Першыя крокі да здароўя — у школе

Вялікая ўвага сёння ў сучаснай школе ўдзяляецца праблеме павышэння рухальнай актыўнасці навучэнцаў. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 32 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыi абавязаны клапаціцца пра сваё здароўе, імкнуцца да маральнага, духоўнага, фізічнага развіцця і самаўдасканалення. Увядзенне ў практыку работы школ разам з іншымі формамі арганізацыі рухальнай дзейнасці вучняў гімнастыкі да заняткаў і рухальных перапынкаў у значнай ступені спрыяе вырашэнню гэтых задач.

Педагагічны калектыў Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы з вялікай адказнасцю і разуменнем ставіцца да захавання і ўмацавання здароўя навучэнцаў. Таму рашэнне ўкараніць фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы ў жыццё школы было заканамерным і адназначным. Пытанні іх арганізацыі неаднаразова абмяркоўваліся на педагагічных саветах, а сярод навучэнцаў праводзіцца маштабная тлумачальная работа.
Адказным этапам пры арганізацыі фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў была падрыхтоўка спартменеджараў у класах. Спартменеджары выбіраюцца большасцю галасоў у выніку адкрытага галасавання ўсіх вучняў класа з ліку навучэнцаў, якія паспяхова засвойваюць вучэбную праграму па ўсіх прадметах і якія выяўляюць асаблівую актыўнасць і дысцыплінаванасць на ўроках фізічнай культуры і здароўя. Кандыдатуры спартменеджараў зацвярджаюцца класнымі кіраўнікамі, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Для іх мы правялі цыкл семінарскіх заняткаў па азнаямленні з тэарэтычнымі звесткамі па гэтым пытанні і авалодванні неабходнымі практычнымі навыкамі. У праграму падрыхтоўкі ўваходзілі тэмы: “Ранішняя гімнастыка і яе ўплыў на арганізм”, “Асновы методыкі правядзення гімнастыкі да заняткаў”, “Патрабаванні да арганізацыі і правядзення гімнастыкі да заняткаў”, “Складанне і развучванне комплексаў практыкаванняў”.У цёплую пару года мы праводзім гімнастыку да заняткаў на пляцоўцы перад школай, у халодны час года — на калідоры. Ранішняя гімнастыка пачынаецца за 10 хвілін да пачатку ўрокаў. Кожны вучань мае вызначанае стацыянарнае месца на калідоры і на пляцоўцы, дзе праводзіцца гімнастыка. Гэта арганізоўвае навучэнцаў, выключае мітусню, дысцыплінуе.
На зарадцы знаходзіцца настаўнік, які будзе праводзіць першы ўрок.
Комплексы гімнастыкі да заняткаў уключаюць 6—8 практыкаванняў, якія выконваюцца ў наступнай паслядоўнасці: для паставы, для мышцаў плечавога пояса і рук, для мышцаў тулава, для ніжніх канечнасцей, практыкаванні на ўвагу.
Пры падборы гэтых практыкаванняў мы кіруемся наступнымі прынцыпамі: даваць адпачынак мышцам, якія толькі што працавалі, і ўключаць у практыкаванні іх новыя групы, чаргуючы напружанне з расслабленнем, згінанне з выпрамленнем.
Пачынаем гімнастыку з хады ці лёгкага бегу на месцы.
На заканчэнне — падскокі або бег з наступным пераходам на хаду. Комплексы практыкаванняў развучваюцца на ўроках, а таксама ўключаюцца ў дамашнія заданні.
Комплексы практыкаванняў мяняюцца праз 4 тыдні. Дзякуючы таму, што гімнастыка да заняткаў праводзіцца ў асноўным на свежым паветры, у школе значна знізілася колькасць захворванняў прастуднага характару.Правядзенне гімнастыкі перад вучэбнымі заняткамі дапамагае вырашыць наступныя задачы:
— стварыць псіхалагічны настрой на вучэбную дзейнасць, што спрыяе арганізаванаму пачатку дня;
— паскорыць уваходжанне арганізма ў актыўную вучэбную работу;
— забяспечыць аздараўленчы эфект, эфект загартоўвання;
— сфарміраваць правільную паставу;
— сфарміраваць звычку сістэматычна займацца фізічнымі практыкаваннямі.
Практыка паказвае, што добра арганізаваная ранішняя гімнастыка павышае працаздольнасць і ўзровень засваення вучэбнага матэрыялу.
Акрамя таго, для зняцця статычнага і разумовага напружання на ўроках, павышэння працаздольнасці навучэнцаў сістэматычна праводзяцца фізкультурныя хвілінкі на кожным уроку.
Настаўнік фізічнай культуры і здароўя інструктуе настаўнікаў па методыцы правядзення фізкультурных хвілінак, тэхніцы выканання тых ці іншых практыкаванняў. Комплексы фізкультурных паўз уключаюць, як правіла, 3—4 практыкаванні для розных мышачных груп, вельмі простых, даступных, якія праводзяцца на працягу 3—5 хвілін.
Першае практыкаванне ў комплексе тыпу “пацягванне” выпроствае пазваночнік і грудную клетку.
Другое — для мышцаў ног.
Трэцяе — для тулава.
Чацвёртае — спецыяльнае: для вачэй, далоняў рук, пальцаў рук.
Таксама ў нашай школе арганізаваны і праводзяцца рухальныя перапынкі. Метадычнае суправаджэнне арганізацыі рухальных перапынкаў ажыццяўляе настаўнік фізічнай культуры і здароўя, а непасрэднае назіранне за дзецьмі — класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі. Актыўную дапамогу ім аказваюць спартменеджары і фізкультурны актыў школы. Рухальныя перапынкі ў школе пачынаюць праводзіцца з 1 верасня. Праходзяць яны на калідоры другога паверха школы, дзе маецца вялікі тэлевізар. Пад гукі музыкі вучні выходзяць на калідор і займаюць свае месцы, выконваюць комплекс практыкаванняў у прысутнасці дзяжурнага настаўніка і настаўніка фізічнай культуры і здароўя.
І хоць мы маем добрыя ўмовы для арганізацыі і правядзення рухальных перапынкаў, спачатку не ўсё атрымлівалася. Усе дзеці адначасова выходзілі на калідор, дзе выконвалі комплексы агульнаразвіццёвых практыкаванняў. Але мы вельмі хутка пераканаліся, што такая арганізацыя не дае паўнавартаснага актыўнага адпачынку, таму што старшакласнікам і навучэнцам пачатковай школы нецікава было выконваць адзін і той жа комплекс практыкаванняў, бо не былі ўлічаны ўзроставыя асаблівасці. Акрамя таго, вялікай колькасці дзяцей было цесна. Таму мы пачалі шукаць іншыя формы правядзення рухальных перапынкаў. Навучэнцы былі падзеленыя на дзве групы. Для школьнікаў 1—6 класаў рухальны перапынак пачалі праводзіць пасля 2 урока, а для 7—11 класаў — пасля трэцяга. Гэта стала аптымальным ва ўмовах нашай школы: дзеці адчуваюць сябе свабодна, кожная ўзроставая група выконвае адпаведны комплекс практыкаванняў пад музыку. Рухальны перапынак працягваецца 20 хвілін. Пры правядзенні рухавых гульняў і фізічных практыкаванняў на перапынку мы сочым за правільнасцю размеркавання фізічнай нагрузкі на арганізм навучэнцаў, таму выконваецца паслядоўнасць практыкаванняў: у пачатку малаінтэнсіўныя практыкаванні і гульні, затым — больш дынамічная нагрузка і да канца перапынку — паступовае зніжэнне нагрузкі.Рухальныя перапынкі забяспечваюць актыўны адпачынак, адцягваюць ад дысцыплінарных парушэнняў, а таксама спрыяюць укараненню фізічнай культуры ў што-дзённае жыццё. На рухальным перапынку адпачываюць усе. Гэта стала традыцыяй нашай школы.
У цёплую пару года нашым вучням вельмі падабаюцца рухальныя перапынкі, якія праводзяцца пад сучасную энергічную музыку на пляцоўцы перад школай.
Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем фізкультурна-аздараўленчым мерапрыемствам у рэжыме групы прадоўжанага дня, калі дзеці займаюцца гульнявымі відамі спорту не менш за гадзіну на дзень. Спартыўныя гадзіны ў групе прадоўжанага дня праводзіць выхавальнік і настаўнік фізічнай культуры і здароўя. Праводзяцца рухавыя гульні, эстафеты, спартыўныя гульні, спаборніцтвы, а таксама фізічныя практыкаванні. У змест спартыўных гадзін уключаюцца практыкаванні і гульні, раней вывучаныя дзецьмі на ўроках фізічнай культуры:
— практыкаванні з вялікімі і малымі мячамі;
— разнавіднасці бегу;
— разнавіднасці скачкоў;
— кіданне;
— рухавыя гульні;
— найпрасцейшыя спаборніцтвы (у бегу, скачках, кіданні ў цэль, у далечыню);
— спартыўныя забавы (вясной — катанне на роліках, зімой — лыжы, канькі, санкі) на свежым паветры.
На такіх занятках ствараюцца ўмовы для гульні і фізічнай разрадкі дзяцей, праяўляецца аздараўленчы эфект, удасканальваюцца рухальныя навыкі, асвоеныя на ўроках фізічнай культуры, выклікаецца цікавасць да фiзкультурных i спартыўных заняткаў.
Значнае месца ў адукацыйным працэсе займае спартыўна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа. У школе працуюць спартыўныя секцыі па баскетболе, валейболе, шашках (пачатковыя класы), футболе, праводзяцца заняткі па інтарэсах спартыўнага кірунку, дзеці рэгулярна наведваюць басейн. Усе навучэнцы школы заняты ў спартыўных секцыях.
Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на нашых занятках — лепшыя памочнікі. Выкарыстанне відэаролікаў, якія, дарэчы, створаны самімі вучнямі, якасных аўдыязапісаў для музычнага суправаджэння, дэманстрацыя відэараду фізічных практыкаванняў, уключэнне матэрыялаў з сеткі інтэрнэт — усе гэтыя прыёмы робяць аздараўленчую работу не толькі карыснай, а яшчэ цікавай і пазнавальнай для навучэнцаў. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі дазваляюць значна павысіць эфектыўнасць фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці, стымулююць асабістую зацікаўленасць, павышаюць цікавасць да ўласнага здароўя, здольнасцей і дэманструюць магчымасці для іх далейшага развіцця. Метадычна апраўданае выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій у спалучэнні з традыцыйнымі формамі арганізацыі работы стварае спрыяльны псіхалагічны клімат, фарміруе ў навучэнцаў уменне працаваць з інфармацыяй, развіваць камунікатыўныя здольнасці.
І невыпадкова ў круглагадовай спартакіядзе школьнікаў Дзяржынскага раёна каманда нашай школы на працягу шэрага гадоў займае добрыя месцы.
Наш вопыт арганізацыі фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў абагульняўся на раённым семінары настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, дзе яму была дадзена высокая ацэнка. Таму многія школы раёна сталі ўкараняць яго ў практыку.
Паспяховае правядзенне фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў у рэжыме дня школы служыць крыніцай здароўя, бадзёрасці, энергіі і з’яўляецца адным са сродкаў падрыхтоўкі здаровага падрастаючага пакалення.

Ганна БАСАЛАЙ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя Петкавіцкага
ясляў-сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна.