Незабыўная сустрэча

Ёсць падзеі, даты, імёны, якія ўвайшлі ў гісторыю горада, краіны і нават у гісторыю ўсёй Зямлі. Пра іх пішуць кнігі, складаюць легенды, ім прысвячаюць вершы, песні. Пра іх памятаюць. І гэтая памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне і не дае адысці ў нябыт тым далёкім дням і падзеям. Адной з такіх падзей стала Вялікая Айчынная вайна нашага народа супраць фашысцкай Германіі. Памяць пра яе павінен захаваць кожны.

Напярэдадні святкавання Дня Вялікай Перамогі адбылася сустрэча навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Яфімавічам Лісоўскім, капітанам II рангу ў адстаўцы. Сустрэчу арганізавалі кіраўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі капітан I рангу ў адстаўцы У.М.Рыбалка, куратар групы № 8 С.М.Кавалёў і майстар вытворчага навучання Т.М.Варажбітава. Мерапрыемства прайшло ў вельмі цёплай, сяброўскай атмасферы.
Арганізатары падрыхтавалі выдатную праграму. Уладзімір Яфімавіч Лісоўскі расказваў пра свой жыццёвы шлях: пра тое, як у 12 гадоў ён трапіў на фронт і стаў сынам палка, як з беларускага Слаўгарада паехаў у далёкі Ленінград і паступіў вучыцца на караблебудаўніка, як стаў інжынерам-канструктарам ваенных суднаў. Увесь аповед пра той час суправаджаўся на экране тэматычнымі ролікамі, вельмі ўдала падабранымі арганізатарамі мерапрыемства. У заключэнне Уладзімір Яфімавіч узнёсла прачытаў верш пра родную Беларусь і па-майстэрску выканаў любімыя песні ветэранаў-маракоў “Запаветны камень” і “Вясёлы вецер”, пры чым апошнюю песню спявалі ўсе разам. Усіх прысутных ён павіншаваў з надыходзячым святам 70-годдзя Перамогі і пажадаў мірнага неба над нашай роднай Беларуссю. Гэта быў сапраўдны ўрок мужнасці, самаадданасці і бяспрыкладнага служэння сваёй Радзіме, свайму народу.
Хочацца спадзявацца, што гэтая сустрэча, якая падарыла нам такі зарад бадзёрасці, аптымізму і патрыятызму, не пройдзе бясследна і назаўсёды застанецца ў сэрцах дзяцей. Вось ужо сапраўды як у песні: “Не стареют душой ветераны, ветераны второй мировой”. У сваю чаргу мы гаворым ім вялікі дзякуй за тое, што яны заўсёды гатовы сустрэцца з моладдзю, каб расказаць пра перажытае. Такія сустрэчы з ветэранамі выхоўваюць патрыятызм, паважлівае стаўленне да старэйшага пакалення, выклікаюць жаданне быць карыснымі не толькі ў святочныя дні, але і ў штодзённым жыцці.

Руслана МАЦВЕЕНКА,
загадчыца аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7,
Вольга ПІРОНЕН,
метадыст ліцэя.