Пагуляем… Пагаворым…

Адносіны з людзьмі завязваюцца і найбольш інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным узросце. Ад таго, як складуцца адносіны дзіцяці ў першым у яго жыцці калектыве (дашкольнай групе), залежыць далейшае асобаснае і сацыяльнае развіццё, а часам і лёс.

Асаблівую важнасць праблема камунікатыўнага развіцця дзяцей набыла сёння. Не сакрэт, што лепшы сябар сучаснага дзіцяці — гэта тэлевізар ці камп’ютар, а любімы занятак — прагляд мультфільмаў ці камп’ютарныя гульні. Дзеці сталі менш узаемадзейнічаць не толькі з дарослымі, але і адно з адным.
Педагогі нашай установы, якія працуюць у спецыяльнай групе для дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення, сутыкнуліся ў рабоце з камунікатыўнай праблемай. Дзеці ўсведамляюць уласныя маўленчыя магчымасці, з-за чаго негатыўна ставяцца да маўленчых зносін, дэманструюць уразлівасць і крыўдлівасць. Дамінацыя адчужанага стаўлення да ўзаемадзеяння выклікае трывогу, паколькі не толькі пагаршае зносіны дашкольнікаў з аднагодкамі, але і ў далейшым можа прывесці да розных праблем.
У спецыяльнай групе адукацыйны працэс ажыццяўляецца ва ўскладненых умовах: неабходна не толькі вырашаць вучэбна-выхаваўчыя задачы, але і выконваць індывідуальную праграму развіцця кожнага дзіцяці. Дзеці здзіўляюць спецыфічнымі паводзінамі, інтарэсамі, здольнасцямі і схільнасцямі. Індывідуальная работа з дзецьмі накіравана найперш на ўмацаванне іх добрых якасцей і ўменняў.
Станоўчы ўплыў тэатралізаваных гульняў на дзяцей дазваляе выкарыстоўваць іх у якасці моцнага і ненадакучлівага педагагічнага сродку развіцця камунікатыўных уменняў дашкольнікаў, якія падчас гульняў адчуваюць сябе разняволена, актыўна ўзаемадзейнічаюць адно з адным і з дарослымі. Важна, каб педагог умеў пры гэтым выразна чытаць, добра расказваць, глядзець і бачыць, слухаць і чуць, быць гатовым да любых пераўтварэнняў. Гэтыя ўменні дапамагаюць падтрымліваць у дзяцей цікавасць да гульняў.
У нашай групе створаны дастатковыя ўмовы для выкарыстання тэатралізаваных гульняў у адукацыйным працэсе. Асаблівай любоўю карыстаюцца цацкі, зробленыя сваімі рукамі. Над вырабам цацак, як правіла, дзеці шчыруюць з бацькамі.
Зыходзячы са шматгадовага вопыту работы з асаблівымі дзецьмі, я пераканалася, што найбольш эфектыўным прыёмам развіцця іх камунікатыўных здольнасцей з’яўляюцца заняткі з выкарыстаннем тэатралізаваных гульняў. Тэатралізацыя лагапедычнага працэсу прываблівае дзяцей тым, што ўносіць у іх будні святочную атмасферу і добры настрой, дазваляе праявіць ініцыятыву, выпрацоўвае пачуццё ўзаемадапамогі і калектыўныя ўменні.
Пры арганізацыі заняткаў звяртаю ўвагу на гульнявыя сюжэтныя сітуацыі ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці і наяўнасць рознахарактарных персанажаў, паколькі іх узаемаадносіны найбольш захапляюць дзяцей. Падчас гульняў яны асвойваюць розныя мадэлі зносін, што дапамагае ў жыцці быць больш кантактнымі і ўспрымальнымі да эмацыянальных праяў навакольных людзей.
Пры тэатралізацыі казак імкнуся развіваць і карэкціраваць пазнавальныя інтарэсы дзяцей. Калі завучванне слоў развівае памяць, пашырае слоўнікавы запас і аўтаматызуе гукавымаўленне, то танцы развіваюць арыентацыю ў прасторы, маторыку і рухальную актыўнасць, дапамагаюць пераадолець страх і комплексы. Гэта абавязкова спатрэбіцца асаблівым дзецям у школе, найперш падчас адказаў каля дошкі.
Абыгрыванне вершаў і казак, рыфмаванак і прыпевак, гульня з тэатральнымі лялькамі ўсебакова развіваюць дзяцей, выхоўваюць у іх актыўнасць, калектывізм і ўпэўненасць у сваіх сілах. Адбываецца маўленчае расслабленне дзіцяці, нягледзячы на яго маўленчыя магчымасці.
Паводле сучасных тэндэнцый у педагогіцы, роля дзіцяці ў навучанні павінна быць актыўнай. І гэта правільна. Як бы ні было цяжка, выхавальнік павінен імкнуцца арганізаваць такія сітуацыі, якія прымушалі б дзіця самастойна знаходзіць рашэнне, дапамагалі аб’ектыўна ацэньваць сябе і свае магчымасці, працаваць самастойна і адказваць за вынікі сваёй працы. Падчас даверных гутарак і практычных заняткаў развіваю ў дзяцей уменне звярнуцца па дапамогу да дарослых як да старэйшых і больш дасведчаных сяброў.
Пры рабоце з асаблівымі дзецьмі імкнуся быць максімальна тактоўнай, не перагружаю іх манатоннымі паўторамі, не навязваю свайго меркавання, не дазваляю адным дзецям умешвацца ў дзеянні іншых, даю кожнаму паспрабаваць сябе ў розных ролях, не вылучаючы іх сярод больш здольных.
Самае цяжкае — навучыць дашкольнікаў саступаць адно аднаму. На дапамогу прыходзяць сцэнкі з лялечных спектакляў і чытанне мастацкіх твораў. Абавязкова хвалю дзяцей за добрыя ўчынкі: чым менш дзіця, тым мацней дзейнічае на яго пахвала.
Фармірую ў дзяцей уменні разумець ярка выражаныя станы людзей па міміцы і жэстах, для чаго арганізоўваю гульні-пантамімы. Дзеці заўсёды з задавальненнем ператвараюцца ў сумнае і някемлівае кацяня ці злую і цікаўную варону. Такая гульня не патрабуе слоўнага афармлення і дазваляе ўсім быць максімальна паспяховымі.
Фрагменты з казак выкарыстоўваю ў якасці практыкаванняў. Так, прапаноўваю дзецям папрасіцца ў церамок, як жаба ці мядзведзь, пасля чаго абавязкова пытаюся, хто з іх быў больш падобным па голасе і манерах да гэтых персанажаў. Такім чынам, ненавязліва і нязмушана дзеці вучацца слоўнаму пераўвасабленню, імкнуцца зрабіць характар персанажаў, іх голас і звычкі лёгкапазнавальнымі. Імітацыйныя рухі адпрацоўваю на фізкультурных занятках і падчас вольнай дзейнасці.
Тэатралізаваныя гульні дапамагаюць усебакова развіваць асаблівых дзяцей. Падчас тэатралізаванай дзейнасці выхаванцы атрымліваюць не толькі новыя веды, уменні і навыкі, развіваюць творчыя здольнасці, але і наладжваюць кантакт з іншымі дзецьмі і дарослымі, дзякуючы чаму развіваюцца маўленчыя навыкі. Пашырэнне кола зносін дапамагае стварыць разнастайнае асяроддзе развіцця, знайсці кожнаму дзіцяці сваё месца ў ім і адначасова стаць годным членам супольнасці і раўнапраўным партнёрам.

Алеся ТРУШКЕВІЧ,
выхавальніца Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна.