Посткросінг — свет без межаў

Кожны настаўнік шукае свае шляхі для павышэння матывацыі дзяцей да вывучэння замежнай мовы. У англійскім клубе, які дзейнічае ў нашай школе, выкарыстоўваюцца розныя прыёмы для гэтага: суботнія пасяджэнні, тэатралізаваныя мерапрыемствы, літаратурныя вечарыны “Камін-Party”, караоке-шоу, конкурсы іншамоўных песень, гульнявыя праграмы і дыскатэкі па матывах свят англамоўных краін. Сёлета мы паспяхова праехалі па маршруце Лондан — Парыж — Берлін. Сярод новых форм работы варта вылучыць інтэрнэт-праект “Посткросінг”.

Давайце задумаемся, калі апошні раз мы атрымлівалі пісьмо. Не электроннае, а “жывое” пасланне з паштовымі штампамі і маркамі, напісанае ад рукі, з індывідуальнымі асаблівасцямі почырку, якое пахне дальняй дарогай і сумкай паштальёна. Лічыце, што гэта ніяк не суадносіцца з выкладаннем англійскай мовы ў школе? Памыляецеся! Уся перапіска школьнікаў з замежнікамі вядзецца па-англійску.
Посткросінг дазваляе атрымліваць паштоўкі з усяго свету. Гэты праект прадугледжвае непрамы абмен: адпраўляючы паштоўкі адным карыстальнікам, удзельнік атрымлівае іх ад іншых. На пачатак 2013 года ў праекце было зарэгістравана больш за 350 тысяч чалавек з 215 краін. Па колькасці падпісчыкаў Беларусь займае 8 месца сярод краін — удзельніц праекта.
Пісьмовай мове сёння ўдзяляецца менш увагі. Але пісьмо па-ранейшаму застаецца адным з асноўных відаў маўленчай дзейнасці. Вучэбна-метадычныя комплексы для ўсіх класаў змяшчаюць практыкаванні, скіраваныя на фарміраванне ў школьнікаў уменняў складаць асабістыя пісьмы. На пэўным этапе дзеці пачынаюць задумвацца: каму можна адрасаваць свае пісьмы? Для гэтага патрэбны рэальны, а не выдуманы адрасат. Спачатку мы спрабавалі арганізаваць англамоўную перапіску з навучэнцамі суседніх школ. Але ў гэтай сітуацыі адчувалася нейкая штучнасць. Вопыт аказаўся няўдалым. Посткросінг стаў якраз тым жывым асяроддзем, якое дапамагло навучэнцам усвядоміць неабходнасць уменняў правільна і дакладна выказваць уласныя думкі на паперы.
Дзякуючы праекту, дзеці дакладна разумеюць, для чаго неабходна ўмець звязна і лагічна афармляць свае думкі. Школьнікі самастойна абагачаюць слоўнікавы запас, актыўна выкарыстоўваюць лексічны і граматычны багаж ведаў, назапашаных пры вывучэнні вусных тэм. Думкі, выкладзеныя на паперы, лягчэй у далейшым выказаць у вуснай форме. Незаўважна для сябе дзеці засвойваюць правапіс слоў. Значна паляпшаецца почырк, які становіцца максімальна правільным і разборлівым.
Пры выкарыстанні праекта ўлічваюцца і псіхалагічныя асаблівасці школьнікаў. Посткросінг дазваляе самім кантраляваць час складання, паслання і апрацоўкі атрыманай інфармацыі, бо не патрабуе неадкладнага і абмежаванага па часе адказу. Акрамя таго, работа з пасланнем праходзіць у звыклых для дзяцей дамашніх умовах. Менавіта ў гэтай катэгорыі навучэнцаў прагрэс найбольш заўважны.
Праект не толькі паглыбляе веды па прадмеце, але і надае ўпэўненасць у сваіх сілах. Калі спачатку школьнікі перажывалі за здольнасць да напісання пасланняў на англійскай мове, то ўжо праз некалькі месяцаў ад іх няўпэўненасці не засталося і знаку. Сітуацыя поспеху ў навучанні адыгрывае вельмі важную ролю.
Па выніках апытання, праведзенага сярод посткросераў школы, усе ўдзельнікі праекта пагадзіліся, што перапіска істотна дапамагае ім у вывучэнні англійскай мовы і з’яўляецца адной з прычын павышэння вучэбнай паспяховасці.
Праект пашырае кругагляд навучэнцаў, бо посткросінг — гэта акно ў свет з новымі сябрамі і цікавымі зносінамі. Кожнае суботняе пасяджэнне англійскага клуба пачынаецца з абмеркавання паштовак, атрыманых за тыдзень. Разбіраецца змест пасланняў, распрацоўваюцца варыянты ўласных пісем. Часам даводзіцца прыкласці нямала намаганняў, каб разабраць почырк адпраўшчыка. Але гэта нават забаўна. Нашы дзеці, бывае, пішуць больш пісьменна, чым некаторыя носьбіты мовы.
Сярод посткросераў школы ёсць як навічкі, так і “ветэраны”. У адных няма і дзясятка паштовак, а ў некаторых іх ужо некалькі соцень. У маім архіве за паўгода назапашана 60 паштовак. Калі спачатку паштоўкі ішлі вельмі рэдка (адзін раз у два тыдні), то сёння атрымліваем 5 — 7 штук штотыдзень. Што вы адчулі б, калі, адкрыўшы паштовую скрыню, дасталі адтуль адразу 5 картак з розных куткоў свету?
Кожная атрыманая паштоўка — гэта вялікая радасць. Дзеці адчуваюць станоўчыя эмоцыі падчас навучання. А гэта вельмі важна. Нецэнзурная лексіка і некарэктныя выказванні недапушчальны. Сайт праекта прасякнуты пазітывам.
Посткросінг — гэта не толькі калекцыянаванне паштовак. Гэта магчымасць знайсці сяброў і аднадумцаў у розных кутках свету. Кожны другі посткросер школы вядзе працяглую перапіску (электронную ці папяровую), а некаторыя члены клуба ўжо нават запрошаны ў госці. Дарэчы, падчас зносін мы ўбачылі, што ў многіх краінах пра Беларусь склалася памылковае ўяўленне дзякуючы некаторым ангажаваным замежным СМІ. Даволі часта даводзіцца даказваць адрасатам, што жывём мы зусім не так, як апісваюць некаторыя кан’юнктурныя журналісты. Школьнікі з гордасцю расказваюць замежным суразмоўцам пра маленькую еўрапейскую дзяржаву, якая славіцца чысцінёй, утульнасцю і гасціннасцю.
Паштоўкі і маркі дзеці набываюць у мясцовым паштовым аддзяленні. На жаль, прапанаваны асартымент нас не задавальняе. Вельмі мала паштовак з нацыянальнай сімволікай, якая цікавіць замежнікаў. Амаль немагчыма знайсці паштоўкі са знакамітымі асобамі Беларусі. А нам жа ёсць кім ганарыцца.
Калі вас зацікавіў гэты праект, наведайце сайт рostcrossing.com, зарэгіструйцеся — і для вас адкрыецца свет без межаў.

 

Юлія ЗАБАРОЎСКАЯ,
кіраўнік англійскага клуба, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Ганцавіч.