Не проста прыгажуні

Вясну педагогі Наваполацка вітаюць з асаблівым настроем, творчым энтузіязмам і натхненнем, тым больш што сёлета яна была адзначана выдатнай падзеяй — конкурсам прыгажосці і творчасці “Міс адукацыя-2015”!

Сямнаццаць дзяўчат ва ўзросце да 31 года — настаўніцы пачатковых класаў, замежнай мовы, гісторыі, музыкі, выхавальніцы дашкольных устаноў, педагогі дадатковай адукацыі — сталі яго ўдзельніцамі. Конкурс праводзіўся ў рамках мерапрыемстваў Года моладзі ў Наваполацку ў мэтах прапаганды сучаснага эталона прыгажосці сярод маладых педагогаў — актыўнай, стваральнай, духоўна развітой, рознабаковай асобы, арыентаванай на поспех у прафесійнай кар’еры і асабістым жыцці. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта, Наваполацкая гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Палац дзяцей і моладзі, а яго фундатарамі сталі гарадскія арганізацыі РГА “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь”, ГА “БРСМ”, ААТ “Беларусбанк” і інш. Падтрымку конкурсу аказаў акцёр рэкламы і кіно грамадскі дзеяч Наваполацка Павел Дубрынскі.
Знаёмства з канкурсанткамі пачалося на выставе-фотаконкурсе “Стыль. Шарм. Спорт”. Усе ўдзельніцы ўмела паказалі сваю абаяльнасць і прыгажосць праз фотавобразы. Кампетэнтнае журы мастакоў-фатографаў вызначыла пераможцай намінацыі “Міс глянец” Дзіяну Качан — настаўніцу музыкі сярэдняй школы № 5. Пазнаёміцца бліжэй з удзельніцамі, даведацца аб іх дасягненнях і планах на будучыню журы і гледачы змаглі на конкурсе візітовак “Свет мой, зеркальце, скажи …”. У кожнай візітоўцы была закладзена пэўная ідэя: хтосьці прадстаўляў свой жыццёвы шлях як бегавую дарожку, нехта расказваў аб знакавых у сваім жыцці сукенках, але ва ўсіх выпадках маладыя педагогі гаварылі пра любоў да абранай прафесіі. Лепшай самапрэзентацыяй была прызнана візітная картка настаўніцы замежнай мовы і пачатковых класаў Баравухскай сярэдняй школы №15 Наваполацка Дар’і Кучаронак, якая і стала “Міс вобраз”.
На конкурсе можна было ўбачыць цікавыя дэфіле ў вячэрніх сукенках і стылі фолькмадэрн. Дзяўчаты трымаліся ўпэўнена і прыгожа, зрываючы авацыі гледачоў. Але аднаго майстэрства эфектна хадзіць па подыуме было недастаткова: перад канкурсанткамі стаяла задача прэзентаваць абсалютна новы вобраз беларусачкі. Створаныя дзяўчатамі ўборы атрымалі высокую ацэнку журы. А пераможцай намінацыі “Міс стыль” стала Настасся Іванова, настаўніца сярэдняй школы № 4. Акрамя педагагічнага таленту, удзельніцы на “Кірмашы талентаў” дэманстравалі харэаграфічнае, вакальнае, дэкаратыўна-прыкладное і кулінарнае майстэрства. Асаблівым талентам — уменнем знайсці добрага гаспадара для бяздомных жывёл — валодае настаўніца сярэдняй школы № 7 Маргарыта Брыкун, якая свой вольны час прысвячае рабоце ў аб’яднанні абароны жывёл “Сябар”. Самым яркім, складаным па выкананні прызнана выступленне культарганізатара Палаца дзяцей і моладзі Марыі Козыравай. Канкурсантцы прысвоены тытул “Міс талент”.
Шчырай удзячнасцю, хваляваннем удзельніц было прасякнута конкурснае выпрабаванне “Падарунак ветэрану”. Журы і гледачоў крануў творчы падыход удзельніц да выбару, вырабу і прэзентацыі сувеніраў (кнігі памяці, фотаальбома, падушкі, шкатулкі для лістоў, абярэга, паштовак, букетаў з цукерак, шакаладнага фотаапарата), а таксама вельмі цёплыя пажаданні маладых педагогаў ветэранам вайны. Падарункі паспелі парадаваць новапалачан і гасцей горада на выставе “Насустрач Вялікай Перамозе” ў гарадскім выканаўчым камітэце, а падчас святкавання Дня Перамогі іх уручылі ветэранам. Журы аднадушна прызнала пераможцай конкурсу “Падарунак ветэрану” Маргарыту Брыкун — яна стала ўладальніцай тытула “Міс творчасць”.
Усім вядома, што педагогі — выдатныя прамоўцы. Конкурс-экспромт “Калі б я была…” якраз і даў дзяўчатам магчымасць бліснуць сваім красамоўствам і эрудыцыяй. Нашы калегі пабывалі ў ролі мэра, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, дызайнера, экстрасэнса, мнагадзетнай маці… Тытул “Міс красамоўства” за лепшае выказванне прысвоены Святлане Бычковай, выхавальніку групы прадоўжанага дня сярэдняй школы №14.
Па выніках конкурсу кароны і тытула “Міс адукацыя-2015” удастоена Кацярына Кучарэнка, настаўніца сярэдняй школы №12 Наваполацка, — прыгажуня, абаяльны чалавек, педагог з багатым унутраным светам і высокім прафесійным патэнцыялам. Але трэба адзначыць, што ўсе канкурсанткі — лепшыя прадстаўніцы маладога пакалення сістэмы адукацыі Наваполацка, якія спалучаюць у сабе прыгажосць, розум, інтэлігентнасць і талент. Незалежна ад вынікаў выступлення ў конкурсе дзяўчаты шчыра радаваліся свайму ўдзелу ў ім. І аднагалосна адзначалі, што сваімі паспяховымі выступленнямі яны абавязаны зацікаўленасці, згуртаванасці і падтрымцы сваіх працоўных калектываў.

Наталля СЦЕГАШОВА,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму
Наваполацкага гарвыканкама.