Першая — найлепшая

Шчасце, калі дзіцяці шанцуе з першай настаўніцай. Калі яна не толькі вучыць, выхоўвае і рыхтуе дзіця да самастойнага жыцця (прычым робіць гэта з вялікім майстэрствам), але і атуляе яго дабрынёй, ствараючы ў класе прыязную атмасферу творчасці і даверу.

Мы пазнаёміліся з Ірынай Уладзіміраўнай Бернатовіч тры з паловай гады назад — 1 верасня 2011 года, калі прывялі сваіх дзетак у 1 клас сталічнай школы № 12. Гэта быў вельмі запамінальны дзень. На залітым сонцам школьным двары было мнагалюдна, але настаўніцу з таблічкай “1 “А” клас” мы ўбачылі здалёк. І пакуль ішлі да яе, у галаве раіліся думкі: вось чалавек, ад якога залежыць дабрабыт і душэўны камфорт нашых любых дзетак. Вельмі хацелася, каб усе спадзяванні спраўдзіліся.
І вось наступае хвалюючы момант. Бацькі па чарзе падводзяць дзетак да першай настаўніцы. Ірына Уладзіміраўна ласкава ўсміхаецца кожнаму дзіцяці, бярэ маленькую ручку ў сваю руку, але… дзіця моцна трымаецца за руку мамы. І гэты момант, калі адна дзіцячая ручка ў мамінай далоні, а другая — у далоні настаўніцы, вельмі сімвалічны. “Я давяраю вам” — чытаецца ў вільготных вачах мамы. “Мы разам” — вачыма ўсміхаецца настаўніца.
А дзіця, між тым, ужо спраўляецца з хваляваннем, акуратна вызваляе ручку з мамінай далоні і даверліва сціскае руку настаўніцы. І ўсю пачатковую школу будзе менавіта так, як у першы дзень: дзіця, сям’я і першая настаўніца разам. Разам і ў радасцях, і ў бедах.
Нават не верыцца, што пачатковая школа для нашых дзетак завяршаецца. Трошачкі часу засталося да вясновых канікул, потым тыдзень адпачынку, два месяцы вучобы — і ўсё! Сціплы выпускны, вандроўка за горад, фотаальбом на памяць… Пачатковая школа, як сапраўдны экспрэс, даімчала нас на чарговую станцыю. Хтосьці перасядзе ў іншы экспрэс (паступіць у гімназію), многія працягнуць далейшы шлях у нашай школе.
Здзіўляе нават не тое, што нашы дзеці так імкліва выраслі, а тое, што праз паўгода ў Ірыны Уладзіміраўны будуць ужо новыя першакласнікі — маленькія, няўмелыя, шчырыя. І новыя бацькі будуць зваць нашу настаўніцу сваёй. А нашы пасталелыя дзеці яшчэ доўга будуць забягаць да яе, каб расказаць пра свае радасці і няўдачы і натхніцца яе ласкавай усмешкай. Напрыклад, у нашым класе нярэдка можна бачыць васьмікласнікаў — былых вучняў Ірыны Уладзіміраўны.
І што б там ні казалі пра імідж педагагічнай прафесіі (маўляў, яна непрэстыжная), сёння многія з нас былі б рады мець хаця б долю той павагі і абажання, якія адрасаваны першай настаўніцы. Для нашых дзяцей, ды і для нас, бацькоў, гэта неаспрэчны аўтарытэт. “Ірына Уладзіміраўна сказала…” — гэта і стымул, і матывацыя, і зацікаўленасць, і жаданне зрабіць так, каб усё было на самым высокім узроўні.
Сёння мы бясконца ўдзячны Ірыне Уладзіміраўне за тое, што нашы дзеці раслі ў атмасферы дабрыні і творчай актыўнасці. Тое, чаго мы ўсімі сіламі дамагаемся ў сям’і для аднаго-двух дзяцей, яна здолела стварыць для цэлага класа. Дзеці імкнуцца да ведаў. Малыя, яны ўжо мараць пра фізіку, хімію, астраномію. Іх дапытлівасць і прага да навук бязмежныя. Хочацца верыць, што гэтага запалу ім хопіць і на юнацкія гады.
Быў час, калі здавалася, што трэба будзе заўсёды дапамагаць дзецям з дамашнім заданнем. Хацелася ўсё рабіць на выдатна, а дзеці здаваліся такімі няцямкімі. Але аднойчы на бацькоўскім сходзе Ірына Уладзіміраўна заявіла: “Вашы дзеці намнога больш самастойныя, чым вы думаеце. Правярайце дамашнія заданні, але дазвольце ім усё рабіць самім”. Бацькі пачухалі патыліцы і зрабілі высновы. Тым больш што і дзеці пачалі заяўляць: “А Ірына Уладзіміраўна тлумачыць больш зразумела”. Якім жа было задавальненне, калі і без бацькоўскай дапамогі малыя пачалі прыносіць дадому высокія адзнакі.
Мы рады, што Ірына Уладзіміраўна здолела здружыць нашых дзяцей. У многіх калектыўных справах яны паспелі зразумець, што ў камандзе можна дасягнуць значна большых вынікаў, чым у адзіночку, таму групавыя праекты і творчыя калектыўныя работы ў нашым класе не рэдкасць. Вельмі важна і тое, што тут няма дзялення на двоечнікаў і выдатнікаў. Ірына Уладзіміраўна заўсёды падкрэслівае, што ўсе нашы дзеці здольныя да вучобы, і вучыць бачыць у іншым чалавеку перш за ўсё асобу, якая абавязкова надзелена пэўным талентам.
Ірына Уладзіміраўна ўнушыла нашым дзецям, што лепш некалькі сказаў “ад сябе”, чым даклад з інтэрнэту, што найкаштоўнейшы падарунак той, які зроблены сваімі рукамі, і што вялікі поспех складаецца са штодзённай працы.
Безумоўна, Ірына Уладзіміраўна знаходзіцца ў ліку першых і па фармальных паказчыках. Вучні нашага класа часта перамагаюць у розных інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах — напрыканцы кожнага навучальнага года ў нас назапашваецца цэлы стос розных грамат і дыпломаў. Але нам вельмі хацелася расказаць пра чалавечыя якасці Ірыны Уладзіміраўны Бернатовіч.
Сапраўды, шчасце, калі дзецям шанцуе з першай настаўніцай. Гэта не проста чатыры гады камфортнага дзяцінства, а вялікі зачын на будучыню. Як бы ні складвалася далейшае школьнае жыццё нашых дзяцей, мы спадзяёмся, што любоў і дабрыня, якімі яны былі атулены ў пачатковых класах, будуць ахоўваць іх і аберагаць.

Бацькі вучняў 4 “А” класа
сярэдняй школы № 12 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.