Па заслугах і ўзнагарода

У сродках масавай інфармацыі няспынна гаворыцца пра крызіс сям’і, пра праблемы, звязаныя з гэтым. Канстатуюць рост колькасці разводаў, няпоўных сем’яў, абортаў, суіцыдаў. Выхад з крызісу інстытута сям’і шукаюць і дзяржаўныя, і грамадскія арганізацыі, і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва.

Пакуль рыхтуюцца аналітычныя справаздачы, праводзяцца канферэнцыі і семінары, ідуць дэбаты ў глабальных маштабах, хтосьці, на шчасце, штодзённа, упарта, з аптымізмам і верай у лепшую будучыню працуе з маладымі сем’ямі, выхоўвае дашкалят. Такім чалавекам з’яўляецца і Наталля Васільеўна Цімашэнка, загадчыца ясляў-сада № 170 ААТ “Ратон”, якая ў цэнтр адукацыйнага працэсу ставіць спачатку сям’ю, а потым дзіця-дашкольніка.
Дзясяты год узначаленая ёю ўстанова адукацыі выхоўвае дашкалят на праваслаўных традыцыях беларускага народа, разам з тым прывіваючы сем’ям традыцыйныя духоўныя каштоўнасці. Ідзе бесперапынны пошук цікавых для сучаснага чалавека форм работы, ды так, што ў дзіцячы сад № 170 з ахвотай і жаданнем ідуць перш за ўсё бацькі. Менавіта тут яны пачынаюць спасцігаць сем’язнаўства, асновы хрысціянскіх векавых традыцый, народнай педагогікі і псіхалогіі. Вось толькі некаторыя з тэм работы сямейных клубаў, школ, лекторыяў: “Сямейная дыпламатыя”, “Бацькава навука”, “Сям’я талентамі багата”, “Азбука сямейнага дабрабыту”, “Часоў злучальная нітка” і іншыя.
Дзе яшчэ, як не ва ўстанове адукацыі, на адным мерапрыемстве ёсць верагоднасць пагутарыць з юрыстам, псіхатэрапеўтам, святарамі, насельнікамі манастыра, доктарам-педыятрам? Менавіта ў дзіцячым садзе, дзе выхоўваюцца іх дзеці, бацькі становяцца ўдзельнікамі дабрачынных акцый, акцёрамі, кулінарамі, суаўтарамі брашур, карэспандэнтамі бацькоўскай газеты, пераможцамі і лаўрэатамі разнастайных конкурсаў. На вачах дзіцяці загадчыца ўручае адным з бацькоў падзячны ліст або прызы і падарункі, тут жа мнагадзетным сем’ям перадаецца дабрачынная дапамога, узнагароды, што таксама немалаважна ў рабоце з сям’ёй. Дзякуючы ініцыятыве Наталлі Васільеўны, адроджана традыцыя сумеснай дзейнасці дарослых і дзяцей.
2010 год быў адзначаны стварэннем бацькоўскага клуба “Я — тата”, які ўпершыню ў рэспубліцы ўзначаліў праваслаўны святар айцец Мікалай (Кадацкі). Мэта яго работы — павышэнне статусу бацькі ў выхаванні дзіцяці. Не сакрэт, што сучасны тэмп жыцця, арыентаваны на здабыванне матэрыяльных каштоўнасцей або на выжыванне, дае памылковыя ўстаноўкі ў разуменні ролі таты. За тры з паловай гады работы клуб “Я — тата” стаў не проста папулярным і запатрабаваным у соцыуме, але і абзавёўся шматлікімі паслядоўнікамі ў адукацыйнай прасторы нашай краіны.
Не менш цікава праходзіць на базе ясляў-сада № 170 работа “Мамінай школы”, агульнасямейнага клуба “Лад”. Уся дзейнасць дзіцячага сада з сям’ёй — вынік рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі ў гэтай установе, работа якой была высока ацэнена міжнародным дабрачынным фондам “Сям’я — Яднанне — Айчына”, а загадчыца дзіцячага ясляў-сада № 170 Н.В.Цімашэнка за высокае служэнне справе духоўнага адраджэння Айчыны была ўзнагароджана медалём “За заслугі”, заснаваным фондам.
Работнiкi вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама каля дваццаці гадоў прадукцыйна супрацоўнічаюць з Наталляй Васільеўнай і ўпэўнены ў невычэрпным творчым патэнцыяле гэтага кіраўніка. Мы падзяляем яе радасць, дзякуем за сумесную работу і сардэчна віншуем з заслужанай узнагародай!

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму
Гомельскага гарвыканкама.