Нясумны Дзень здароўя

Штоквартальна ў нашым дашкольным Цэнтры развіцця дзіцяці праходзяць Дні здароўя. Вось і нядаўна “Нясумны Дзень здароўя” аб’яднаў усіх — супрацоўнікаў, бацькоў і выхаванцаў. З самага ранку ў фае гучала вясёлая музыка, дзяцей і бацькоў сустракаў гарэзлівы Мішка-Алімпішка, які ўручаў запрашэнні на алімпійскія гульні.

Пасля ранішняй гімнастыкі для дашкалят, якая праходзіла ў нетрадыцыйнай форме (“Звяробіка”), прыйшла чарга дарослых. Для іх кіраўнік фізічнага выхавання А.М.Ламашкевіч распрацавала комплекс рытмічнай гімнастыкі. Працягнулі Дзень здароўя заняткі па навучанні дзяцей навыкам здаровага ладу жыцця (“Падарожжа ў Краіну здароўя”, “Маё здароўе — маё багацце”), фізкультурныя заняткі (з выкарыстаннем разнастайных атрыбутаў, нестандартнага фізкультурнага абсталявання, батутаў). Разам з Мішкам-Алімпішкам дзеці пачаставаліся вітаміннай садавіной.Для педагогаў быў арганізаваны семінар-практыкум “Здаровы лад жыцця ў дзіцячым садзе і сям’і”, на якім абмяркоўваліся кірункі гарантавання псіхалагічнай бяспекі дзіцяці, выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій у адукацыйным працэсе, формы работы з сям’ёй па далучэнні да здаровага ладу жыцця.
Адбылася прэзентацыя першага выпуску газеты “Дашкольны экспрэс”, прысвечанай арганізацыі работы ўстановы па далучэнні дзяцей да здаровага ладу жыцця.
Завяршыўся “Нясумны Дзень здароўя” алімпійскімі гульнямі. Былі выкананы ўсе алімпійскія традыцыі, як на сапраўдных гульнях, — урачыстае адкрыццё, шэсце каманд-удзельніц, узняцце алімпійскага сцяга, унясенне факела з алімпійскім агнём. Дзве каманды, “Конікі” і “Мядзведзі”, пасля ўрачыстай клятвы прыступілі да спаборніцтваў у розных відах спорту. “Лёгкая атлетыка”, “Тэнісісты”, “Хакеісты”, “Біятлон”, камбінаваная эстафета — дашкаляты з поспехам прайшлі ўсе алімпійскія выпрабаванні. Балельшчыкі таксама не заставаліся ўбаку — удзельнікі спаборніцтваў пастаянна адчувалі іх падтрымку.
Па выніках гульняў перамагла каманда “Мядзведзі”, але, па рашэнні суддзяў, “залатыя” медалі былі ўручаны ўсім удзельнікам. Падчас ўзнагароджвання член судзейскай калегіі інструктар-метадыст Свіслацкай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву А.А.Валынчык адзначыў у дзяцей волю да перамогі і імкненне да дасягнення высокіх вынікаў і выказаў надзею, што зусім хутка ўбачыць цяперашніх удзельнікаў алімпіяды ў спартыўнай школе. З яе сцен выйшлі многія заслужаныя спартсмены, якімі па праве ганарыцца не толькі Свіслаччына, але і Беларусь, — Яніна Карольчык, Аляксандр Саўко, Барыс Грынкевіч і інш.
Зусім мала часу застаецца да сусветных летніх Алімпійскіх гульняў. А першыя алімпійскія гульні ў нашым цэнтры завяршыліся агульным выйгрышам — дзеці і дарослыя пасябравалі са спортам і здароўем.

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.