“Па старонках школьнага альбома…”

Пад такой назвай праходзіла ўрачыстае святкаванне 40-гадовага юбілею сярэдняй школы № 132 Мінска. Сярод ганаровых гасцей, якія прыйшлі павіншаваць настаўнікаў і вучняў установы адукацыі, былі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска А.В.Мазуркевіч, 1-шы сакратар Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь А.Кейнан, старшыня Фрунзенскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.Л.Берасцевіч, рэктар МАІРА С.У.Сітнікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 4-га склікання В.М.Лукашонак, намеснік старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый і абшчын старшыня ўпраўлення дабрачыннага фонду “Хэсэд-Рахамім” У.Л.Чарніцкі.

Усім прысутным на свяце было вельмі прыемна прыгадваць, абмяркоўваць шчаслівыя, хвалюючыя моманты школьнага жыцця, гартаючы ўяўныя старонкі школьнага альбома, вітаць былых дырэктараў установы адукацыі Т.В.Недасеку (з 1989 па 2005 год), А.І.Гарус (з 2005 па 2012 год), настаўнікаў, ветэранаў педагагічнай працы. З музычнымі нумарамі, гімнастычнымі эцюдамі, гумарыстычнымі вершамі і сцэнічнымі мініяцюрамі са школьнага жыцця выступалі вучні і настаўнікі школы, харэаграфічны ансамбль МДПДіМ “Апельсін” (мастацкі кіраўнік Т.Варушчанка).
40 гадоў — дастаткова вялікі тэрмін, але многае засталося ў нашай памяці і стала гісторыяй. 1 верасня 1974 года школа прыняла сваіх першых вучняў. Першым дырэктарам школы была Л.І.Герчык. Менавіта ў тыя гады фарміраваўся дружны педагагічны калектыў школы, ішло станаўленне прафесійнага майстэрства маладых настаўнікаў. У 1993 годзе рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў сярэдняй школе № 132 Мінска былі адкрыты класы з вывучэннем іўрыта, яўрэйскай літаратуры, культуры і традыцый яўрэйскага народа.
У 1999 годзе быў падпісаны дагавор паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Дзяржавай Ізраіль аб рэалізацыі адукацыйнай праграмы “Хэфцыба” для класаў з вывучэннем іўрыта. Асноўныя палажэнні праграмы былі ўзгоднены з адміністрацыяй Фрунзенскага раёна Мінска і Міністэрствам асветы Дзяржавы Ізраіль.
Сёння школа з’яўляецца не толькі адукацыйным, але і культурным цэнтрам зносін. У адпаведнасці з традыцыямі яўрэйскага народа, у школе праводзяцца нацыянальныя святы: яўрэйскі Новы год, Ханука, карнавал Пурым, Песах, свята ўраджаю Сукот, свята дрэў Ту бі-Шват, Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.
Вось ужо другі год дырэктарам у школе працуе Марына Аляксееўна Брыч — чалавек энергічны, які бачыць перспектывы развіцця нашай установы адукацыі, прыкладае ўсе намаганні для таго, каб стварыць станоўчы імідж нашай школы, працягваючы лепшыя традыцыі, закладзеныя ў папярэднія гады.
Сярэдняя школа № 132 Мінска супрацоўнічае з сусветнай арганізацыяй “ОРТ”, Міжнародным цэнтрам “Халакост”, умацоўвае і развівае сувязі з Ізраілем. Вучні школы актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць у міжнародных конкурсах. У школе дзейнічае інтэлектуальны клуб “Што? Дзе? Калі?”. Педагогі працуюць па створаных і ўзгодненых Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праграмах па вучэбных прадметах “Іўрыт” і “Яўрэйская літаратура” (іх аўтарамі з’яўляюцца Л.С.Айнбіндар, М.А.Журына), а таксама па курсе “Гісторыі яўрэйскага народа” П.У.Якубовіча. Настаўнікі бяруць удзел у семінарах, якія праводзяцца Міністэрствам адукацыі, культуры і спорту Ізраіля. Мы можам з гордасцю прасачыць геаграфію гэтых паездак: Кіеў, Масква, Адэса, Іерусалім, Санкт-Пецярбург, Тракай.
Навучэнцы 10 класаў удзельнічаюць у міжнародных праектах, самы яркі з якіх “Маса Шарашым” (“Карані”), дзеці вывучаюць гісторыю сваёй сям’і, яўрэйскай абшчыны Мінска ў міжнародным маштабе, у гістарычным ракурсе. У рамках гэтай праграмы навучэнцы наведалі Украіну, Літву, Польшчу, Ізраіль.
Напісана яшчэ адна старонка школьнага жыцця, перагорнута чарговая старонка нашага альбома. Сучасную гісторыю нашай школы ствараць нам, настаўнікам, і будучым выпускнікам.

Наталля ЕРАШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 132 Мінска.