Папярэдзіць рызыку

Пытанне прафілактыкі супрацьпраўных і асацыяльных паводзін падлеткаў і маладых людзей з’яўляецца адным з найбольш значных у сучасным грамадстве. На базе сярэдняй школы № 1 Скідзеля дзейнічае Гродзенскі абласны рэсурсны цэнтр “Папярэджанне сацыяльнай рызыкі, дэструктыўнай дзейнасці праз развіццё сацыяльнага партнёрства, рэалізацыю дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў”. Кіраўнік цэнтра Іна Іванаўна Пазняк, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, падкрэслівае, што ва ўстанове ёсць вялікі вопыт сумеснай дзейнасці педагогаў, навучэнцаў і бацькоў, які паспяхова трансліруецца на абласных і раённых семінарах для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, класных кіраўнікоў і настаўнікаў.

Ужо больш за тры гады ў школе пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Ганны Міхайлаўны Аленіч працуе група валанцёраў. Валанцёры-інструктары з выкарыстаннем падыходу “роўны навучае роўнага” праводзяць заняткі са сваімі аднагодкамі па такіх тэмах, як “Канфлікты і спосабы іх вырашэння”, “Эмацыянальная ўстойлівасць. Прыёмы рэлаксацыі”, “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”. Дзейнасць валанцёраў накіравана на фарміраванне каштоўнасных арыентацый, здаровага ладу жыцця, маральнага стаўлення да сябе і іншых людзей, бяспечных і адказных паводзін. Навучанне аднагодкаў адбываецца ў форме інтэрактыўных заняткаў, важным момантам якіх з’яўляецца стварэнне камфортных умоў, нефармальнай абстаноўкі, у якой удзельнікі адчуваюць сваю паспяховасць падчас работы ў групе.
Вялікай папулярнасцю ў школьнікаў і бацькоў карыстаецца форум-тэатр. Кіраўнік тэатра Марыя Давыдаўна Разецкая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, сумесна з вучнямі складае сцэнарыі, у якіх перад маладымі людзьмі паўстае праблема выбару. Асаблівасць тэатра ў тым, што ў пэўны момант любы глядач можа спыніць дзеянне і, замяніўшы аднаго з артыстаў, прапанаваць свой варыянт развіцця падзей. Гэта спрыяе ўсведамленню маладымі людзьмі адказнасці за свае паводзіны і за дзеянні навакольных.

Клуб юных журналістаў “Твой фармат”, якім кіруе настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Чаркес, з 2014 года праводзіць для вучняў, бацькоў, педагогаў інтэрактыўныя заняткі “Стоп-спайс!”. Удзельнікі клуба ствараюць лістоўкі, плакаты, складаюць звароты да падлеткаў, бацькоў, здымаюць відэаролікі, якія потым выкарыстоўваюцца як матэрыял для папярэджання распаўсюджвання спайсаў і іншых наркатычных рэчываў.

Выдатную магчымасць для зносін моладзі прадстаўляе “Рэха” — клуб ЮНЕСКА, які дзейнічае ў школе. Куратарам клуба з’яўляецца настаўніца матэматыкі Алена Уладзіміраўна Гайко. “Рэха” прымае актыўны ўдзел у дзейнасці клубаў ЮНЕСКА, напрыклад, у фестывалі “Магчымасці для ўсіх”, у творчых пляцоўках па абмене вопытам паміж клубамі, у адукацыйных майстар-класах “Развіццё камунікатыўных навыкаў”, “Трэнінг для інфаменеджараў клуба”.

З мэтай аказання падлеткам і маладым людзям дапамогі ў выбары правільнай мадэлі паводзін у школе ў 2014 годзе адкрыўся Гродзенскі раённы клуб прафілактычнай накіраванасці для падлеткаў “Альтэрнатыва”. Сама назва клуба гаворыць пра тое, што ў жыцці заўсёды ёсць альтэрнатыва — трэба толькі ўмець зрабіць выбар. Важна, што тэматыку пасяджэнняў могуць прапаноўваць школьнікі ў адпаведнасці з тым, што іх цікавіць. У клубе арганізавана секцыя рукапашнага бою, заняткі ў якой праводзяць супрацоўнікі МУС. Летам 2014 і 2015 гадоў для школьнікаў — удзельнікаў клуба быў арганізаваны палатачны лагер. Такая дзейнасць, бясспрэчна, спрыяе ўсведамленню маладымі людзьмі і падлеткамі таго, што асацыяльным паводзінам ёсць разумная альтэрнатыва — жыццё ў прававым полі і клопат пра сваё здароўе і будучыню.

На школьным сайце своечасова абнаўляецца інфармацыя на партале “Рэсурсны цэнтр” з мэтай трансляцыі вопыту работы цэнтра і аказання метадычнай падтрымкі педагогам па пытаннях фарміравання сацыяльна адказных паводзін школьнікаў, папярэджання сацыяльнай рызыкі і дэструктыўнай дзейнасці.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.

Фота аўтара.