Перад памяццю вечна жывой

У актавай зале Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна ў рамках святкавання 70-годдзя перамогі cавецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі прайшоў творчы вечар магілёўскага паэта Алеся Казекі.

У вечары прымалі ўдзел аматары паэзіі, навучэнцы бібліятэчнага каледжа, калегі, сябры і знаёмыя паэта.
За творчую біяграфію Алеся Казекі пабачылі свет 7 зборнікаў паэзіі: “Души моей родник”, “Мелодия надежды”,“Единственный друг”, “Час сяўбы”, “Медуніца”, “Марыйка”, “Перекрёстки судеб”.
Падчас мерапрыемства гучалі вершы, мілагучныя песні на вершы паэта ў выкананні кампазітара Мікалая Яцкова, навучэнцы каледжа зрабілі тэатралізаваныя замалёўкі з паэмы “Час сяўбы”.
Асобнае месца ў творчым вечары займала паэма “Марыйка”. Гэта паэтычнае асэнсаванне рэалій мінулай вайны праз прызму перажыванняў вясковай дзяўчыны, якая цудам засталася жыць, страціўшы ўсіх сваіх родных.
На аснове факта знішчэння фашысцкімі нелюдзямі вёскі Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці 15 чэрвеня 1942 года, дзе ў полымі загінула каля трох тысяч чалавек, сярод якіх былі і сваякі паэта, Алесь Мікалаевіч напісаў па сутнасці рэквіем усім спаленым вёскам нашай шматпакутнай зямлі.

І ляціць гэты кліч над зямлёй,
Бударажыць, вядзе, заклікае…
Перад памяццю вечна жывой
Я на вернасць яму прысягаю.

Хоць не быў я на гэтай вайне,
Не гарэў, скатаваны, у хаце,
Ды, відаць, гэты боль да мяне
З малаком перадаўся ад маці…

Традыцыйная лірычная накіраванасць паэзіі Алеся Казекі дазволіла яму больш кантрасна вызначыць самыя балючыя кропкі тых падзей. А агульначалавечая ўзнёсласць зваротаў да Бога і пашырэнне межаў суадносін зямнога і нябеснага дазволілі паэме ўвайсці ў шэраг самых значных твораў сучаснай беларускай літаратуры, якія ўздымаюць пытанні вечнага і існага.
Тэатралізаваны ўрывак з паэмы “Марыйка” ў выкананні акцёраў народнага тэатра Палаца культуры вобласці (мастацкі кіраўнік Ала Кускова) нікога не пакінуў абыякавым. У зале некалькі хвілін стаяла цішыня.
У 2008 годзе на месцы знішчанай вёскі Боркі быў адкрыты мемарыяльны комплекс “Памяці знішчаных вёсак Магілёўскай вобласці”.
Творчы вечар працягваўся больш за паўтары гадзіны, і кожны, хто прысутнічаў у зале, пранікаўся тымі пачуццямі, думкамі, зараджаўся той дзіўнай энергетыкай, якая ішла з паэтычных радкоў Алеся Казекі. За невялікі адрэзак часу аматары паэзіі дакрануліся да таго, што патрэбна чалавеку як паветра, як неабходная ўмова самога жыцця, — да цудоўнага святла веры, надзеі і любові.

Алена КАНДРАЦЕНКА,
загадчыца бібліятэкі Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна.