Па хвалях да перамогі

“Зрабі сабе каўчэг з дрэва гафер; аддзяленні зрабі ў каўчэгу і асмалі яго смалою ўнутры і звонку. І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў… І павінен ён мець тры днішчы”. Так, паводле Бібліі, павінен быў выглядаць Ноеў каўчэг, першае судна ў гісторыі чалавецтва.

Суднабудаванне — адна з найстаражытнейшых галін прамысловасці. Пачатак яго аддзелены ад нас дзясяткам тысячагоддзяў. Гісторыя караблебудавання цягнецца ад з’яўлення першых плытоў і лодак, выдзеўбленых з цэлага бервяна, да сучасных прыгажуноў-лайнераў і ракетных караблёў.
На базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі адбылося адкрыццё абласных спаборніцтваў па суднамадэльным спорце. Мэта гэтага мерапрыемства — развіццё і папулярызацыя тэхнічных відаў спорту сярод дзяцей і моладзі, далучэнне моладзі да заняткаў суднамадэльным спортам, фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця любові і павагі да сваёй Радзімы, імкненне прымножыць аўтарытэт краіны праз уласныя дасягненні ў галіне тэхнічнай творчасці.
Спаборніцтвы праводзіліся ў пяці класах мадэляў караблёў даўжынёй да 600 міліметраў: копіі ваенных караблёў, копіі грамадзянскіх суднаў, мадэлі падводных лодак, мадэлі караблёў свабоднай канструкцыі і мадэлі з пластмасавага набору. У спаборніцтвах удзельнічалі восем каманд Віцебска і Віцебскай вобласці. Усім удзельнікам спаборніцтваў была дадзена магчымасць адчуць сябе і мараплаўцам, і караблебудаўніком, абмяняцца вопытам у пабудове мадэлі, праверыць свае сілы ў навыках кіравання караблём. А гэтаму папярэднічала вялікая і карпатлівая работа. Бо для таго, каб пабудаваць нават простую мадэль, неабходны не толькі тэарэтычныя веды па суднамадэлізме, але і ўменне працаваць самым разнастайным інструментам пры вырабе неабходных прыстасаванняў, чытаць чарцяжы; веданне матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць для вырабу той ці іншай дэталі. Чым больш складаная мадэль, тым больш у яе падабенства са сваімі вялікімі “сваякамі”, якія перасякаюць моры і акіяны. Мадэль-копія не толькі знешне падобная да свайго прататыпа, але і падпарадкоўваецца такім жа фізічным законам. Неаднаразова пры стварэнні мадэляў суднамадэлісты знаходзілі арыгінальныя тэхнічныя рашэнні, якія потым выкарыстоўваліся пры будаўніцтве сапраўдных суднаў.
Захапляльнымі і відовішчнымі сталі моманты спаборніцтваў, дзе правяраліся хадавыя якасці мадэляў. Кампетэнтная судзейская калегія вызначыла наймацнейшых спартсменаў, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і дыпломамі Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Каманды, якія занялі прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў і кубкамі. Першае агульнакаманднае месца заняла каманда Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, 2 месца — каманда Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Барані. 3 месца — у каманды Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Ганаровай граматай узнагароджаны Аляксей Афанасьевіч Старасцін, кіраўнік каманды, якая заняла ў агульнакамандным заліку 1 месца.

Таццяна КАЛЕСНІКАВА,
загадчык сектара спартыўна-тэхнічнай творчасці
Віцебскага абласнога палаца 
дзяцей і моладзі;
Барыс ДУШУК,
метадыст Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.