Пара цудоўная, карысная, працоўная

Стракацяць у кветніку астры, вяргіні, у гародчыку разлягліся пузатыя гарбузы, звесілі цяжкія галовы сланечнікі. Вось і восень прыйшла, змяніўшы цёплае звонкае лета. Вучні ўжо сабраліся ў роднай Горкаўскай сярэдняй школе, куды іх паклікаў вясёлы школьны званок. Наперадзе — шмат дзён навучальнага года, але доўга яны будуць успамінаць дні летнія, якія былі напоўнены цікавымі падзеямі.

Рознакаляровыя палаткі, размешчаныя пад шатамі векавых ліп, яшчэ здалёк вабілі да сябе. Тут, на базе Горкаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, функцыянаваў дзіцячы аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Рамонак”. Свой час весела бавілі тут 20 хлопчыкаў і дзяўчынак 6—10 гадоў. Перш за ўсё гэта дзеці з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.


Дзейнасць летніка арыентавана на вырашэнне важнай праблемы — арганізаваны адпачынак і аздараўленне дзяцей. Педагогі творча і з карысцю планавалі вольны час дзяцей. Ранішняя зарадка на свежым паветры, рухавыя гульні, экскурсіі па экалагічнай сцяжынцы і па ваколіцах родных мясцін, спартыўныя гульні і забавы, працоўны дэсант на тэрыторыі стваралі добры настрой. Усім палюбіліся тэматычныя дні. Гэта вельмі зручна, бо ўвесь дзень усе заняты адной справай і працуюць па адным кірунку. Году беларускай культуры былі прысвечаны дні “Мой дом — Беларусь”, “Экалогія і культура”, “Беларускія традыцыі”. Дзеці бліжэй пазнаёміліся з прыродай роднага краю, яго культурай і традыцыямі, развучвалі беларускія песні, танцы, гульні, карагоды, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў. 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў прысвечаны дзень памяці. Вусны часопіс “Ніколі не забудзем” расказаў маленькім слухачам аб страшнай трагедыі ў жыцці беларусаў. Ля абеліска загінуўшым воінам-землякам быў праведзены працоўны дэсант і ўскладзены кветкі.

У свяце Нептуна прынялі ўдзел усе “рамонкаўцы”. Перш чым дабрацца да ўладанняў марскога цара, прыйшлося пераадолець шмат перашкод. Усе былі задаволеныя, шчаслівыя і… мокрыя. Частымі наведвальнікамі дзеці былі ў ветэранаў педагагічнай працы, адзінокіх састарэлых людзей з мэтай аказання ім дапамогі. Асабліва ўсім падабаўся спецыяльна падрыхтаваны канцэрт мастацкай самадзейнасці.


Вандруючы па мясцовых ваколіцах, наведалі выток ракі Жацераўкі, якая ўпадае ў Нёман, расчысцілі дно — і пабегла рэчанька далей, дзякуючы юным памочнікам прыроды. Пацікавалі за бабровымі хаткамі, сабралі смецце на беразе возера і паспяшаліся на луг, дзе шукалі лекавыя травы і адпачылі пад гудзенне чмялёў і спеў птушак. Дзеці ўжо ведалі, аб чым будуць пісаць у сваіх навукова-даследчых работах у новым навучальным годзе. Запомнілася і экскурсія ў мясцовы заапарк, дзе жывуць страусы Вася і Маша.

Амаль усе навучэнцы ўстановы адукацыі былі ахоплены летнім аздараўленнем. Многія адпачывалі ў раённым лагеры “Нёман”, папраўлялі сваё здароўе ў дзіцячых санаторыях Беларусі. Гэта і ёсць клопат дзяржавы пра падрастаючае пакаленне.


Акрамя таго, на працягу лета на школьным агародзе шчыравалі вучні 5—8 класаў. Дзякуючы іх працы, у школьнай сталовай будзе свая агародніна. Вучні 11 класа адрамантавалі свой клас да новага навучальнага года, іншыя старшакласнікі рупіліся на ферме, зернясховішчы, мясцовым машынна- трактарным парку — вясковыя дзеці прывучаны да любой працы. Палова з іх набудзе новую школьную форму за свае заробленыя грошы.

Азіраючыся назад, мы радуемся, што нашы вучні пасталелі, адпачылі, а яшчэ гэтым летам кожны вучань знайшоў сабе занятак па душы і ўзросце. Прыярытэтнымі кірункамі летняй дзейнасці сталі грамадзянска-патрыятычнае, экалагічнае і працоўнае навучанне. Пад пільным наглядам школьнікаў былі кожнае дрэўца і куст, з удзячнасцю глядзіць люстраным вокам возера, бо берагі яго чыста прыбраны, ля абеліска загінуўшым воінам-землякам заўсёды цвітуць кветкі. Актыўны ўдзел у рамонце школы прынялі вучні старшых класаў. Бачна, што вакол шчыравалі сапраўдныя гаспадары. Неабыякавасць да ўсяго, што вакол іх, жаданне дапамагчы дарослым і адзінокім людзям — здароўе для дзіцячых душ.

Яніна ДУШКЕВІЧ,
выкладчык рускай мовы і літаратуры
Горкаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна.