Пархімаўскія экаэрудыты

Даследчая дзейнасць, як ніякі іншы від вучэбнай дзейнасці, спрыяе фарміраванню ў школьніка якасцей, неабходных яму для далейшага навучання, для прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі незалежна ад выбару будучай прафесіі. Шырокія магчымасці выкарыстання элементаў даследчай дзейнасці навучэнцамі школы ва ўрочны і пазаўрочны час, магчымасць правядзення даследчага эксперымента школьнікамі сярэдняга і старшага звяна дае біялогія. Таму ў нашай школе даследчай дзейнасці на ўроках і ў пазаўрочнай рабоце па біялогіі і экалогіі ўдзяляецца асаблівая ўвага.

У інфармацыйна-асветніцкай і даследчай дзейнасці па біялогіі і экалогіі ўдзельнічаюць усе зацікаўленыя навучэнцы, незалежна ад іх узроўню ведаў па гэтым прадмеце. З гэтымі дзецьмі праводзяцца заняткі па паглыбленні ведаў па экалогіі ў выглядзе лекцый, размоў, практычных заняткаў, заняткаў з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў. Дзеці вучацца праводзіць ацэнку стану паветра, глебы, прыродных вод з дапамогай арганізмаў-індыкатараў, вучацца планаваць прыродаахоўныя мерапрыемствы, вывучаюць біяразнастайнасць аграгарадка і сумежных тэрыторый, ажыццяўляюць пошук рэдкіх і ахоўных відаў арганізмаў. Даследчая дзейнасць у гэтым выпадку выступае як механізм фарміравання матывацыйнай сферы навучэнца, карэкцыі яго самаацэнкі, нават як элемент прафарыентацыйнай работы. Атрыманыя даследаванні сістэматызуюцца, праектуюцца і выходзяць на ўзровень навукова-практычных канферэнцый.
Як вынік — на працягу некалькіх гадоў удзел навучэнцаў нашай школы ў даследчай дзейнасці па экалогіі выніковы. У 2015 годзе на Рэспубліканскім конкурсе дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы” праект энергазберажэння шляхам збору і выкарыстання дажджавой вады ў дварах прыватных дамоў у аграгарадку Пархімаўцы навучэнкі 9 класа Людмілы Бякбаевай заняў 2 месца на рённым і 3 месца на абласным этапе.
Таксама ў бягучым годзе на VI адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Імкненне. Адкрыццё. Поспех” работа Дзіяны Сушко, навучэнкі 9 класа, па тэме “Комплекснае даследаванне экалагічнага стану тэрыторыі цэнтральнага парку аграгарадка Пархімаўцы” заняла 3 месца.
Школьнікі прадстаўляюць свае работы экалагічнай тэматыкі на штогадовы абласны конкурс (канферэнцыю) даследчых работ па вучэбных прадметах навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Хрустальная альфа” ў секцыі па біялогіі. У 2013 годзе работа навучэнкі 9 класа Веранікі Пугачэўскай на тэму “Маніторынг ступені забруджвання паветра ў розных участках аграгарадка Пархімаўцы метадам ліхенаіндыкацыі” прайшла завочны адбор і ўдзельнічала ў вочным абласным этапе.
Штогод навучэнцы ўдзельнічаюць у абласной інтэрнэт-алімпіядзе “Экаэрудыт”. У гэтым годзе ў алімпіядзе ўдзельнічалі шэсць навучэнцаў 7—8 класаў. У 2014 годзе ў алімпіядзе было пяць прызёраў (адно 1-е месца, тры 2-х месцы і адно 3-е месца), пяць навучэнцаў прадстаўлялі свае работы на конкурс сінквейнаў “Энергія. Рэсурсы. Зберажэнне” 2 этапу абласнога інтэрнэт-праекта “Гадзіна Зямлі”.
Работа настаўніка ў арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў не павінна насіць стыхійны, бессістэмны характар. Толькі прадуманая, лагічна выбудаваная сістэма ведаў, якая арганізоўвае даследчую дзейнасць, дасць чаканыя вынікі. Навучэнец, узброены навуковымі метадамі пазнання, здолее знайсці праблему і не толькі зразумець і вывучыць яе, але і самастойна прапанаваць нестандартнае, крэатыўнае, арыгінальнае рашэнне. Менавіта такі выпускнік сёння запатрабаваны грамадствам, менавіта ён становіцца канкурэнтаздольным.

Алена ХІЛЮТА,
настаўніца біялогіі Пархімаўскай
базавай школы Бераставіцкага раёна
Гродзенскай вобласці.