Педсавет можа акрыляць, або Творчы падыход да арганізацыі метадычнай работы

Адольф Дыстэрвег гаварыў, што “самай важнай з’явай у школе, самым павучальным прадметам, самым жывым прыкладам для вучня з’яўляецца сам настаўнік”. А адным з вядучых фактараў, якія ўплываюць на выніковасць адукацыйнага працэсу, з’яўляецца педагагічна прадуманая, зладжаная і мэтанакіраваная работа ўсяго педагагічнага калектыву, кожны член якога ўсведамляе сваё прафесійнае майстэрства. 

Для ажыццяўлення ў школе прынцыпу калегіяльнасці кіраўніцтва вялікае значэнне надае дзейнасці педсавета. Зімовы педагагічны савет “Роля настаўніка і яго прафесійная кампетэнтнасць у забеспячэнні эфектыўнасці адукацыйнага працэсу” мог быць арганізаваны ў форме канферэнцыі, круглага стала або дзелавой гульні. Аднак у гэты раз мы вырашылі правесці пасяджэнне ў выглядзе конкурсу “Лепшае метадычнае аб’яднанне”. Мэтай яго стала актуалізацыя метадычнай работы ў школе ў цэлым і ў кожным метадычным аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў шляхам удасканалення ўзроўню педагагічнага майстэрства педагогаў, іх кампетэнтнасці ў галіне інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій і методыкі выкладання.
Такая форма работы педагагічнага савета, як конкурс, спрыяе не толькі ўкараненню новых форм арганізацыі метадычнай работы ў школе, але і стымулюе педагагічныя навацыі, раскрывае педагогаў з прафесійнага і творчага бакоў. Конкурс праводзіўся ў некалькі этапаў. Першы этап — візітоўка метадычнага аб’яднання. Прадстаўленне педагогаў праходзіла ў выглядзе прэзентацый. Ацэньваліся арыгінальнасць раскрыцця прадметнага напрамку і якасць электроннага суправаджэння. На другім этапе ацэньвалася афармленне партфоліа метадычнага аб’яднання, а значыць, і аналітычная культура кіраўніка МА. Трэці этап уяўляў сабой конкурс капітанаў, у ім вызначалася ступень ведання кіраўніком і членамі МА нарматыўных дакументаў, якія рэгулююць адукацыйны працэс. У чацвёртым этапе настаўнікам патрэбна было рашаць сітуацыйныя задачы. Мэта гэтага этапу — ацэнка ўмення арыентавацца ў розных сітуацыях у рамках адукацыйнага працэсу, пазбягаць канфліктаў і захоўваць станоўчы псіхаэмацыянальны стан. Нарэшце, пяты этап, у якім педагогі паказалі свае таленты праз нумары мастацкай самадзейнасці. Тут ацэньваліся арыгінальнасць, сцэнічная культура, зладжанасць работы каманды.
На падставе рашэння журы ўладальнікам гран-пры стала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі і геаграфіі. Яны крэатыўна прадставілі работу свайго метадычнага аб’яднання, выкарыстаўшы спецыфіку прадметаў і гумар. Пераможцамі былі ўсе. Аднак…
1-е месца атрымала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Яны вельмі выразна прадставілі творчы нумар у выглядзе тэатральнай пастаноўкі на роднай мове. 2-е месца — у метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі і біялогіі. Педагогі “ўзарвалі” аўдыторыю хімічнымі эксперыментамі і біялагічнымі метамарфозамі. 3-е месца пакінула за сабой метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў. Журы вельмі кранула дэманстрацыя відэафільма з выказваннямі дзяцей аб кожным настаўніку.
У выніку падрыхтоўкі і правядзення конкурсу настаўнікі змаглі замацаваць веданне нарматыўных дакументаў, знайсці выхад з розных канфліктных сітуацый, якія ўзнікаюць у школе, прадэманстраваць валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі і раскрыць свой творчы патэнцыял. Педагагічны калектыў школы атрымаў зарад бадзёрасці і натхнення для далейшай плённай працы. Педсавет можа акрыляць!

Вера ЛІВАНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Гомеля.