Педагагічны клас: выклікі і рэальнасць

Што трэба зрабіць, каб прафесія настаўніка стала больш прыцягальнай для вучняў? У першую чаргу сфарміраваць асэнсаваныя ўяўленні старшакласнікаў аб яе плюсах і мінусах, даць магчымасць задумацца над неабходнымі асабістымі характарыстыкамі, якіх патрабуе гэтая адвечная прафесія. Арганізацыя профільных класаў педагагічнай накіраванасці заклікана прыцягнуць да навучання на педагагічных спецыяльнасцях найбольш матываваных выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Першы раз у педагагічны клас паступілі вучні сярэдняй школы № 4 Віцебска. З трох 9-х класаў утварыўся творчы згуртаваны калектыў 10 класа. Асэнсоўваючы работу сямі напружаных месяцаў, разумееш, што правільна выбраныя кірункі і ўмелае ўключэнне навучэнцаў у сацыяльна значную дзейнасць спрыяе фарміраванню ў вучняў аб’ектыўнага ўяўлення аб педагагічнай прафесіі, дае магчымасць набыць першасны педагагічны вопыт, захаваць цікавасць да авалодання прафесійнымі сакрэтамі.

На самай справе работа па фарміраванні 10 класа пачалася яшчэ ў верасні 2014 года. Зладжаная каманда адміністрацыі і педагагічнага калектыву на чале з дырэктарам Наталляй Уладзіміраўнай Данілавай распрацавала цэлую сістэму мерапрыемстваў па прафесійным самавызначэнні вучняў. Дыягностыка, анкетаванне, псіхалагічныя трэнінгі, прафесійныя пробы, наведванне шэрага навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, экскурсіі на прадпрыемствы, удзел у конкурсах, індывідуальная работа з вучнямі і іх бацькамі — усё гэта прынесла плён: вучні вызначыліся ў сваіх прафесійных перавагах, кожны асэнсавана выбраў далейшы жыццёвы шлях.

Як класны кіраўнік імкнуся будаваць сваю работу так, каб выхаваць навучэнцаў людзьмі творчымі, гуманнымі і літасцівымі. Паколькі клас мае педагагічны кірунак, то асноўнай мэтай маёй дзейнасці з’яўляецца папулярызацыя педагагічнай прафесіі, фарміраванне ў падрастаючага пакалення сацыяльных каштоўнасцей, развіццё актыўнай жыццёвай пазіцыі і сацыяльна адказных паводзін.

Першым крокам да рэалізацыі гэтай мэты сталі факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, якія з’яўляюцца эфектыўнай формай работы са старшакласнікамі. Навучэнцы маюць магчымасць атрымаць адказы на пытанні, якія іх хвалююць:

• Якія патрабаванні прад’яўляюцца да настаўніка?

• Што павінен умець настаўнік?

• Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік?

• Ці магу я быць настаўнікам?

• Ці ёсць у мяне патрэбныя прафесійныя якасці?

• Ці магу я ўжо сёння паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка?

Разам з вучнямі мы шукаем адказы на гэтая пытанні падчас дыскусій, дыспутаў, прадстаўлення вучэбных і творчых праектаў, правядзення псіхалагічных трэнінгаў і дзелавых гульняў, конкурсаў і віртуальных падарожжаў. На занятках навучэнцы вывучаюць гісторыю педагогікі, знаёмяцца са знакамітымі педагогамі, адкрываюць для сябе сакрэты педагагічнага майстэрства, павышаюць псіхалагічную культуру, авалодваюць навыкамі развіцця псіхічных працэсаў, ажыццяўляюць першасную самадыягностыку сваіх педагагічных здольнасцей.

“Мне вельмі падабаецца прафесія настаўніка, — піша ў сваім эсэ “Мой голас у абарону педагагічнай прафесіі” Дар’я Калакольцава. — Дзякуючы факультатыўным заняткам і асабістым назіранням, я ўсведамляю, што гэта цяжкая і напружаная праца, што яна патрабуе ўмення знаходзіць агульную мову з людзьмі, рознымі па ўзросце і характары. Але ў будучым хачу ста ць педагогам. Быць настаўнікам — гэта значыць любіць гэты свет і старацца зрабіць яго лепшым. Я ўдзячна настаўнікам за трывалыя веды, за дабрыню і спагаду, за часцінку душы, падораную мне…”

“Настаўніку трэба дасканала валодаць сваім прадметам і быць цікавым чалавекам. Любоў і давер вучняў нельга заслужыць толькі сучаснымі методыкамі. Галоўнае — навучыцца бачыць непаўторную індывідуальнасць, забяспечыць свабоду самавыяўлення асобы кожнага вучня, умець падтрымліваць пазітыўны эмацыянальны фон у класе…” — выказвае сваю думку Кірыл Палявы.

“Прафесія настаўніка прымушае чалавека не стаяць на месцы, пастаянна шукаць штосьці новае, самаўдасканальвацца, дзяліцца з падрастаючым пакаленнем сваім вопытам, уплываць на развіццё асобы вучня. Я не ўяўляю школу без спагадлівых, шчырых усмешак настаўнікаў, незвычайнага добразычлівага позірку класнага кіраўніка. Настаўнікі непакояцца пра наша здароўе, натхняюць нас на поспехі, падтрымліваюць у нялёгкі час”, — адзначае Канстанцін Ляхоўскі.

Я лічу, што мала даць вучням толькі паняцце аб метадах і прыёмах сучаснай педагогікі і псіхалогіі, паведаміць ім пра асаблівасці работы настаўніка, трэба стварыць такія сітуацыі, у якіх вучні могуць паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка. Новым нашым крокам стала супрацоўніцтва з дзіцячым домам Віцебска.

На бацькоўскім сходзе мы абмеркавалі магчымасць наведвання дзесяцікласнікамі дзіцячага дома. Большасць бацькоў падтрымалі ідэю, прапанавалі напрамкі дзейнасці і паабяцалі матэрыяльную падтрымку з неабходным інвентаром для выступленняў і правядзення гульняў. Дзякуючы парадам Алены Васільеўны Пушкаровай, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзіцячага дома, мы падрыхтавалі першую праграму “Гуляем разам” і пазнаёміліся з выхаванцамі групы “Церамок”.

Як толькі нашы вучні ўбачылі шчырыя ўсмешкі ўдзячных гледачоў, іх скаванасць і сарамлівасць адразу знікла. Дзеці разам адгадвалі загадкі, паўтаралі скорагаворкі, гулялі ў беларускія народныя гульні, а потым разам пайшлі піць чай з прысмакамі, прыгатаванымі бацькамі дзесяцікласнікаў. Вучні, пакідаючы сцены ўтульнага дзіцячага дома, паабяцалі, што абавязкова сюды вернуцца.

Незабыўныя сустрэчы адбыліся перад Калядамі і на Масленіцу, падлеткі не толькі арганізоўвалі гульні і знаёмілі выхаванцаў з беларускімі народнымі абрадамі, але і дапамагалі ім выконваць дамашнія заданні, бавілі з імі вольны час. Дзякуючы дапамозе педагога-арганізатара Таццяны Леанідаўны Валуй, вучні нашага класа разам з дзевяцікласнікамі падрыхтавалі мультымедыйны часопіс “Падарожжа на мацярык Здароўе” і сумесны трэнінг “Ражджаство — пачатак новага жыцця” для выхаванцаў групы “Энергія”. У падлеткаў знайшлося шмат агульных тэм для размовы.

Дзесяцікласнікі адзначылі, што пасля такіх сустрэч яны адчулі значную адказнасць за свае справы і ўчынкі, у многім памянялі сваё стаўленне да школы, да настаўнікаў, да сваіх бацькоў, па-новаму зірнулі на свае праблемы, на ўзаемаадносіны паміж аднагодкамі і людзьмі рознага ўзросту. “З дабром трэба спяшацца, інакш яно можа застацца без адрасата” — гэтыя словы Анатоля Алексіна служаць і дэвізам, і кірункам нашай дзейнасці.

З мэтай стварэння ўмоў для павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў, развіцця іх пазнавальна-камунікатыўных магчымасцей і рэалізацыі прафесійнага самавызначэння было арганізавана ўзаемадзеянне з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава. Старшакласнікаў і студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта збліжаюць сумесныя сустрэчы, гутаркі, экскурсіі, акцыі. Навучэнцаў хвалююць пытанні падрыхтоўкі да экзаменаў, умовы паступлення і асаблівасці навучання ў вышэйшай навучальнай установе. Гэтую інфармацыю яны могуць атрымаць у студэнтаў філалагічнага факультэта.

Акцыя “Мы супраць СНІДу”, сумесны паэтычны вечар, прысвечаны юбілею Уладзіміра Караткевіча, наведванне літаратурнага музея і бібліятэкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта не пакінулі раўнадушнымі дзесяцікласнікаў. Сустрэчы з нашымі віцебскімі пісьменнікамі Вольгай Русілка і Францам Сіўко здзівілі навучэнцаў творчай харызмай пісьменнікаў і адначасова іх прастатой, душэўнасцю і дабрынёй, настроілі дзяцей на паэтычны лад.

Як класны кіраўнік я выступаю каардынатарам цэласнага педагагічнага працэсу. Асаблівую ўвагу звяртаю на праблемы жыццёвага самавызначэння старшакласнікаў, арыентацыю на набыццё навыкаў для будучай прафесіі, раскрыццё творчага патэнцыялу кожнага вучня. Адным з важных момантаў маёй дзейнасці з’яўляецца псіхалагічны кантакт з навучэнцамі і стварэнне ў класе атмасферы даверу. Пры гэтым выхаваўчы працэс будую на аснове пазітыву, добразычлівасці ў адносінах да падлеткаў, апоры на іх патэнцыяльныя магчымасці, упэўненасці ў здольнасці кожнага вучня.

Мае вучні — актыўныя ўдзельнікі ўсіх школьных мерапрыемстваў, школы асобаснага развіцця “Рост”, разнастайных праектаў ад раённага да міжнароднага ўзроўню. Кожны навучэнец збірае сваё партфоліа. Партфоліа дазваляе ўлічваць вынікі, дасягнутыя вучнямі ў разнастайных відах дзейнасці: вучэбнай, творчай, спартыўнай, сацыяльнай. Яно ўтрымлівае змястоўную характарыстыку, прадугледжвае павышэнне матывацыі старшакласнікаў, дадае большай адказнасці бацькам і вучням. Так, 2 красавіка Дзмітрый Старанцоў, Кацярына Зінавенка, Уладзімір Шэндзелеў і Максім Голубеў папоўнілі партфоліа дыпломамі ХІІІ гімназічнай адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі НТВ “Альтаір”, дзе на высокім узроўні прадставілі свае даследчыя работы побач з вучнямі гімназій Масквы, Смаленска, Саранска.

Вельмі прыемна бачыць вынікі сваёй работы ў высокіх вучэбных дасягненнях сваіх вучняў, у іх уменнях канструктыўнага ўзаемадзеяння, здольнасці працаваць у камандзе. Наш дэвіз — “Кожны асабісты поспех — гэта поспех усяго класа”. Вядома, што поспех — гэта штодзённая карпатлівая праца над самім сабой, гэта перадоленне перашкод, імкненне да новых вяршынь. Вельмі хочацца, каб нашым вучням пакарыліся самыя недасягальныя вяршыні.

Паліна Траўнічава ў сваім эсэ “Мой голас у абарону педагагічнай прафесіі” падкрэслівае, што будучыня адукацыі залежыць ад сучаснай моладзі: “Сёння ў нашай свядомасці фарміруецца ідэальны вобраз педагога. Не ўсе мы выберам гэтую прафесію, але ўсе мы — будучыя бацькі, менавіта мы будзем фаміраваць уяўленні аб настаўніку ў наступнага пакалення. Найвышэйшая каштоўнасць настаўніцкай працы — умець не толькі творча рэалізоўваць педагагічныя тэорыі, але і імкнуцца да ажыццяўлення асабістых педагагічных ідэй”.

Наперадзе чакае 11 клас, а з ім — новыя ідэі, цікавыя праекты, бязмежныя магчымасці.

Вольга ЗЯЗЮЛЬКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік педагагічнага класа сярэдняй школы № 4 Віцебска.