Перш за ўсё — настаўнік

Удзел педагога ў алімпіядах і конкурсах — адна з форм павышэння метадычнага майстэрства. Акрамя таго, дыплом пераможца або прызёра прыносіць дадатковыя балы да атэстацыі, што для настаўніка немалаважна.

У сістэме адукацыі нашай рэспублікі праводзіцца многа розных цікавых і карысных алімпіяд і конкурсаў. Разам з тым асаблівую значнасць для нашай школы набывае выбудоўванне сістэмы ўнутрышкольнага навучання настаўнікаў для забеспячэння патрэб інавацыйнага развіцця і вырашэння спецыфічных задач, якія стаяць перад канкрэтнай адукацыйнай установай. Таму адміністрацыяй, метадычнай службай школы было прынята рашэнне аб правядзенні шэрага метадычных мерапрыемстваў у рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі 12_DSC6344(Сайт) метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”, адным з якіх стала метадычная алімпіяда сярод педагагічных работнікаў.
Метадычную алімпіяду вырашана было правесці таксама і для падтрымкі патрэб педагогаў у адукацыі і пашырэнні іх прафесійнай эрудыцыі.
Першым крокам у рэалізацыі гэтага мерапрыемства стала распрацоўка “Палажэння аб метадычнай алімпіядзе педагогаў”, адпаведна якому спаборніцтва праводзілася ў два туры. Заданні першага дыстанцыйнага тура былі адпраўлены на электронныя адрасы педагогаў, якія заявілі пра свой удзел. Разам з тэкставымі заданнямі метадычнай накіраванасці былі прапанаваны творчыя: разважанне, што азначаюць словы Канфуцыя: “Тры шляхі вядуць да ведаў. Шлях роздумаў — самы высакародны, шлях пераймання — самы лёгкі, шлях вопыту — самы горкі”; эсэ на тэму “Уся школа, уся педагогіка — гэта перш за ўсё настаўнік (К.Д.Ушынскі)”.
Удзельнікі падрыхтавалі вынікі выканання заданняў першага тура ў электронным варыянце праз два тыдні. Дыстанцыйная форма правядзення першага тура алімпіяды дазволіла яшчэ раз праверыць узровень валодання педагогамі школы інфармацыйнымі тэхналогіямі.
У школе ў гэтым навучальным годзе працуюць 76 педагогаў, 55 з іх удзельнічалі ў першым туры алімпіяды. У рамках супрацоўніцтва школы з БДПУ імя Максіма Танка для ўдзелу ў алімпіядзе былі запрошаны студэнты матэматычнага і фізічнага факультэтаў універсітэта. Яны належна выступілі ў першым туры і ў якасці бонусу 7 студэнтаў былі запрошаны для ўдзелу ў другім туры алімпіяды разам з 14 фіналістамі — педагогамі школы.
За два тыдні да правядзення другога вочнага тура па электроннай пошце педагогам былі разасланы запрашэнні на другі тур алімпіяды і матэрыялы для падрыхтоўкі — чатыры брашуры (пра структуру і тыпы ўрокаў, тэхналагічную карту ўрока, пра мэты, метады, формы, матывацыю і рэфлексію на ўроку; з вельмі кароткім апісаннем трох сучасных педагагічных тэхналогій; пра вялікіх педагогаў, іх творы і знакамітыя цытаты; слоўнік з 75 тэрмінаў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца). У брашурах была сабрана інфармацыя для самастойнай падрыхтоўкі і праверкі ведаў настаўнікаў па педагогіцы і методыцы — так званы абавязковы мінімум.
На выкананне заданняў другога тура адводзілася тры гадзіны. Усе настаўнікі і студэнты выступілі вельмі годна. Пераможцамі прызнаны настаўніца фізікі Вольга Іванаўна Мароз, настаўніца англійскай мовы Ірына Віктараўна Пархімовіч, настаўніца англійскай мовы Святлана Уладзіміраўна Кандратовіч. Яны былі адзначаны дыпломамі, усе астатнія ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.

Хто ж яны — нашы пераможцы?

Настаўніца фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Вольга МАРОЗ.
Дзе б яна ні працавала, чым бы ні займалася, яна ўсюды дасягала высокіх вынікаў. Не было ніводнага этапу ў яе жыцці, на якім бы яна не справілася з даручанымі абавязкамі. Заўсёды і ўсюды яе ставілі ў прыклад, на яе раўняліся. Здаецца, усё ў Вольгі Іванаўны атрымліваецца лёгка, але гэта не так. За поспехам стаіць старанная, настойлівая праца, глыбокія веды і вопыт. Яна любіць сваю работу і ўкладае часцінку душы ў кожны праведзены дзень і ўрок у школе. З задавальненнем дапамагае маладым настаўнікам.

Настаўніца англійскай мовы першай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана КАНДРАТОВІЧ.
Святлана Уладзіміраўна з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы. Упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, улічваючы высокі ўзровень прадметных і метадычных ведаў настаўніка, даверыла ёй кіраўніцтва раённай “Школай пачынаючага настаўніка замежнай мовы”.
У 2013 годзе С.У.Кандратовіч стала ўладальніцай гранта Мінгарвыканкама за распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта “Фарміраванне прафесійнага і асобаснага развіцця маладых педагогаў з дапамогай стварэння і ўкаранення мадэлі суправаджэння “Малады настаўнік”.

Настаўніца англійскай мовы другой кваліфікацыйнай катэгорыі Ірына ПАРХІМОВІЧ.
“Молодо, но не зелено!” Так хочацца сказаць пра Ірыну Віктараўну. Яна спагадлівы, добрай душы чалавек, заўсёды імкнецца да ўсяго новага, неардынарнага. Добрасумленна і адказна ставіцца да даручанай справы, спяшаецца на дапамогу калегам, дзелячы з імі і няўдачу, і поспех.
Ірына Віктараўна — таленавіты малады педагог. Яна распрацавала шмат урокаў, пазакласных мерапрыемстваў з выкарыстаннем сучасных тэхналогій навучання. Асаблівую ўвагу ўдзяляе праектнай дзейнасці на ўроках і ў пазакласнай рабоце.

Ала ФЯДОСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 6 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.