Ператворым сваё жыццё ў Дзень добрых спраў

Кожны дзень, кожную гадзіну наша школа жыве сваім яркім і цікавым жыццём. Пачатак вясны ў нас прайшоў пад дэвізам “Адна добрая справа здольна змяніць увесь свет”.

Напэўна, кожны беларус ведае пра тое, што пад Мінскам, у Бараўлянах, будуецца новы Беларускі дзіцячы хоспіс. Гэтаму спрыяла правільна арганізаваная сацыяльная рэклама. Многія навучэнцы і педагогі школы ўключыліся ў акцыю па пералічэнні грашовых сродкаў на дабрачынны рахунак. Радасна было пачуць у нядаўніх выпусках навін, што сіламі дзяржавы і ўсіх неабыякавых людзей ужо пабудаваны новы будынак Беларускага дзіцячага хоспіса, закуплена сучаснае і такое неабходнае для хворых дзяцей абсталяванне. Але яшчэ неабходна набыць шмат усяго, каб хоспіс змог прыняць сваіх маленькіх пацыентаў, іх бацькоў і аказаць увесь спектр паліятыўнай дапамогі.

Шасцікласнікі разам са сваім класным кіраўніком Л.І.Кашырынай выступілі з ініцыятывай правесці дабрачынны кірмаш па зборы сродкаў для аказання дапамогі Беларускаму дзіцячаму хоспісу. Паступова аформілася ідэя арганізацыі і правядзення Тыдня добрых спраў.
Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Падчас інфармацыйных гадзін быў арганізаваны прагляд дакументальнага фільма “Пакуль… Мы ёсць” пра дзейнасць Беларускага дзіцячага хоспіса, пра праблемы дзяцей з рэдкімі і невылечнымі захворваннямі. Ён нікога не пакінуў абыякавым, прымусіў задумацца дзяцей і дарослых пра важнае: як дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. На стэндах школы, у класных кутках дзеці размясцілі выказванні вядомых людзей пра дабрыню, міласэрнасць, шчодрасць. Кожны клас атрымаў заданне па падрыхтоўцы мерапрыемстваў Тыдня добрых спраў. Да ўдзелу ў дабрачынных акцыях былі далучаны бацькі навучэнцаў.

Члены валанцёрскага атрада “Эдэльвейс”, які дзейнічае пад эгідай Беларускага Чырвонага Крыжа, сталі арганізатарамі асноўных мерапрыемстваў Тыдня добрых спраў. Яны падрыхтавалі і апячаталі скрыні для добраахвотных ахвяраванняў, адказвалі за іх захаванасць.

У першы дзень тыдня для ўсіх дарослых і дзяцей запрацавала крама добрых якасцей. Кожны жадаючы ў гэты дзень меў магчымасць пазбавіцца ад адмоўнай рысы свайго характару, запісаўшы яе на аркушы паперы і выкінуўшы ў вядро для смецця. Узамен у краме можна было набыць любую станоўчую якасць, якую хацеў бы выхаваць у сабе “пакупнік”. Пасля ажыццяўлення куплі-продажу пакупніку валанцёры выдавалі спецыяльны гарантыйны талон: “Ваша жаданне здзейсніцца, калі вы будзеце выконваць на працягу тыдня тры маленькія дзеянні штодзень: 1 раз на дзень хваліце сябе, 1 раз на дзень зрабіце дабро іншаму чалавеку, зрабіце што-небудзь у імя прыроды — збярыце смецце, пакарміце птушак, выключыце святло ў пакоі, закрыйце кран, збярыце макулатуру і г.д. Мы гарантуем здзяйсненне жадання пры выкананні ўмоў гарантыйнага талона, але папярэджваем, што, калі на працягу адведзенага тэрміну хоць адзін раз будзе выкарыстана адмоўная якасць, жаданне не здзейсніцца”.

Дзеці і дарослыя ў большасці сваёй хацелі пазбавіцца ад ляноты, злосці, прагнасці, зайздрасці, непаслухмянасці, ганарлівасці. А ў краме добрых якасцей самымі запатрабаванымі былі розум, дабрыня, шчырасць, спагадлівасць, працавітасць.

Наступным маштабным этапам тыдня добрых спраў стала акцыя “Стань сябрам Маленькага Прынца”. На вялікую намаляваную планету адзінокага Маленькага Прынца кожны навучэнец і педагог меў магчымасць “пасяліць” сябе ў выглядзе стылізаванага чалавечка. У выніку на планеце пасялілася больш за 400 папяровых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія падарылі Маленькаму Прынцу свае самыя лепшыя якасці, свае “іскрынкі”: дабрыню, здароўе, шчырасць, шчодрасць, міласэрнасць, адкрытасць, добры настрой.

Кожны дзень у школе праходзілі самыя розныя мерапрыемствы: прагляды дзіцячых фільмаў і мультфільмаў, бяспройгрышныя латарэі, аўкцыёны, творчыя майстэрні. Дзеці ведалі, што актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах дазволіць сабраць сродкі для дзіцячага хоспіса, дапамагчы хворым дзецям.

Самай яркай падзеяй Тыдня добрых спраў стаў дабрачынны кірмаш. Пачаўся ён яскрава, весела, святочна: навучэнцаў і іх бацькоў сустракала капрызная Мальвіна (Валерыя Карпечына) і яе верныя сябры (Лізавета Ганчарова, Вікторыя Мароз, Маргарыта Саўчанка, Дзмітрый Мядведнікаў, Цімафей Быстроў). Парадавалі гасцей школы сваімі танцамі дзяўчынкі танцавальнага калектыву. Потым дзяўчынкі-вяснянкі ўсіх запрасілі на кірмаш.

У школьнай зале носа было не ўбіць. Кожны клас падрыхтаваў стол з выпечкай і вырабамі. Усе расхвальвалі свой тавар, запрашалі заглянуць менавіта да іх. Дранікі, блінчыкі з разнастайнай начынкай, пірожныя, тарты, пірагі — чаго толькі не было на кірмашы! Гандаль ішоў бойка і весела! На кірмаш прыходзілі цэлымі сем’ямі: бацькі навучэнцаў падтрымлівалі сваіх дзяцей у іх высакароднай ініцыятыве. А яшчэ бацькі выказалі надзею на працяг правядзення дабрачынных спраў. Прагучала таксама прапанова далучыцца да ініцыятывы нашай школы іншым калектывам Магілёўскага раёна, усім неабыякавым людзям.

Пасля заканчэння кірмашу камісія, у якую ўвайшлі бацькі навучэнцаў, распячатаўшы скрыні, падлічыла, што за час правядзення Тыдня добрых спраў навучэнцамі, іх бацькамі, педагогамі школы было сабрана 5 795 000 рублёў.

Немагчыма прымусіць быць добрым, міласэрным. А ці можна гэтаму навучыць? Можна. Мы, дарослыя, можам навучыць нашых дзяцей бачыць боль, не праходзіць міма людской бяды, падаючы руку дапамогі. Усё пачынаецца з малога, але калі дабро рабіць разам, то яго колькасць заўсёды будзе расці. І самае галоўнае, нашы дзеці павінны разумець бясспрэчную ісціну: тое, што мы аддаём сёння, вяртаецца да нас у будучыні. Дык давайце ж аддаваць людзям усё самае лепшае, што ёсць у нас. Дабро заўсёды вернецца дабром!

Наталля ТАРАСЕНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.