Невыпадковыя акцёры і гледачы

Святлана Фёдараўна Берэнт з 1994 года займаецца тэатральным выхаваннем навучэнцаў гімназіі № 1 Барысава — кіруе ўзорнай тэатральнай студыяй “Мельпамена”. Выхаванцы Святланы Фёдараўны — удзельнікі шматлікіх мерапрыемстваў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Ужо ў першы год стварэння тэатра-студыі артысты “Мельпамены” былі ўзнагароджаны граматамі гарадскога тэатральнага фестывалю за найлепшае выкананне роляў у спектаклі па п’есе Янкі Купалы “Паўлінка”. Талент педагога і рэжысёра С.Ф.Берэнт запатрабаваны пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў не толькі тэатральнай накіраванасці. Усе традыцыйныя святы, памятныя даты і ўрачыстасці ў гімназіі арганізоўваюцца пры актыўным удзеле Святланы Фёдараўны і яе выхаванцаў.

— Святлана Фёдараўна, на працягу больш як 15 гадоў студыя вынікова ўдзельнічае ў гарадскім (раённым) адкрытым фестывалі “Тэатральны марафон”. Чым здзіўлялі ў гэтым годзе?
— 2015 год — год 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму тэматыка ў нас не выклікала сумненняў: адназначна вырашылі ставіць п’есу, звязаную з тэмай вайны. “Варшаўскі набат” — трагедыя, заснаваная на рэальным лёсе польскага педагога Януша Корчака і яго выхаванцаў, якія загінулі ў Трэблінцы ў гады Другой сусветнай вайны. У нашы дні гэтая гісторыя асабліва актуальная, таму што нацызм пазіцыянуецца як папулярная культура, там і тут на планеце ўспыхваюць ваенныя канфлікты, таму такія гісторыі трэба памятаць, каб яны не паўтараліся.

— Раней вы ўжо ставілі “Варшаўскі набат”, аднак тады спектакль выконваўся ў іншым складзе?
— Так, ранейшыя пастаноўкі былі больш “дарослымі”, гучалі ў больш усвядомленым прачытанні. А сённяшні акцёрскі склад — гімназісты ад 8 да 17 гадоў. А гэта самы складаны і самы эмацыянальны ўзрост. Такога “Варшаўскага набату” вы яшчэ не бачылі.

— З чым былі звязаны складанасці?
— Тлумачыць акцёрскую задачу даводзілася літаральна кожнаму індывідуальна: акцёры рознага ўзросту, рознага ўзроўню падрыхтоўкі, з розным жыццёвым і сцэнічным вопытам… Многія з адабраных першапачаткова сышлі са спектакля: не вытрымалі эмоцый, якія прапусцілі праз сябе. Невыпадкова мы правяраем пастаноўку эпіграфам, які заканчваецца словамі: “Памятайце, калі ў вас хопіць смеласці”.

— А ў чым, на ваш погляд, асаблівасць выступлення менавіта на нашым “родным” фестывалі ў Барысаве?
— Па-першае, з году ў год мы маем магчымасць назіраць за развіццём калег, суседзяў, а гэта значыць, што і за намі назіраюць — нельга апускаць планку. Па-другое, публіка фестывалю — гэта нашы дзеці, навучэнцы нашых навучальных устаноў, з якімі мы потым бачымся кожны дзень. Гэта невыпадковы глядач, і мы заўсёды павінны мець гэта на ўвазе, рыхтуючы пастаноўку. Усё гэта павышае адказнасць і рэжысёра, і акцёраў.

— Пачынаючы з 2000 года ваш тэатральны калектыў — лаўрэат Рэспубліканскага фестывалю франкафонных аматарскіх тэатраў, які арганізоўваецца сумесна Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Пасольствам Францыі. У гэтым годзе будзеце выстаўляць конкурсны спектакль?
— Канечне! Разам з І.А.Хромавай і І.К.Макрыцкай мы адабралі п’есу П’ера Грыпары “Gouluetsoname”, з другім рэжысёрам гімназіі — В.А.Патаповіч распрацавалі на яе аснове сцэнарый “Мсье Абжыраль”. Работа над гэтым спектаклем (а гэта камедыя, лёгкі жанр) ідзе паралельна з падрыхтоўкай спектакля “Варшаўскі набат”, а гэта, калі можна сказаць, “два розныя полюсы” па змесце і па жанры. Такія ўмовы значна ўскладняюць падрыхтоўку, затое вырашэнне складаных задач прыводзіць да высокіх вынікаў: усё ж такі гэта своеасаблівая трэніроўка ў акцёрскім майстэрстве (развіваюцца эмацыянальна-валявыя якасці выхаванцаў студыі, уменне пераключацца).

— Святлана Фёдараўна, у чым вы бачыце галоўную задачу работы студыі?
— Складана вызначыць адну галоўную задачу… Для мяне прыярытэтным з’яўляецца фарміраванне светапогляду не толькі школьнікаў-акцёраў, але і школьнікаў-гледачоў, развіццё іх эмацыянальнай сферы, выхаванне сапраўдных грамадзян і патрыётаў. Вырашэнню гэтых задач спрыяюць не толькі заняткі, але і адбор матэрыялу, сістэма ўзаемаадносін, якую мы імкнёмся выбудаваць паміж удзельнікамі творчага працэсу. Большасць маіх вучняў не стане прафесійнымі акцёрамі, таму важней, якімі чалавечымі якасцямі яны ўзбагацяцца за час знаходжання ў студыі, чым якія тэарэтычныя веды або акцёрскія навыкі яны набудуць.

Ліза ЯЦУК,
навучэнка гімназіі № 1 Барысава.