“Пагавары са мною, мама…”

Чыстая, правільная гаворка — адна з найважнейшых умоў псіхічнага развіцця чалавека. З дапамогай маўленчай камунікацыі дзіця лёгка і непрыкметна для сябе ўваходзіць у навакольны свет, пазнае шмат новага, можа выказваць свае думкі, жаданні, патрэбы. Па прызнанні спецыялістаў, у нашы дні ў дзяцей з’яўляецца ўсё больш і больш маўленчых парушэнняў, якія рэзка абмяжоўваюць іх камунікацыю з навакольным асяроддзем і людзьмі.

Дэфекты гаворкі аказваюць тармажэнне на развіццё самой гаворкі і на развіццё мыслення дзіцяці, на яго падрыхтоўку да авалодання граматай. Няправільнае вымаўленне прыносіць дзецям нямала засмучэнняў і цяжкасцей: яны саромеюцца сваёй гаворкі, пачуваюцца няўпэўнена, робяцца сарамлівымі, замыкаюцца, цяжка іду ць на кантакт з людзьмі.
У сістэме карэкцыйнай работы з дашкольнікамі, якія маюць маўленчае недаразвіццё, вельмі важныя сістэмнасць і бесперапыннасць. Трэба сталае замацаванне атрыманых на занятках ведаў і навыкаў у вольных маўленчых зносінах — падчас гульняў, прагулак, паходаў у краму і г.д. Толькі цесны кантакт у рабоце спецыяліста і бацькоў можа спрыяць знішчэнню маўленчых парушэнняў у дашкольным узросце, а значыць, і далейшаму паўнавартаснаму школьнаму навучанню. Бацькі — не пабочныя назіральнікі, а актыўныя памагатыя ў нялёгкай справе пераадолення маўленчага недаразвіцця дзяцей.
Таму работа з дзецьмі, якія маюць праблемы ў маўленчым развіцці, павінна пачынацца з работы з іх бацькамі.

Аналіз вопыту, назапашанага ў яслях-садзе № 5 Слоніма, паказвае, што паспяховасць (або непаспяховасць) педагагічнага ўзаемадзеяння дашкольнай установы і сям’і шмат у чым вызначаецца слушна абранай пазіцыяй настаўніка-дэфектолага. “Мы разам — я, дзіця і яго бацькі — пераадолеем усе праблемы, таму што мы зацікаўлены ў гэтым”. Толькі ў такім разе ўзнікае дадатковы кантакт, пры якім развязваюцца ўсе карэкцыйныя заданні.
Азнаямленне бацькоў са спецыяльнымі метадамі і прыёмамі карэкцыі гаворкі ў нашай установе ажыццяўляецца з дапамогай калектыўнай, індывідуальнай і нагляднай формаў работы.
Калектыўная работа праходзіць наступным чынам: бацькоўскія сходы праводзяцца на пачатку, у сярэдзіне і канцы навучальнага года. Менавіта яны дапамагаюць з’яднаць бацькоў, нацэліць іх на дапамогу камандзе дзіцячага сада, актыўна ўключыцца ў карэкцыйна-выхаваўчы працэс. На пачатку навучальнага года (верасень) настаўнік-дэфектолаг знаёміць бацькоў са спецыфікай работы Пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (ПКПД) у нашай установе, з вынікамі дыягностыкі, растлумачвае патрэбу лагапедычнай работы, расказвае пра вынікі работы ў папярэднія гады, падкрэслівае важнасць сістэматычных заняткаў і ролі бацькоў у выпраўленні маўленчых парушэнняў дзяцей. На бацькоўскім сходзе, які праводзіцца ў студзені, падводзім вынікі карэкцыйнага навучання дзяцей за 1-е паўгоддзе і знаёмім з заданнямі 2-га паўгоддзя. На сходзе пад канец навучальнага года (май) падводзяцца вынікі карэкцыйнай работы. Асабліва старанным і адказным бацькам уручаюцца граматы “Лепшаму памочніку настаўніка-дэфектолага”.
Практыка паказвае, што ў парадак дня бацькоўскага сходу карысна ўключыць хоць бы адну кансультацыю. Тэмы бацькоўскіх сходаў, кансультацый адлюстраваны ў гадавым плане работы настаўніка-дэфектолага.
Вопыт работы паказвае, што кансультацыі трэба будаваць так, каб яны не былі фармальнымі, нуднымі і павучальнымі, а ўтрымлівалі патрэбны бацькам пэўны матэрыял практычнага характару. Найбольш актуальныя тэмы для кансультацый, якія цікавяць бацькоў нашых выхаванцаў: “Развіццё гаворкі дзяцей ранняга ўзросту”, “Як навучыць малога запамінаць вершы”, “Як і што чытаць дзецям з маўленчымі парушэннямі”, “Маўленчыя гульні дома”, “Як сачыць за аўтаматызацыяй гукаў у дамашніх умовах”, “Артыкуляцыйная гімнастыка”, “Развіццё дробнай маторыкі”, “Маўленчая гатоўнасць дзіцяці да навучання ў школе”. Да некаторых кансультацый падбіраецца спецыяльны практычны матэрыял. Так, да тэмы “Развіццё дробнай маторыкі” на выставе былі пададзены каралі, гузікі, розны прыродны матэрыял, мазаікі, алоўкі, контуры для абводкі і інш.
Каб была магчымасць асэнсаваць атрыманыя рэкамендацыі і выконваць іх, прапануем бацькам вызначаны алгарытм дзеянняў. З гэтай мэтай мы ствараем напамінкі, якія дазваляюць здзяйсняць паслядоўныя і дакладныя крокі.

Немалую ролю ў супольнай комплекснай рабоце настаўніка-дэфектолага і сям’і выконвае анкетаванне бацькоў. Асабліва эфектыўна праводзіць яго на пачатку навучальнага года. Каб адказваць на пытанні, бацькі павінны не толькі прыслухацца да гаворкі свайго дзіцяці, але і падумаць, што менавіта яно вымаўляе няправільна (гукі, словы ці фразы) і як яно іх вымаўляе. Атрыманыя анкетныя даныя кажуць пра тое, ці вядзецца ў сям’і работа па пераадоленні маўленчых хібаў і папярэджанні цяжкасцей у школьным навучанні, ці гатовы да яе бацькі, ці хочуць супрацоўнічаць з дзіцячым садам, працягваючы ўдасканальваць гаворку сваіх дзяцей.
Эфектыўная форма выяўлення дынамікі развіцця дзіцяці — правядзенне настаўнікам-дэфектолагам адкрытых заняткаў-кансультацый, практыкумаў для бацькоў, якія прадугледжваюць знаёмства са спецыяльнымі метадамі і прыёмамі карэкцыі гаворкі, назіранне за сваім дзіцем збоку, за яго поспехамі, дасягненнямі аднагодкаў, ацэнку наяўных цяжкасцей. Сумесныя заняткі спрыяюць больш адказнаму стаўленню бацькоў да выканання рэкамендацый настаўніка-дэфектолага.
Асноўная форма кантактаў з бацькамі — сшытак для дамашніх заданняў. Ён служыць своеасаблівым “тэлефонам даверу” — дарослыя могуць напісаць у ім кожнае пытанне, адзначыць заданні, якія выклікалі ў дзіцяці цяжкасці. Сшытак запаўняецца настаўнікам-дэфектолагам адзін-два разы ў тыдзень і аддаецца бацькам, каб яны маглі паўтарыць з дзецьмі вывучанае ў дзіцячым садзе, замацаваць навыкі слушнага гукавымаўлення і мелі магчымасць назіраць за дынамікай карэкцыйнага працэсу. Для дамашніх заняткаў з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту ў гэтым навучальным годзе мы паспяхова выкарыстоўваем дапаможнік У.А.Кныш, І.І.Пілот “Развіваем гаворку” ў 2-х частках, дзе пададзены гульнявыя заданні па развіцці маўлення, разумовай дзейнасці і графічных уменняў дзяцей. Бацькі адзначаюць даступнасць, нагляднасць, карысць, паслядоўнасць такой формы ўзаемадзеяння.
Вельмі важныя для бацькоў, чые дзеці наведваюць заняткі ў ПКПД, наглядныя формы ўзаемадзеяння. У гэтым сэнсе выдатна зарэкамендаваў сябе маўленчы куток “Школа правільнага маўлення”, аформлены ў нашым садку каля кабінета настаўніка-дэфектолага. Матэрыялы стэнда дазваляюць пазнаёміць бацькоў з тым, як развіваецца маўленне ў норме, якія прычыны адхіленняў у маўленчым развіцці, як праводзіцца абследаванне дзяцей з маўленчай паталогіяй, як арганізаваць заняткі з дзіцем дома. Таксама тут пададзены гульні і гульнявыя практыкаванні на фарміраванне і замацаванне розных маўленчых навыкаў, на развіццё дробнай маторыкі і маўленчага дыхання.
Дадатковую матывацыю да пераадолення маўленчых цяжкасцей у дзяцей і іх бацькоў фарміруе стэнд “Дошка гонару”, дзе змешчаны фатаграфіі дзяцей, якія выправілі свае маўленчыя парушэнні. На стэндзе зроблены наступны надпіс:
Шаноўныя дарослыя! Любыя дзеці!
Зірніце на фатаграфіі гэтыя!
Дзеці вучыліся старанна
І зараз гавораць выдатна!
Дзеці часта пытаюць: “А нашы фатаграфіі таксама будуць тут?” “Абавязкова! — адказваю я. Толькі трэба імкнуцца!”
Такім чынам, істотную ролю ў дзейнасці настаўніка-дэфектолага выконвае актыўны ўдзел сям’і ў карэкцыйна-выхаваўчым працэсе, бо найлепшыя вынікі дасягаюцца там, дзе настаўнік-дэфектолаг і бацькі дзейнічаюць разам.

Наталля АЛТЫНАВА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 5 Слоніма.