Першае пачуццё грамадзянскасці

Першае пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму. Ці даступныя яны малым? Можна даць станоўчы адказ: дашкольнікам, асабліва старэйшага дашкольнага ўзросту, даступна пачуццё любові да свайго народа, да роднай прыроды, да Радзімы. А гэта і ёсць пачатак патрыятызму, які нараджаецца ў пазнанні і фарміруецца ў працэсе мэтанакіраванага выхавання.

Сыходзіць з жыцця цэлае пакаленне людзей, чый найбагацейшы маральны вопыт неабходны нам для выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак. Ёсць магчымасць прамых зносін пакаленняў. Сёння, пакуль не позна, трэба зрабіць усё магчымае, каб не абарвалася гэтая тонкая ніць.
Штогод у нашай дашкольнай установе праходзіць Тыдзень баявой славы, у рамках якога арганізоўваюцца сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі і салдатамі тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ветэраны дзеляцца ўспамінамі пра подзвігі савецкіх салдат у гады вайны, пра свае ўзнагароды, паказваюць фотаздымкі з фронту. Перамога дасталася вельмі дорага, і пра гэта павінны ведаць самыя маленькія грамадзяне нашай краіны!Эфектыўным сродкам выхавання патрыятычных пачуццяў з’яўляецца правядзенне акцый, прысвечаных Вялікай Перамозе, калі дзеці могуць падзякаваць за Перамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, жыхарам нашага пасёлка, усім тым, хто падарыў нам спакойнае і чыстае неба над галавой.
Група выхаванцаў дашкольнай установы наведала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Антонавіча Грэкава. Ветэран расказаў дзецям, як ваяваў, за што атрымаў баявыя ўзнагароды. Дзеці ж расказалі яму вершы пра вайну. Нашы выхаванцы выказалі цёплыя словы падзякі ветэрану Аляксандры Мікалаеўне Лягковай. Уручылі канверцік-трохкутнік, які зрабілі самі, з пажаданнямі здароўя і доўгіх гадоў жыцця. У знак падзякі за сваё шчаслівае дзяцінства, за мірнае неба над галавой падарылі Міхаілу Антонавічу і Аляксандры Мікалаеўне кветкі.
Падобныя мерапрыемствы вельмі важныя для дзяцей — гэта унікальная магчымасць зазірнуць у вочы, паціснуць руку і пакланіцца да зямлі ад імя ўсіх нас тым, дзякуючы каму мы жывём на гэтай зямлі. Паказаць ім, што яны не забытыя, што яны нам патрэбны. Самае галоўнае — паспець гэта зрабіць.З цікавасцю выхаванцы слухалі запрошанага госця, удзельніка баявых дзеянняў у Афганістане Аляксандра Сяргеевіча Сафаева, гвардыі падпалкоўніка ў адстаўцы, сябра Ваўкавыскай раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», кіраўніка патрыятычнага ваенна-спартыўнага клуба «Школа выжывання», што дзейнічае пры Ваўкавыскім гарадскім доме культуры. А як ззялі вочы хлопчыкаў і дзяўчынак, калі Аляксандр Сяргеевіч паказаў ім найпрасцейшыя элементы акрабатыкі (тэхніку падзення), а таксама сустаўную пластыку.А зусім нядаўна, у верасні, прайшла сустрэча старэйшых дашкольнікаў з маладымі салдатамі, якія праходзяць тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. З захапленнем глядзелі дзеці на прыгожых, падцягнутых ваенных, слухалі іх аповед пра службу. І выхаванцы, і госці атрымалі велізарнае задавальненне ад сустрэчы.
Вельмі спадзяёмся, што нашы ўрокі мужнасці дапамогуць нам, дзецям і педагогам, зрабіць яшчэ адзін крок у разуменні патрыятызму, задумацца над тым, нашчадкамі якіх высокіх грамадзянскіх традыцый мы з’яўляемся, бо народ, які помніць сваіх герояў, бессмяротны.

Наталля МАМЗЕЛЕВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Роскага ясляў-сада Ваўкавыскага раёна.