнай вайны”, “Баявыя дзеянні на франтах Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў”, “Антыфашысцкае супраціўленне на акупіраваных тэрыторыях, партызанскі рух і падпольная барацьба”, “Акупацыйны рэжым, палітыка генацыду і калабарацыянізму”, “Подзвіг ленінградцаў (70 гадоў поўнага зняцця блакады Ленінграда)”, “Савецкі тыл у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Другая сусветная і Вялікая Айчынная вайна ў гістарычных дакументах і навуковых даследаваннях”, “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”, “Мемарыяльная дзейнасць па ўвекавечванні подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Маральнае значэнне Перамогі, гістарычныя вынікі і ўрокі Вялікай Айчыннай вайны”.
Міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя — гэта не толькі вучэбны кабінет, трыбуна і шматгадзіннае зачытванне дакладаў. Добрай традыцыяй стала правядзенне ў рамках канферэнцыі Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Я памятаю! Я ганаруся!”, на які сёлета было прадстаўлена 1600 работ з Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны. Азнаёміцца з сотняй лепшых аркушаў паперы, дзе з дапамогай алоўкаў, пэндзляў і фарбы адлюстравана дзіцячае бачанне падзей вайны, яе наступстваў, паказана, наколькі беражліва сучасная моладзь захоўвае памяць пра тыя трагічныя і ў той жа час гераічныя падзеі, удзельнікі канферэнцыі маглі ў прасторным холе перад актавай залай. Гэтая выстава настройвала на асаблівы лад. Тут можна было ўбачыць і танкавы бой, і франтавыя будні, і жыццё партызан, і радасныя сустрэчы воінаў-пераможцаў, і пасівелых ад часу ветэранаў, якія дзяліліся з маладым пакаленнем успамінамі пра баявую маладосць. Тут жа ў фае ў гонар Перамогі і проста дзеля стварэння святочнай атмасферы спрытныя рукі педагогаў і навучэнцаў 174-й гімназіі напаўнялі будынак установы адукацыі гукамі цымбалаў.
Прадстаўленыя на выставе дзіцячыя малюнкі, напэўна, былі чароўнымі, бо некаторыя з іх ажывалі падчас канферэнцыі. Узяць, напрыклад, малюнак, на якім паказана сустрэча ветэрана з дзецьмі. Колеры і адценні работы сведчаць, што гэтая сустрэча была вельмі цёплай. Менавіта ў такой атмасферы праходзіла і сустрэча ўдзельнікаў канферэнцыі з генерал-маёрам, членам ваенна-навуковага таварыства пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, удзельнікам вызвалення Беларусі, Мінска Аляксандрам Фёдаравічам Фенем. Ветэран не толькі паведаміў пра свой баявы шлях танкіста, але і засяродзіў увагу на неабходнасці захавання памяці пра подзвіг савецкага народа, недапушчэнні фальсіфікацыі гістарычных падзей.

Падобныя словы чырвонай ніткай праходзілі і праз выступленне намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Марата Генадзьевіча Жылінскага, і зварот да маладога пакалення акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Аляксандравіча Кавалені, і выступленне іншых удзельнікаў пленарнага пасяджэння, педагогаў і, канечне, 219 юных даследчыкаў. Напрыклад, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч засяродзіў увагу на маштабах і значнасці партызанскай і падпольнай барацьбы, якая прынесла беларускаму народу славу народа-змагара.
— Такога размаху народнага супраціўлення не было ні ў адной дзяржаве. Партызаны кантралявалі значную частку тэрыторыі Беларусі, знішчылі, паранілі, узялі ў палон тысячы салдат і афіцэраў праціўніка. Такая барацьба садзейнічала падзенню маральна-валявых якасцей варожых войскаў, псіхалагічна надламала акупантаў. Партызаны разам з часцямі Чырвонай Арміі актыўна ўдзельнічалі ў выгнанні ворага з беларускай зямлі. Аднак, на жаль, не спыняюцца спробы перагляду гісторыі, вынікаў вайны. Змяншаецца значэнне аперацыі “Баграціён”, замоўчваецца гераізм народа ў змаганні з ворагам на акупіраванай тэрыторыі, — адзначыў Вячаслаў Віктаравіч.
Менавіта па гэтай прычыне правядзенне Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі набывае асаблівую значнасць і актуальнасць. Традыцыйны форум юных даследчыкаў садзейнічае паспяховаму процістаянню спробам фальсіфікацыі ваеннай гісторыі, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Менавіта гэта з’яўляецца асноўнай мэтай мерапрыемства, якая, безумоўна, дасягаецца. Па выніках канферэнцыі вызначаны лепшыя вучнёўскія даклады. 10 работ былі адзначаны дыпломамі І ступені, 20 — ІІ, 30 — ІІІ і 40 работ атрымалі пахвальныя водзывы. З імёнамі прызёраў можна азнаёміцца, у прыватнасці, на сайце аднаго з арганізатараў канферэнцыі — Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.