Перавернуты ўрок у дзеянні

У 2015/2016 навучальным годзе ў многіх школах Беларусі адкрыліся профільныя класы або пашырыўся спектр ужо існуючых профіляў. Я працую ў профільных класах, дзе вывучаецца біялогія на павышаным узроўні. Назіраючы за працэсам засваення праграмнага матэрыялу навучэнцамі, зрабіла галоўную выснову: каб лепш засвоіць прадмет, яго асноватворныя веды, неабходна проста больш яго вучыць. Профільныя класы ў адрозненне ад базавых вывучаюць прадмет чатыры гадзіны замест дзвюх, прычым па тэхналогіі перавернутага ўрока.

Калі б педагогу сказалі прыдумаць прадмет яго дзейнасці, які ў руках не патрымаеш, на вагах не ўзважыш, але без якога не праходзіць ніводны яго працоўны дзень, ён, канечне, адказаў бы, што гэта ўрок. Урок, на першы погляд, не мае вагі, паху, колеру, у яго нельга змераць тэмпературу і ціск. Ён не валодае звычайнымі ўласцівасцямі, як любы прадмет. Урок — гэта нейкі адрэзак часу, за які адбываецца нейкая падзея ў жыцці настаўніка і навучэнца. У гэтай падзеі ролі навучэнца і настаўніка ўсім вядомыя. Настаўнік вучыць, навучэнец вучыцца. Здавалася б, гэтая сістэма настолькі стабільная, што змяніць у ёй што-небудзь проста немагчыма. Я таксама так думала, пакуль не прачытала пра перавернуты ўрок.
Коратка раскажу пра яго. У 2010 годзе адна са школ Дэтройта (ЗША) перайшла на прынцып перавернутага навучання. Сутнасць такога навучання ў тым, што дамашнія заданні навучэнцы выконваюць у класе пад кіраўніцтвам настаўніка, а тэарэтычную частку праграмы яны засвойваюць самастойна з дапамогай відэаролікаў. Выкладчыкі запісваюць свае лекцыі на відэа і выкладваюць у інтэрнэт, а студэнты глядзяць іх на сваіх смартфонах, планшэтах або дамашніх камп’ютарах. На занятках у класе навучэнцы выконваюць практычныя заданні, практыкаванні, лабараторныя.Як любое новаўвядзенне, перавернутае навучанне выклікае шмат дыскусій. Але дыскутаваць можна толькі ў тым выпадку, калі ты сам штосьці паспрабуеш.
Перавернутае навучанне мяняе некалькі аспектаў. Першы аспект — гэта тлумачэнне новай тэмы. Настаўнік выбірае такі варыянт тлумачэння, які займае найменшую колькасць часу. Запісвае яго на відэа. Я практыкую запісваць на відэа сваіх лепшых вучняў, а таксама складаць прэзентацыю. Запазычваю ўжо гатовае відэа па гэтай тэме ў інтэрнэце. У гэтым выпадку навучэнцы маюць магчымасць праглядзець відэа некалькі разоў. Яны не баяцца здацца неразумнымі ў вачах сваіх равеснікаў, калі ім штосьці незразумела, ім няма неабходнасці штосьці перапытваць, таму што можна праглядзець відэа яшчэ і яшчэ раз.
Што робяць дзеці з дамашнім заданнем, калі яно незразумелае? Правільна! Проста не выконваюць яго. А відэа можна пераглядзець яшчэ і яшчэ раз. Прагляд відэа — гэта і ёсць дамашняе заданне.
Але цалкам спадзявацца на свядомасць навучэнца не варта, бо яна можа на некаторы час “заснуць”. Таму настаўніку мэтазгодна даваць заданні: “Складзіце канспект па прагледжаным відэа” або “Адкажыце на пытанні тэста па новай тэме”.
Другі, яшчэ больш важны, аспект перавернутага навучання — гэта вызваленне класнага часу для адпрацоўкі тэарэтычнага матэрыялу на канкрэтных прыкладах і заданнях. Навучэнцы, як правіла, разбіваюцца на групы па некалькі чалавек і выконваюць заданні. Пры гэтым яны маюць зносіны, узаемадзейнічаюць, задаюць пытанні. Пры такой форме арганізацыі ўрока ў настаўніка дастатковая колькасць часу на работу з кожным вучнем. У гэтым заключаецца трэці аспект перавернутага навучання. Тут мы назіраем цесна пераплеценыя дзве формы навучання: групавую і індывідуальную. Настаўнік, праходзячы такі складаны шлях падрыхтоўкі ўрока, зможа прымусіць гаварыць вучня. Пагадзіцеся: калі мы на ўроку проста разбіваем клас на групы і даём групам заданне, то ў лепшым выпадку знойдзецца адзін навучэнец з групы, які будзе выконваць заданне, а астатнія будуць адседжвацца або спісваць. У гэтай мадэлі навучання проста адседзецца не атрымаецца, таму што настаўнік бачыць узровень удзелу кожнага навучэнца і можа рэгуляваць гэты працэс (размяркоўваць паміж навучэнцамі сацыяльныя ролі, вызначаць паслядоўнасць адказу, даваць правільны адказ, а рашэнне яны павінны падабраць хутчэй за другую каманду). І тут абыякавых не застанецца.
Перавернутае навучанне — гэта новае навучанне для нас усіх. Тое, што яно з’явілася ў наш час, натуральна, таму што з такім хуткім асваеннем камп’ютарных тэхналогій большай часткай насельніцтва павінна было штосьці прыйсці на змену старому, традыцыйнаму.Перавернутае навучанне патрабуе многа энергіі, крэатыўнасці і ўмення падаць матэрыял. Гэта сапраўднае мастацтва, якое да таго ж падштурхоўвае выкладчыкаў да развіцця і самаўдасканалення.
Мае лекцыі, відэаўрокі, відэаэкскурсіі даступныя ўсім жадаючым на старонках у сацсетках. Стварыць вучэбныя матэрыялы, якія з поспехам можна выкарыстоўваць у перавернутым навучанні, проста. Для гэтага вы можаце змясціць у інтэрнэт на сваю старонку сацсетак частку ўрока (тлумачэнне тэмы). Дарэчы, навучэнцу не трэба ведаць, якія мэты вы ставіце, якія этапы ўрока вы прадугледжваеце. Яму неабходна назваць адукацыйную задачу (г.зн. яго задачу), тое, што ён павінен вывучыць, а таксама тэарэтычны матэрыял, выкладзены сцісла, лаканічна, у адпаведнасці з падручнікам, па якім дзеці навучаюцца, з прымяненнем параўнанняў, алегорый, метафар і г.д. Каб было цікава чытаць. Нават можна выкарыстоўваць словы-звароты да навучэнца, каб ён ведаў, што гэты тэкст напісаны для яго. Я выкарыстоўваю кампетэнтнасны падыход. У кожнай тэме знаходжу пытанне, якое прымушае навучэнца задумацца над практычным прымяненнем ведаў. Вы можаце выкарыстаць гатовыя прадукты iSpring, стварыць свой сайт, размясціць там свае Word-матэрыялы або матэрыялы ў PowerPoint-асяроддзі, а потым канверсаваць іх у відэаролікі. Акрамя таго, вы можаце загрузіць створаныя відэалекцыі і тэсты ў любую сістэму дыстанцыйнага навучання (СДН), напрыклад, Moodle або СДН iSpring Online, і кантраляваць працэс навучання. Вашы вучні змогуць праглядаць вучэбныя матэрыялы як на камп’ютарах, так і на любых прыладах у любы зручны час.
Для сваіх вучняў у сацыяльных сетках я стварыла групу, якую так і назвала — “Профільная група па біялогіі”. Такім чынам я магу абменьвацца з імі інфармацыяй: выкладваю для іх тэксты тэматычных кантроляў, відэаўрокі, розныя аб’явы і заданні. Тэматычны кантроль па пройдзенай тэме мы праводзім у форме спаборніцтваў паміж навучэнцамі дзвюх школ, у якіх я працую. Такія заняткі ўсім вельмі падабаюцца, акрамя таго, выклікаюць бурныя абмеркаванні.

Ірына НОВІК,
настаўніца біялогіі сярэдніх школ №№ 126 і 96 Мінска.