Памяць у бронзе, памяць у сэрцы

У Барысаве прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны поўнага кавалера ордэнаў Славы Івана Кузняцова.

Іван Піліпавіч нарадзіўся 18 снежня 1928 года ў станіцы Мігулінскай Растоўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад пачаткам вайны скончыў 7 класаў сельскай школы. Пасля вызвалення Растоўскай вобласці ў студзені 1943 года 14-гадовы Іван добраахвотна ў якасці сына 185-га гвардзейскага артылерыйскага палка быў прыняты на ваенную службу. У складзе дзеючай 8-й гвардзейскай арміі спачатку служыў падносчыкам боепрыпасаў, потым зараджальшчыкам. З чэрвеня 1943-га ён стаў наводчыкам гарматы. Сваю першую баявую ўзнагароду (медаль “За адвагу”) радавы Кузняцоў атрымаў у баях за вызваленне Украіны. У ходзе Нікопальска-Крыварожскай наступальнай аперацыі 15-гадовы гвардыі радавы Іван Кузняцоў удастоіўся ордэна Чырвонай Зоркі.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў прарыве варожай абароны ў раёне населенага пункта Забадрове (Польшча), штурме крэпасці Кюстрын (цяпер Костшын над Одрай), а таксама за ўзяцце горада Нойкельн (прыгарад Берліна) наводчык гарматы яфрэйтар Іван Кузняцоў быў удастоены ордэна Славы ўсіх трох ступеняў. Такім чынам, 16-гадовы франтавік-артылерыст Іван Кузняцоў стаў самым маладым поўным кавалерам ордэна Славы. Пасля вайны працягваў служыць. У 1949 годзе скончыў Арлоўскае бранятанкавае вучылішча імя М.В.Фрунзе. У 1969 годзе капітан Кузняцоў звольніўся ў запас. Жыў у Барысаве. Памёр 21 студзеня 1989 года.
…Цырымонія ў гонар памяці героя вайны пачалася з адкрыцця мемарыяльнай дошкі па вуліцы Чапаева, на доме № 29, дзе жыў Іван Піліпавіч. На ўрачыстае мерапрыемства прыехала прадстаўнічая дэлегацыя з Расіі на чале з вядомым грамадскім дзеячам і дабрачынцам саветнікам намесніка генеральнага сакратара Савета міжпарламенцкай асамблеі СНД Грач’ям Пагасянам. Дарэчы, Грач’я Місакавіч стаў галоўным спонсарам па рэалізацыі гэтага праекта, аўтарам якога з’яўляецца краязнавец палкоўнік расійскай арміі Уладзімір Валынец.
Ушанаваць памяць франтавіка-артылерыста прыйшлі родныя і таварышы па службе, ветэраны вайны і працы Барысаўшчыны, школьнікі, прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары дома, выпадковыя прахожыя. Мерапрыемства прадоўжылася ў гімназіі № 3 Барысава. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё бронзавага бюста і класа-музея. Месца выбрана не выпадкова. Па-першае, тут вучацца ўнук Іван і ўнучка Дар’я легендарнага героя. А па-другое, у гімназіі пад кіраўніцтвам дырэктара Ірыны Кірык праводзіцца актыўная работа па патрыятычным выхаванні моладзі. Па словах Ірыны Валер’еўны, навучэнцам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы. Для захавання спадчыны героя-франтавіка зроблена нямала. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Ларысы Сёмушкінай створаны пошукавы атрад “Зорка”, сабраны ўнікальныя дакументы, пісьмы, фотаздымкі і ўспаміны сяброў і аднапалчан Івана Піліпавіча. У гэтым змаглі пераканацца ганаровыя госці, наведаўшы цудоўна аформлены клас-музей памяці Івана Кузняцова. Шматлікія падарункі і ўзнагароды, сувеніры і кнігі, а таксама фотаздымкі з асабістым аўтографам народнага артыста СССР Васіля Ланавога папоўнілі экспазіцыю музея.
У адкрыцці бюста і класа-музея ўдзельнічалі не толькі прадстаўнікі расійскай дэлегацыі, але і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Красоўская, члены савета ветэранаў Барысаўшчыны, родныя і блізкія героя вайны. Ларыса Кузняцова, дачка Івана Піліпавіча, выказала надзею, што памяць пра яе бацьку, як і многіх іншых герояў вайны, будзе жыць вечна не толькі ў адлітых радках і бронзавых бюстах, але і ў сэрцах маладога пакалення.

Мікалай МАКАРЭВІЧ.
Фота аўтара.