Падарожжа за Палярным кругам

Турызм — кароткае слова з шасці простых літар. Пачуўшы яго, адразу ўспамінаеш адпачынак на моры побач з сябрамі або сям’ёй. Часцей за ўсё ўяўленне малюе лета, радзей — зімовы гарналыжны пейзаж. І ўжо зусім рэдка хто бачыць у гэтым шматгранным слове паход пад цяжкімі рукзакамі, ды яшчэ ў далёкіх гарах, ці сплаў па бурных рэках. Ёсць сярод нас і такія, якіх яшчэ можна назваць рамантыкамі, якія, нягледзячы на цяжкасці і на капрызы надвор’я, крочаць наперад за незабыўнымі ўражаннямі.

Вось і ў гэтым годзе дзве групы навучэнцаў і група педагогаў аддзела турызму, краязнаўства і экскурсій Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі здзейснілі турыстычныя паходы першай і другой катэгорыі складанасці, ды не дзе-небудзь, а за Палярным кругам, на Кольскім паўвостраве, у Хібінскім горным масіве.
Наша падарожжа доўжылася 10 дзён. Група ў складзе навучэнцаў турыстычных аб’яднанняў па інтарэсах на базе Полацкага кадэцкага вучылішча, Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 6 прыбылі ў Мурманск. Першай нечаканасцю для нас быў водар бэзу на гарадскіх вуліцах. Незабыўны водар, якім напаўняліся полацкія двары ў маі, сюды прыйшоў толькі ў разгар лета. Яшчэ мы змаглі пабываць на атамным ледаколе “Ленін”. З 2009 года легенда арктычнага флоту стаіць на прыколе каля марскога вакзала і цяпер ужо мае статус міжнароднага музея. На высокай сопцы над усім горадам узвышаецца помнік “Абаронцам савецкага Запаляр’я”. Адсюль адкрываецца незабыўны від на горад з яго портамі і на большую частку Кольскага заліва. Здзейсніўшы экскурсію па горадзе-героі Мурманску, мы адправіліся да месца старту нашага паходу — станцыі Імандра. На сённяшні дзень у населеным пункце пражывае 18 чалавек, і з усіх дарог ёсць толькі чыгунка, але затое летам сюды прыязджае шмат турыстаў, сярод якіх аказаліся і мы.
На шляху да першага месца стаянкі для нас яшчэ адной нечаканасцю стала тое, што вада з горнай ракі, каля якой мы спыніліся, настолькі чыстая, што яе можна піць без тэрмічнай апрацоўкі. І, вядома, вельмі цяжка першы час было прывыкнуць да палярнага дня — калі ў 3 гадзіны ночы светла, як у нас у 19.00, таму ў першую ноч сон прыйшоў да ўсіх далёка за поўнач.

А далей пачаўся паход, які складаўся з цяжкіх пераходаў і радасці ўзыходжання на перавалы, пераправы праз рэчкі з ледзяной вадой і летнія гульні ў снежкі на перавале Заходняе Арсеннева. Праходжанне расколіны Аку-Аку запомнілася не толькі чысцюткай вадой маленькага возера, але і найпрыгажэйшымі скальнымі схіламі — як быццам з фантастычнага фільма пра іншыя планеты. Перавал Паўднёвы Чаргор запомніўся пераадоленнем стромкага каменнага схілу, на турысцкім слэнгу названага “курумнікам”, або спускам па ледавіку і “сыпусе”.
На жаль, не абышлося без мазалёў, таму звязку перавалаў Заходні і Усходні Петрэліус з траверсам схілу гары прайшлі не ўсе. Зіма ў Хібінах у гэтым годзе была зацяжная, таму на ўсіх перавалах, дзе мы праходзілі, ляжаў снег, што ўскладняла наш паход. Вельмі ўзбадзёрыла купанне ў вадаспадзе на рацэ Рыс’ёк. На базе ратавальнікаў “Куэльпор” пры ўваходзе стаяць слупы з таблічкамі на якіх — назвы гарадоў і клубаў турыстаў, што пабывалі тут, і нам было вельмі прыемна ўбачыць такія родныя назвы, як Полацк і Наваполацк.
З кулінарных вынаходстваў падчас паходу варта адзначыць марожанае, прапанаванае на перавале Паўночны Рысчор, якое было прыгатавана са снегу, згушчонкі і сухафруктаў.
Камары і машкара не прынеслі нам асаблівых клопатаў, бо іх было не больш, чым у Беларусі. Амаль увесь паход надвор’е стаяла цёплае і сонечнае, толькі ў канцы прыйшлі дажджы і холад, і пакідалі мы горы, хлюпаючы па лужынах мокрымі чаравікамі.

Як запамінаецца першая сустрэча з морам, гэтак жа ўразаецца ў памяць першая сустрэча з гарамі. Я думаю, што яшчэ доўга будуць помніцца горы, якія ты бачыш з раніцы і да раніцы, шум ракі і смак чыстай вады, аблокі, да якіх можна дацягнуцца рукой, і прасторы тундры, якія бачны з перавалаў.
І вось — вяртанне дадому, жаданая сустрэча з роднымі і сябрамі і, вядома, невялікі сум аб тым, што паход скончыўся. Што Саша Ульскі, ён жа Саша Ціхі, Дзіма Чура, ён жа Дзімон, Валера Касьмін, ён жа Варэла, зноў стануць курсантамі Полацкага кадэцкага вучылішча. Данік Кірпічонак — навучэнцам гімназіі № 1, Насця Сіўкова вернецца ў родную сярэднюю школу № 6. Саша Пракоф’еў, ён жа Палыч, будзе навучэнцам ліцэя, Віталік — Віталем Дзмітрыевічам Прыстрэльскім, а Цар зноў стане Юрыем Антонавічам. Кожны вернецца ў звыклае жыццё і будзе марыць аб новых падарожжах, новых сустрэчах і новых сябрах.
Дзякуй усім удзельнікам паходу за тое, што ў гэтыя летнія палярныя дні мы доўга былі разам і не надакучылі адно аднаму, за сумесныя песні пад гітару і за тое, што заўсёды дапамагалі таму, хто побач.
А яшчэ дзякуй бацькам нашых юных турыстаў за тое, што яны знайшлі магчымасць і сродкі на такі нятанны актыўны адпачынак для сваіх дзяцей, а таксама аддзелу адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама за аказаную падтрымку ў афармленні дакументаў на выезд групы, забеспячэнні харчавання і транспарту.

Юрый УЛАСЕВІЧ,
кіраўнік паходу, педагог дадатковай адукацыі
Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.