Пад гукі ліверпульскага вальса

Гомельскія выпускнікі зараз не толькі рыхтуюцца да здачы выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, але і старанна спасцігаюць асновы вальса. Штогод вясной у горадзе праводзіцца конкурс на лепшае выкананне вальса выпускнікамі школ. Мэтай конкурсу з’яўляецца эстэтычнае выхаванне і фарміраванне мастацкага густу моладзі, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў і прафесійнае ўдасканаленне педагогаў.

Выпускнікі сярэдняй школы № 8 пяты год запар займаюць прызавыя месцы спачатку на раённым, а затым і на гарадскім этапе конкурсу. У гэтым годзе IX гарадскі конкурс праходзіў пад назвай “Вальс не ведае межаў”. Калектыў нашай школы выканаў вальс на музыку Мішэля Леграна “Шэрбурскія парасоны” і заваяваў 1-е месца. Журы адзначыла высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, артыстызм, музычнасць, выразнасць, яркую пастаноўку нумара, прыгожыя касцюмы, мастацкі і рэжысёрскі ўзровень пастаноўкі, балетмайстарскі пошук. У мінулым годзе “Майскі вальс” быў прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Наша школа таксама была ў лідарах.

Падрыхтоўка да ўдзелу ў танцавальным конкурсе пачынаецца яшчэ з першых дзён верасня. Малады, але ўжо дасведчаны педагог дадатковай адукацыі Марыя Алыева арганізоўвае вучняў 10 і 11 класаў у аб’яднанне па інтарэсах “Танцавальны час”. Дні і месяцы ўпартай працы не праходзяць дарэмна. І яшчэ ўчора няўклюдныя хлапчукі і дзяўчынкі пачынаюць слізгаць па паркеце пад гукі ліверпульскага вальса.

Навучанне вальсу праводзіцца не толькі для ўдзелу ў конкурсе, але і для таго, каб выпускны вечар для школьнікаў ператварыўся ў сапраўдны баль, а яны сталі яго галоўнымі героямі.

У гэтым навучальным годзе рады аматараў вальса папоўніліся навучэнцамі 4-х класаў. Будучых пераможцаў трэба гадаваць з юных гадоў. Спадзяёмся, праз 6—7 гадоў яны, як і іх старэйшыя таварышы, будуць заваёўваць танцавальную пляцоўку.

Вера ЛІВАНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Гомеля.