Пра бацьку-салдата

Сёння, у Дзень абаронцаў Айчыны, выхаванцы ясляў-сада № 40 Гродна пакажуць фатаграфіі сваіх бацькоў і выступяць з расказам “Мой тата — салдат”. А каб расказ гэты атрымаўся цікавым і дэталёвым, неабходна дома расказаць сыну ці дачцэ пра армію, армейскія прафесіі, падзеі армейскага жыцця.

Магчыма, разглядаючы вялікі дэмбельскі альбом фатаграфій бацькі, дзіця даведаецца пра сапраўднае мужчынскае прызначэнне — быць абаронцам Айчыны. Магчыма, сына зацікавіць ваенная тэхніка, дзіця даведаецца аб ваеннай службе дзеда, захоча стаць салдатам.
Ніякай устаноўкі па падрыхтоўцы аповеду выхавальнік не дае. Дзіця будуе свой расказ ад сэрца, уключаючы асаблівасці гаворкі і інтанацыю бацькі. Вядома ж, прадстаўленне дапаўняецца фотаздымкамі.У гэты дзень дзеці сустрэнуцца з ветэранам вайны, хлопчыкі прадэманструюць фізкультурныя здольнасці на спаборніцтве“Мысалдаты”, якое традыцыйна рыхтуюць фізкультурныя кіраўнікі Ірына Мікалаеўна Пруднікава і Наталля Вацлаваўна Гурына. Педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню дзяцей, умела будуюць план мерапрыемства з уключэннем расказаў пра армію, салдата, дзяржаўную сімволіку.
Завяршыцца свята дэманстрацыяй экспазіцыі “Музей ваеннай тэхнікі”, якая будзе складацца з дзіцячых забавак-машынак, і віншаваннем усіх бацькаў са святам.

Людміла ПЧЭЛІНЦАВА,
загадчыца ясляў-сада № 40 Гродна.