Па жыцці творча і “тэхнаІнтэлектуальна”

У канцы студзеня Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі пад агульным кіраўніцтвам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і ў цесным супрацоўніцтве з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны правялі адкрыты абласны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”.

Мэта конкурсу — актывізацыя дзейнасці тэхнічных і даследчых маладзёжных аб’яднанняў, навуковых аб’яднанняў навучэнцаў і іншых форм дадатковай адукацыі, папулярызацыя навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, выяўленне найбольш здольных і адораных. Удзел у названым конкурсе — гэта магчымасць для дзяцей праявіць свае творчыя здольнасці, рэалізаваць навуковыя і пазнавальныя інтарэсы, закласці падмурак сваёй будучай вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі і працы ў той галіне, якая іх цікавіць.
Канкурсанты ва ўзросце 14—18 гадоў рашалі фізічныя задачы і прымалі актыўны ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі, якая праводзілася ў 6 секцыях па розных напрамках тэхнічнай творчасці, а таксама праявілі сябе ў такіх напрамках, як малюнак, жывапіс, кампазіцыя.
Больш за 100 юных даследчыкаў, канструктараў і творчых натур Гомельшчыны — пераможцы і прызёры раённых, гарадскіх, абласных конкурсаў і алімпіяд, найбольш актыўныя члены тэхнічных аб’яднанняў па інтарэсах, якія праявілі здольнасці ў мадэляванні, канструяванні, у рашэнні тэхнічных задач, навучэнцы, якія маюць схільнасці да навукова-даследчай і эксперыментальнай дзейнасці, — прадэманстравалі свае таленты ў поўнай меры. Таксама ўдзельнікі конкурсу змаглі наведаць выставу тэхнічнай, мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “З творчасцю па жыцці”, прысвечаную 85-годдзю дзіцячай тэхнічнай творчасці.
Абсалютнымі пераможцамі XVI адкрытага абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект” прызнаны: выхаванец Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Яўген Ельнікаў (1 месца), навучэнец сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава Дзмітрый Амялюсік (2 месца), навучэнка гімназіі № 56 Гомеля Кацярына Шылоўская (3 месца). У камандным першынстве пераможцай стала каманда ўдзельнікаў устаноў адукацыі Цэнтральнага раёна Гомеля. На 2 месцы — каманда Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, на 3 месцы — каманда Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і каштоўнымі прызамі Гомельскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” і Гомельскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Наталля АЛЬХОВА,
загадчык інструктыўна-метадычнага аддзела
Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.