Новы час — новыя падыходы

У Гродзенскім раёне летам гэтага года працавала 50 аздараўленчых лагераў, у іх адпачылі 2340 дзяцей: 980 — у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем і 1360 дзяцей — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Звыш 1000 дзяцей прыняў лагер “Сузор’е”, дзе была арганізавана і чацвёртая профільная змена “Наперад у мінулае!” для падлеткаў 15—17 гадоў.
Аб арганізацыі працы адной з лепшых летніх аздараўленчых устаноў рэспублікі і сістэме летняга адпачынку мы гутарым з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Аляксандрай ЦЫДЗІК.

— Аляксандра Аляксандраўна, на працягу апошніх шасці гадоў “Сузор’е” нязменна з’яўляецца пераможцам у рэспубліканскім конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер у розных намінацыях. Што спрыяе такім дасягненням?
— У красавіку 2008 года аздараўленчы лагер “Сузор’е” быў перададзены аддзелу адукацыі Гродзенскага райвыканкама і стаў цэнтрам аздараўлення дзяцей у раёне. Лагер карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі сярод дзяцей Гродзенскага раёна, але і сярод школьнікаў іншых раёнаў вобласці, першыя заяўкі на адпачынак у ім паступаюць ужо ў студзені.Запатрабаванасць лагера сярод дзяцей, станоўчыя водгукі бацькоў аб аздараўленчым эфекце пасля знаходжання ў лагеры стымулююць нас выкарыстоўваць інавацыйныя падыходы ў арганізацыі аздараўлення згодна з сучаснымі патрабаваннямі і запытамі. У сувязі з гэтым актуальным для нас з’яўляецца стварэнне максімальна камфортных і бяспечных умоў для знаходжання дзяцей у лагеры, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Гродзенскі раённы выканаўчы камітэт штогод аказвае істотную падтрымку ў развіцці рэгіянальнай сістэмы аздараўлення і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аздараўленчых арганізацый. Штогод, згодна з рашэннем Гродзенскага райвыканкама, прадпрыемствы і арганізацыі Гродзенскага раёна аказваюць спонсарскую дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў або рамонтных работ пры падрыхтоўцы лагера “Сузор’е” да аздараўленчага сезона. У 2015 годзе на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы лагера выдаткавана 400 млн рублёў з раённага і абласнога бюджэту.
Толькі ў гэтым годзе зроблены рамонт санвузлоў і душавых, абсталяваны і адрамантаваны пакоі для сушкі абутку і адзення, заменены шафы на ўбудаваныя шафы-купэ, устаноўлены інфрачырвоныя абагравальнікі на столь у жылым корпусе № 4, адрамантаваны пешаходныя дарожкі, зроблены капітальны рамонт медыцынскага ізалятара, устаноўлены новыя паркавыя лаўкі.

— Бяспека дзяцей і персаналу таксама важнае пытанне.
— Так, стварэнню бяспечных і камфортных умоў знаходжання дзяцей удзяляецца асаблівая ўвага. У лагеры ўстаноўлена сістэма відэаназірання, ёсць уласная ахова, дзяжурыць міліцыянер, арганізавана дзяжурства выхавальнікаў у вячэрні і начны час. Для выхавальнікаў набыты мабільныя тэлефоны, па якіх бацькі могуць звязацца і з выхавальнікамі, і з дзецьмі, задаць пытанні.

— Але толькі спалучэнне добрых матэрыяльных умоў і выхаваўчай работы, умоў для ўсебаковага развіцця дзяцей дае добры вынік.
— Асаблівы наш гонар — гэта традыцыі і педагагічны калектыў лагера. Працэс падрыхтоўкі выхавальнікаў, распрацоўка выхаваўчых праграм пачынаецца задоўга да пачатку летняга сезона. Перавага аддаецца творчым педагогам, якія маюць вопыт работы з дзецьмі. Кожная змена — тэматычная. Акрамя асноўнага праекта лагера, кожнае дзіця можа паўдзельнічаць у цэлым шэрагу адукацыйна-выхаваўчых міні-праектаў. У 2015 годзе рэалізоўваліся праекты “Мы памятаем! Мы ганарымся!”, “Таямнічы востраў Здароўя”, “Экалагічны экспрэс” і “Наперад у мінулае!”.
За гады існавання аздараўленчы лагер “Сузор’е” зарэкамендаваў сябе не толькі як цэнтр аздараўлення дзяцей у раёне, але і як месца правядзення раённых і абласных мерапрыемстваў. На базе лагера праведзены зборы выхаванцаў трох спартыўных школ, прайшоў VI Саміт школьных сістэм самакіравання “Садружнасць”, на якім прысутнічалі школьнікі з Расійскай Федэрацыі, міжнародны конкурс духавых аркестраў “Фанфары сяброў”.
У гэтым годзе ў “Сузор’і” адпачылі 10 дзяцей з Украіны. Тут працаваў атрад “Навука” для адораных вучняў.

— Лагер “Сузор’е” стаў месцам адпачынку і для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Раскажыце, як арганізавана работа з імі?
— У мінулым годзе ўпершыню ў Гродзенскім раёне было арганізавана аздараўленне шасці дзяцей з АПФР у суправаджэнні бацькоў. З 6 дзяцей чацвёра з’яўляліся інвалідамі-калясачнікамі. Знаходжанне ў лагеры бацькоў гэтай катэгорыі дзяцей фінансавалі Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў Гродзенскага раёна.
У летні перыяд 2015 года было арганізавана аздараўленне 5 дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні бацькоў. У сувязі з гэтым важнай умовай для камфортнага знаходжання такіх дзяцей у лагеры стала стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Для гэтага перароблены ўваходныя дзверы, на першых паверхах пашыраны дзвярныя праёмы, устаноўлены тры пандусы ў карпусы і сталовую.
Былі створаны ўмовы і для самарэалізацыі дзяцей-інвалідаў. Дзеці ўдзельнічалі ў мерапрыемствах нароўні з аднагодкамі, у гульнях і конкурсах змаглі праявіць свае веды і лепшыя якасці. Падчас адпачынку іх наведвалі валанцёры Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якія праводзілі мерапрыемствы, накіраваныя на адаптацыю дзяцей-інвалідаў у калектыве аднагодкаў.

— У Гродзенскім раёне захавалася традыцыя штогод у летні перыяд адкрываць на базе школ лагеры працы і адпачынку. Як яны працавалі гэтым летам?
— Лагеры працы і адпачынку дзейнічаюць у раёне больш за 12 гадоў, з 2012 года арганізавана супрацоўніцтва з лясніцтвамі Гродзенскага раёна. У летні перыяд 2015 года дзейнічалі тры лагеры працы і адпачынку на базе СВК, два — на базе лясніцтваў.

— Аб якіх асаблівасцях аздараўленчай кампаніі гэтага года вы маглі б яшчэ сказаць?
— У раёне выкарыстоўваюцца розныя формы адпачынку і аздараўлення дзяцей. Напрыклад, навучэнцы Сапоцкінскай і Раціцкай сярэдніх школ, якія наведваюць аб’яднанне “Юны пагранічнік”, атрымалі магчымасць апрабаваць свае веды на практыцы ў абаронна-спартыўных лагерах, арганізаваных на базе пагранічных застаў.
У Верцялішкаўскай сярэдняй школе працаваў прышкольны лагер, які наведвалі 17 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (з 30 дзяцей). План выхаваўчай работы ў лагеры меў прафарыентацыйную накіраванасць і быў накіраваны на сацыялізацыю гэтай групы дзяцей.
У залежнасці ад узросту рознымі формамі аздараўлення ахоплены ўсе дзеці, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У прышкольных лагерах аздаравіліся 97% дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і падлягаюць аздараўленню.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца аздараўленню дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У гэтым годзе гэта 108 дзяцей.

— Ці аказваецца матэрыяльная дапамога пры аздараўленні дзяцей?
— Рашэннем Гродзенскага райвыканкама прадугледжана даплата да поўнага кошту пуцёвак для дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з мнагадзетных сем’яў і тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама зніжэнне кошту пуцёвак для дзяцей работнікаў бюджэтных арганізацый Гродзенскага раёна ў памеры дзвюх базавых велічынь. На зніжэнне кошту пуцёвак у аздараўленчыя лагеры ў 2014 годзе з раённага бюджэту было выдзелена 177 млн рублёў, у 2015 годзе — ужо 230 млн рублёў.

— Аляксандра Аляксандраўна, дзякуй за размову і апошняе пытанне: якім бачыцца год наступны?
— Мы перакананы, што арганізацыя якаснага адпачынку і вольнага часу дзяцей, выкарыстанне інавацыйных падыходаў пры іх азадараўленні ствараюць магчымасць выбару для дзяцей і іх бацькоў. Сёння патрэбны новыя канцэпцыі дзіцячага адпачынку: новы час — новыя каштоўнасці — новыя дзеці. Наш дэвіз: лагер — не проста дом адпачынку, а дом радасці, творчасці і натхнення!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.