Педагагічная ацэнка — фактар развіцця асобы вучня

У пачатку трэцяга тысячагоддзя педагог павінен рыхтаваць навучэнцаў да ролі творцаў у будучыні. У сувязі з гэтым, на думку педагогаў, можна адзначыць два этапы ў адукацыйным працэсе, якія садзейнічаюць усебаковаму развіццю навучэнцаў: укараненне асобасна арыентаваных тэхналогій навучання з улікам індывідуальных здольнасцей і перавод навучання на суб’ектыўную аснову самаразвіцця асобы. Пагаджуся з тым, што немалаважную ролю пры гэтым выконвае і кантрольна-ацэначная дзейнасць педагога як форма кіравання самаразвіццём асобы навучэнца.

Педагагічная практыка паказвае, што большасць вучняў згодны атрымліваць гатовую інфармацыю, якую прадстаўляе педагог, асэнсоўваць атрыманае, засвойваць і лічыць гэта дастатковым для сябе. І толькі некаторыя вучні імкнуцца атрымаць веды самастойна, пошукам спроб і памылак, і, безумоўна, такая дзейнасць павінна быць ацэнена педагогам.
Узнікае пытанне: якія формы і метады работы на ўроку садзейнічаюць самаразвіццю асобы і як адбываецца ацэначная дзейнасць работы? Для развіцця здольнасцей навучэнцаў лічу важным выкананне заданняў творчага характару. У першую чаргу гэта сачыненні і пераказы на пэўную тэму з выражэннем уласнага светапогляду. Часта практыкую напісанне міні-сачыненняў або эсэ на вольную тэму. Не ўсім вучням удаецца добра справіцца з заданнем, аднак нават недахопы ў рабоце імкнуся карэкціраваць тактоўна: “…у цябе не ўсё атрымалася, але добра, што ты звярнуў увагу на…”, “твая думка слушная, але я хачу параіць…”, “я цаню тваю працу, але спадзяюся, што наступны раз будзе лепш” і г.д. На ўроках літаратуры стаўлю перад навучэнцамі праблемнае пытанне, якое яны павінны вырашыць да канца ўрока. Напрыклад, у 8 класе пры вывучэнні твора У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ” вучні шукалі адказ на пытанне “У чым гонар афіцэра?”. Адказ падмацоўваўся прыкладамі з твора, дзеці разважалі, спрачаліся, выказвалі свой пункт гледжання. Гэта спрыяла росту ініцыятывы і творчасці навучэнцаў, умацоўвала веру ва ўласныя магчымасці.
Да ўрока-лекцыі, урока-семінара вучні атрымліваюць заданні самастойна падрыхтаваць матэрыял, што садзейнічае развіццю пошукавай актыўнасці, жаданню атрымаць штосьці новае не з дапамогай педагога, а індывідуальна.
Ужо ўкаранілася ў маю практыку падрыхтоўка малюнкаў да прычытаных твораў. Пры гэтым абавязковае тлумачэнне сваёй працы. Гэта дадатковае заданне да асноўнага, і навучэнцы з задавальненнем выконваюць работу, нават тыя, хто не ўмее маляваць. Ролю пры гэтым адыгрывае менавіта адзнака, бо яна ставіцца вышэйшая: вучань стараўся, траціў свой асабісты час — стымул на вышэйшы бал і самаразвіццё, самаўпэўненасць — “я стараўся, я магу, і мяне ацанілі”. У апошні час вучні з задавальненнем складаюць крыжаванкі. Роля педагога пры гэтым — правільна накіраваць работу навучэнца, падказаць у выбары тэмы, прапанаваць звярнуцца яшчэ раз да вывучаных твораў або правілаў, паўтарыць вывучанае, асэнсаваць атрыманыя веды.
Станоўчым у самаразвіцці вучняў лічу складанне кластараў і сінквейнаў. Вучням падабаецца такі від работы, таму што развіваецца логіка, мысленне, інтэлект. Навучэнцы імкнуцца падабраць найбольш удалыя характарыстыкі для героя або найбольш важныя пункты правіла па мове.
У апошні час я звярнулася да прымянення на ўроках элементаў модульнай тэхналогіі, якая дапамагае развіваць у вучняў навыкі самаадукацыі, самавыхавання. Модуль складаецца пераважна з пяці вучэбных элементаў з выкананнем пастаўленай мэты. Напрыклад, модуль “Разрады прыслоўяў” па беларускай мове ў 8 класе. На працягу ўрока навучэнцы працавалі індывідуальна, у пары, у групе. Асноўны прынцып модуля — “здабудзь веды сам, абмяркуй, правер па ключы, ацані сябе”. Такі від работы стварае ўмовы для выхавання ў школьнікаў пачуцця адказнасці перад вучнёўскім калектывам.
Для развіцця ўласных думак прапаную вучням запісаць у сшытак фразу, якую неабходна завяршыць сказам. А здольныя дзеці завяршаюць гэтую фразу міні-сачыненнем, што прымушае іх думаць, вучыцца разважаць, папаўняць слоўнікавы запас. І, безумоўна, лепшыя работы пасля тлумачэння ацэньваюцца лепшым балам (напрыклад, пасля вывучэння раздзела “Лірычныя жанры” ў 8 класе — “Паэзія — гэта…”).
Пры вывучэнні абагульняючых тэм па мове, пры выкананні рознаўзроўневых заданняў прапаноўваю запаўненне лістка самакантролю. Змест можа быць самы розны: заданне і самаацэнка ў балах; выконваў заданне сам, з дапамогай суседа па парце, звяртаўся да настаўніка; сваю работу ацэньваю на … бал, работу аднакласніка — на … бал, лепш за ўсіх працаваў… Работа з такімі лісткамі цікавая, бо вучні даюць ацэнку сваёй дзейнасці, прасочваюць узровень свайго навучання.
Веды, набытыя самастойна, сапраўды з’яўляюцца больш трывалымі. Спосабы атрымання ведаў, як бачым, могуць быць розныя. Галоўнае — навучыць вучня самастойнасці, самаразвіццю. І, пагадзіцеся, такая работа з боку вучня павінна быць ацэнена станоўча. Галоўны вынік — вучань можа ацаніць сябе, ён вырастае як асоба.

Ірэна КАЗЛОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.